16 ліпеня, Панядзелак
ЕВАНГЕЛЛЕ
Не мір прыйшоў Я прынесці, але меч
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Не думайце, што Я прыйшоў прынесці мір на зямлю. Не мір прыйшоў Я прынесці, але меч. Бо Я прыйшоў паставіць чалавека супраць бацькі ягонага, і дачку — супраць маці яе, і нявестку супраць свекрыві яе; і будуць ворагі чалавеку хатнія ягоныя.
Хто любіць бацьку ці маці больш, чым Мяне, не варты Мяне. І хто любіць сына ці дачку больш, чым Мяне, не варты Мяне. I хто не бярэ крыжа свайго і не ідзе за Мною, той не варты Мяне.
Хто знайшоў жыццё сваё, страціць яго. А хто стаціў жыццё сваё дзеля Мяне, знойдзе яго. Хто прымае вас, Мяне прымае. А хто прымае Мяне, прымае таго, хто паслаў Мяне. Хто прымае прарока ў імя прарока, узнагароду прарока атрымае. І хто прымае справядлівага ў імя справядлівага, узнагароду справядлівага атрымае. I хто напоіць аднаго з малых гэтых толькі кубкам халоднай вады ў імя вучня, сапраўды кажу вам, не страціць узнагароды сваёй.
Калі закончыў Езус настаўляць дванаццаць вучняў сваіх, перайшоў адтуль вучыць і прапаведаваць у іхніх гарадах.
Гэта слова Пана.
Сённяшняе Евангелле адкрывае нам эпізод, калі Езус чарговы раз павучае сваіх вучняў наконт служэння. Езус акрэслівае сваім вучням пэўную рэальнасць, каб усвядоміць сур’ёзнасць служэння. Гэта будзе шлях не зусім камфортных зносінаў, шлях канфрантацыі з людскім бязвер’ем, з людскою глухатою на праўду, на Божае Слова.
У Старым Запавеце заўважаем, што народ Ізраэльскі на працягу гісторыі сваіх адносінаў з Богам не раз вылучаўся нецярпімасцю да прарокаў. Часам ставіўся досыць варожа да прарокаў пасланых Богам, нават забіваючы іх. Народ не ўспрымаў праўду скіраваную Божымі пасланцамі, хоць прарокі паходзілі з народа і былі вядомыя Ізраэлю: ”І перасцярог Госпад Ізраэль і Юдэю праз усіх сваіх прарокаў. Яны не паслухалі, але цвёрдым зрабілі карак свой”(2 Вал 17, 13а. 14а).
Вучні, якія пайшлі за Хрыстом павінны добра сабе ўсведамляць, якую выбрылі дарогу. Езус ставіць канкрэтныя патрабаванні вучням, нагадвае, што трэба аддаць усяго сябе на абвяшчэнне Евангелля. Магчыма трэба будзе ахвяраваць нават адносіны з блізкімі, калі яны будуць нейкім чынам шкодзіць Божай справе: “Бо Я прыйшоў паставіць чалавека супраць бацькі ягонага, і дачку — супраць маці яе, і нявестку супраць свекрыві яе; і будуць ворагі чалавеку хатнія ягоныя”(Мц 10,35-36). Езус гаворыць пра служэнне, якое Ён сам чыніць, якое Ён упадабаў і якое служыць справе адкуплення чалавека.
Ці я чалавек адданы Божай справе? Ці я не шукаю штучных зносінаў з Богам і з дугім чалавекам? Ці я умею ахвяраваць сябе дзеля Евангелля, дзеля праўды?
бр. Віталій Бандаронак OFMCap, Беларусь
- Праглядаў: 901