Skip to main content

7 ліпеня, субота

Ці могуць быць у жалобе госці вяселля, пакуль з імі малады?

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 9, 14–17

Ці могуць быць у жалобе госці вяселля, пакуль з імі малады? 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Вучні Яна прыйшлі да Езуса і сказалі: Чаму мы і фарысеі посцім шмат, а Твае вучні не посцяць? 

А Езус адказаў ім: Ці могуць быць у жалобе госці вяселля, пакуль з імі малады? Але прыйдуць дні, калі будзе забраны ад іх малады, і тады будуць посціць. 

Ніхто не прышывае латы з нябеленага палатна на старую вопратку, бо прышытае рве вопратку, і дзірка робіцца яшчэ горшай.  І не ўліваюць таксама маладое віно ў старыя мяхі. Інакш, разрываюцца мяхі, і віно выліваецца, і мяхі псуюцца. Але маладое віно ўліваюць у новыя мяхі, тады захоўваецца і тое, і другое. 

Гэта слова Пана.

catholic.by

У Ізраэля да часу прыйсця Хрыста выпрацаваўся шэраг звычаяў, якія акрэслівалі, калі і як належыць пасціць. Асаблівы ўнёсак зрабілі прарокі, ў навучанні якіх пост быў свайго роду жалобай з-за разарваных з Богам адносін. Гэта былі наступствы беззаконняў, ідаласлужэнняў, распусты і іншых грахоў. У такіх выпадках належыла адмовіцца ад усяго, што адцягвала ўвагу народу ад Божых справаў. Пост спадарожнічаў Ізраэлю ў чаканні радаснага часу, калі Бог злітуецца, зноў пакажа сваю зычлівасць. Гэта будзе шчаслівы дзень прыходу Месіі, калі скончыцца нядоля Ізраэля і настанне вялікае святкаванне (Іс 25, 6-12).

Чаканні споўніліся, доўгачаканы Месія прыйшоў, хоць пачаткова нават вучні Яна Хрысціцеля не заўважылі гэтага. Пазней толькі яны перададуць Яну Хрысціцелю вестку ў вязніцу, што менавіта ў Езусе сапраўды спаўняюцца даўнія прароцтвы (Мц 11, 2-6). Таямнічыя метафары пра вясельных гасцей, новае і старое палатно а таксама пра новае віно і старыя мяхі трапна паказваюць, што цяпер да посту патрэбен новы падыход. Сутнасць гэтай навізны ў тым, што Бог, па Якім сумавала чалавецтва – гэта Езус. Калі Ён тут, гэта азначае, што Бог ніколі яшчэ не быў так блізка з чалавекам, што ажно святкуе з ім за адным сталом. Гэта не проста святочны стол. Гэта вяселле, на якім Жаніх-Хрыстос навекі заручаецца са сваёй Абранніцай-Царквой (Ап 19, 7-8).

“Прыйдуць дні, калі будзе забраны ад іх малады, і тады будуць посціць”. Гэта прароцтва датычыць не толькі арышту і смерці Езуса. На жаль, у нашым жыцці таксама можа здарыцца, што з-за граху ці іншых перашкодаў не зможам у поўні ўдзельнічаць у Эўхарыстыі. Вось тады патрэбна будзе пакаянне і пост, каб зноў стаць удзельнікам вяселля.

Ці ўведамляю сабе радасць з прысутнасці Хрыста ў Эўхарыстыі? Ці практыкую часамі пост і малітву за тых, хто аддаліўся ад Бога?

 Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва

  • Праглядаў: 1005