Skip to main content

9 ліпеня, панядзелак

У мяне толькі што памерла дачка, але прыйдзі і яна будзе жыць

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 9, 18–26

У мяне толькі што памерла дачка, але прыйдзі і яна будзе жыць 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Калі Езус гаварыў з імі, да Яго падышоў адзін кіраўнік і, пакланіўшыся Яму, сказаў: У мяне толькі што памерла дачка, але прыйдзі і ўскладзі на яе руку сваю, і яна будзе жыць. 

Тады Езус падняўся і разам са сваімі вучнямі пайшоў за ім. І вось жанчына, якая дванаццаць гадоў цярпела на крывацёк, падышла ззаду і дакраналуся да краю вопраткі Ягонай, бо казала сабе: Калі хоць дакрануся да вопраткі Ягонай, выздаравею. Езус павярнуўся і, убачыўшы яе, сказаў: Будзь адважнай, дачка: твая вера ўратавала цябе. І ад гэтага моманту жанчына была здаровай.  

Калі Езус увайшоў у дом кіраўніка, Ён убачыў жалейнікаў і ўзрушаны натоўп і сказаў: Выйдзіце, бо дзяўчынка не памерла, але спіць. І насміхаліся з Яго. А калі натоўп вывелі, Ён увайшоў і ўзяў дзяўчыну за руку, і яна ўстала.

І разышлася пагалоска пра гэта па ўсёй гэтай зямлі. 

Гэта слова Пана.

catholic.by

Чытаючы гісторыю жыначыны, якая цярпела на крывацёк, бачу ў ёй нейкую частку сябе. У Святым Пісанні кроў лічылася носьбітам жыцця, і нават самым жыццём. З жанчыны гэтай выцякала жыццё. Як жа часта і я адчуваю, як уцякае з мяне жыццё. У канфрантацыі са штодзённасцю, я часта вымушаны прызнаць сваё бяссілле. Адчуваю тады як расце апатыя, раздражненне, ахвота ўцячы ці нават паддацца. І тады ўзгадваю гэтую жанчыну,  яе веру і адвагу, якія не дазвалялі на бяздзейнасць, а вялі яе да Езуса, з надзеяй на выздараўленне.

Неверагодна тое, што ў жыцці шматлікіх людзей, у тым ліку і ў маім, момантам аздараўлення становіцца дакрананне да Езуса. Чаму дакрананне? Можа таму, што Бог прыйшоў у свет дзеля таго, каб адбудаваць блізкасць з чалавекам. Бо дакрануцца можна толькі да таго, хто знаходзіцца блізка, на адлегласць выцягнутай рукі. Не магчыма дакрануцца да кагосці, хто далёка. Таму, калі хачу быць аздароўлены Езусам, найперш патрэбна мне да Яго падыйсці. Як? Найлепш пачаць са шчырага прагнення сэрца. Яно нараджае ўменне маліцца. А малітва дазваляе чэрпаць з іншых дапамогаў, які знаходзяцца на адлегласці выцягнутай рукі: Слова Божае, Святыя Сакрамэнты, сустрэчы з іншым чалавекам, асабліва з патрабуючым дапамогі. Менавіта так нараджаецца дасведчанне аздараўляльнага дакранання да Езусавай Любові.

Памятаю, што на шляху, які вядзе да блізкасці з Езусам неабходна цнота цярплівасці. Такая, як у жанчыны з Евангелля – яна чакала дванаццаць год…

Брат Бартош Познаньскі OFMCap, Аўстрыя

  • Праглядаў: 998