2 ліпеня, панядзелак. Урачыстасць Маці Божай Будслаўскай
ЕВАНГЕЛЛЕ
Адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды. І ўвайшла ў дом Захарыі, і прывітала Альжбету.
Калі Альжбета пачула прывітанне Марыі, узварухнулася дзіцятка ва ўлонні яе, і напоўнілася Альжбета Духам Святым. І ўсклікнула моцным голасам, і сказала: Благаславёная Ты між жанчынамі і благаславёны плод улоння Твайго! І адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне? Бо калі голас прывітання Твайго загучаў у вушах маіх, узварухнулася ад радасці дзіцятка ва ўлонні маім. І шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам.
У тыя дні сказала Марыя:
Велічае душа мая Пана,
і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцы.
Бо ўзглянуў Бог на пакору сваёй слугі,
і цяпер благаслаўляць мяне будуць усе пакаленні.
Бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны,
а імя Яго святое.
І міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне
над тымі, хто Яго баіцца.
Паказаў моц сваёй правіцы,
рассеяў тых, хто пыхлівыя сэрцам.
Скінуў магутных з трону
і ўзвысіў пакорных.
Дабром галодных насыціў,
а багатых ні з чым адправіў.
Прыняў свайго слугу Ізраэля,
памятаючы пра сваю міласэрнасць,
як абяцаў бацькам нашым,
Абрагаму і яго патомству навекі.
І прабыла Марыя ў Альжбеты каля трох месяцаў, і вярнулася ў дом свой.
Гэта слова Пана.
Найсвяцейшая Дзева, выпрасі нам любоў да Крыжа, каб мы ўдзельнічалі ў муках і пакутах Езуса. Ты першая рупліва выканала Евангелле, Ты зрабіла гэта раней, чым яно было запісана. Выпрасі нам гэтую ласку, каб мы заўсёды былі блізка з Госпадам. Марыя, выпрасі нам і такую ласку ў свайго Сына, каб мы маглі ўладкаваць усё наша жыццё паводле прагненняў Божага Сэрца, каб мы маглі ўсё наша ўнутранае жыццё скласці ў Ім. Найдаражэйшая Маці, учыні, каб мы так сцісла паядналіся з Езусам, што ніякая моц і ніякая рэч гэтага марнага свету не здолее нас адлучыць ад Яго. Марыя, учыні, каб мы заўсёды былі блізка да гэтай бязмежнай Любові – Езуса, каб мы заўсёды былі сынамі Божымі сярод гэтага свету. Ты, якая прыйшла на гэты свет без ніводнай заганы, выпрасі нам у свайго Сына гэтую ласку, каб мы маглі без ніякай віны адыйсці з гэтага свету і каб былі ўведзены ў славу Валадарства Айца, Сына і Духа Святога ў супольнасць адкупленых, Анёлаў і Святых. Амэн.
Святы Піо з П’етрэльчыно OFMCap
- Праглядаў: 1010