Skip to main content

Рыцары святога Францішка

| Рухі і супольнасці »
12 07 2025 letnik frant121

Які вобраз першы прыходзіць, калі чуем слова “рыцар”? Думаю, што большасць адразу ўяўляе сабе сярэднявечнага воіна ў даспехах, слаўнага, непераможнага, адважнага, шляхетнага, здольнага на подзвігі дзеля прыгожай дамы. Гэта вобраз, які ў гады свайго юнацтва захапіў св. Францішка Ассізскага. Дзеля дасягнення сваёй амбітнай мары стаць рыцарам малады Францішак купіў сабе каня, зброю, даспехі і адправіўся ваяваць. Патрэбны быў час, каб ён зразумеў, што яго бітва і яго рыцарства – іншыя. “Бо нашая барацьба не супраць крыві і цела, але супраць панаванняў, супраць уладаў, супраць гаспадароў цемры гэтага свету, супраць нябесных духаў злосці” (Эф. 6, 12). Нашае змаганне – супраць граху.

 

У гэтай нябачнай бітве мае ўдзел кожны ахрышчаны. І як сапраўдны воін, павінен быць апрануты ў даспехі. Якія ж яны – сапраўдныя даспехі Бога? Св. ап. Павел пісаў у лісце да Каласянаў: “Апраніцеся ж як выбранцы Божыя, святыя і ўмілаваныя, у шчырую міласэрнасць, лагоднасць, пакору, далікатнасць, доўгацярплівасць, <…>. А па-над усім гэтым апраніцеся ў любоў, якая ёсць повяззю дасканаласці” (Клс. 3, 12-14). А ў іншым месцы, у лісце да Эфесцаў: “<…> станьце, падперазаўшы свае сцёгны праўдаю, і апрануўшыся ў панцыр справядлівасці, і абуўшы ногі ў гатовасць дабравесціць спакой. А разам з усім вазьміце шчыт веры, якім зможаце пагасіць усе распаленыя стрэлы злога; і шлем збаўлення вазьміце, і меч духоўны, якім ёсць Божае слова. <…> маліцеся ў Духу пры кожнай нагодзе” (Эф. 6, 13-18).

Як сапраўдны рыцар, кожны хрысціянін, вобразна кажучы, павінен умець карыстацца сваёй духоўнай зброяй і экіпіроўкай і падтрымліваць іх у належным стане. А гэтаму трэба вучыцца, і найлепш – з дзяцінства.

Св. Францішак, які называў сябе герольдам (вестуном) Вялікага Караля і рыцарам выдатнай дамы Беднасці, настолькі быў прасякнуты і заглыблены ў Божае слова, настолькі яго лад жыцця адпавядаў Евангельскаму, што яго пачалі называць “другім Хрыстом”. Ён сваім жыццём споўніў словы ап. Паўла: “Бо ўсе вы, хто ахрысціўся ў Хрыста, у Хрыста апрануліся” (Гал. 3, 27). “Ужо не я жыву, але жыве ўва мне Хрыстос” (Гал. 2, 20). Таму мы можам давяраць яго бачанню хрысціянства і наследаваць Хрыста, ідучы следам за Францішкам.

25.01.2025rycary06

Выдатная магчымасць для дзяцей – вучыцца быць сапраўдным хрысціянінам пад апекай св. Францішка і братоў капуцынаў, яго духоўных сыноў, - існуе ў нашай парафіі. Днём нараджэння супольнасці можна лічыць 2 лютага 2025 г., калі 29 маленькіх хрысціянаў урачыста склалі прысягу Рыцара. 

Такая супольнасць – гэта не выключная з’ява нашай парафіі. “Рыцары” існуюць у многіх краінах свету, у якіх служаць францішкане. Гэта частка францішканскай сям’і. Праз гульні, цікавыя заданні, тэатральныя сцэнкі, сяброўства дзеці пранікаюцца духоўнасцю св. Францішка, фарміруюць свой светапогляд у духу братэрства з усімі людзьмі і ўсімі стварэннямі, вучацца рацыянальна карыстацца рэчамі, беражліва адносіцца да прыроды, заўважаць яе прыгажосць, быць побач з тымі, каму цяжка, несці супакой і радасць.

 02.02.2025 prysiaga rycarau70

У нашай парафіі супольнасцю апякуецца бр. Сяргей Гусар. Яму дапамагаюць свецкія францішкане і францішканская моладзь. “Рыцары” запрашаюць далучацца да іх усіх жадаючых узростам ад 7 да 13 гадоў. Заняткі адбываюцца ў капліцы кожную суботу а 16-00 (падчас навучальнага года). 

 

Пра Рыцараў у нашай парафіі можна пачытаць:

Адбылася першая сустрэча дзяцей, якія збіраюцца стаць рыцарамі св. Францішка

"Вось я!" У свята Ахвяравання Пана Рыцары святога Францішка склалі прысягу

Ад Рыцараў - да францішканскай моладзі.

Летнік з Францішкам для Рыцараў.