Skip to main content

6 ліпеня, пятніца

Не здаровым патрэбны лекар; міласэрнасці хачу, а не ахвяры

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 9, 9–13

Не здаровым патрэбны лекар; міласэрнасці хачу, а не ахвяры

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Калі Езус праходзіў, убачыў чалавека, які сядзеў на мытні, па імені Мацвей, і сказаў яму: Ідзі за Мною. Ён устаў і пайшоў за Ім. І калі Езус сядзеў за сталом у доме, шмат мытнікаў і грэшнікаў прыйшло і села за стол з Ім і вучнямі Ягонымі. Убачыўшы гэта, фарысеі казалі вучням Яго: Чаму Настаўнік ваш есць і п’е разам з мытнікамі і грэшнікамі? Езус жа, пачуўшы гэта, сказаў ім: Не здаровым патрэбны лекар, але хворым. Пайдзіце, навучыцеся, што значыць “міласэрнасці хачу, а не ахвяры”. Бо Я не прыйшоў клікаць праведнікаў, але грэшнікаў.

Гэта слова Пана.

catholic.by 

Сёння лічыцца як мінімум не прыгожым пагардлівае стаўленне да людзей бяднейшых ці менш паспяховых. Але так было не заўсёды. Ды і сёння не лічыцца гэта неэтычным ў тых культурах, якія не былі ў свой час пранікнутыя Хрыстовым Евангеллем так моцна, як наша еўрапейская культура.

Езус прыйшоў у грамадства з вельмі выразным расслаеннем калі не на касты, дык дакладна на нацыянальнасці і ступені рэлігійнасці. Сярод габрэяў таксама існавалі такія катэгорыі людзей, якія элітамі выцясняліся на перыферыі грамадства. Асаблівай пагардзе былі падвержаны прадстаўнікі некаторых “нячыстых” прафесій: між іншым пастухі, маракі, купцы, знахары, мяснікі, працаўнікі лазні і вядома ж мытнікі. Наступствам пагарды і розных форм грамадскай ізаляцыі часта станавілася іх яшчэ большае маральнае абядненне і азлобленасць. Такія людзі былі ў нейкім сэнсе згубленыя, але грамадзтва не лічыла гэта стратай для сябе. Хутчэй наадварот, падзелы гэтыя ўспрымаліся як свайго роду “санітарныя” меры па прадухіленню рытуальнай нячыстасці.

Хрыстос, насуперак тагачасным стандартам, часта сам ідэнтыфікуецца з беднымі і адкінутымі, называе іх “сваімі меншымі братамі” і ўсякімі спосабамі паказвае ім сваё прыняцце. Пакліканне Мацвея а таксама вячэра за адным сталом з мытнікамі і грэшнікамі натуральным чынам упісваецца ў словы і ўчынкі Езуса, які прыйшоў “вярнуць і ўратаваць тое, што загінула” (Мц 18, 11).

Вядома, што гэты запавет Хрыста па-ранейшаму не дастаткова папулярны нават у традыцыйна хрысціянскіх грамадзтвах. Але без гэтага наўрат ці ўдасца збудаваць лепшы свет, па-сапраўднаму братэрскі. Апосталы, ў тым ліку св. Павел заклікаюць не пераставаць развівацца ў гэтай любові: “Тут ужо няма ні грэка, ні юдэя, ні абразання, ні адсутнасці абразання, ні чужаземца, ні скіфа, ні нявольніка, ні свабоднага, але ўсё ва ўсім – Хрыстос” (Кал 3, 11).

Ці не стаўлюся да каго-небудзь прадузята толькі з-за яго прыналежнасці да нейкай сацыяльнай групы ці прафесіі? Ці не спрабую ўтварыць ўнутры Касцёла, сям’і ці працоўнага калектыву якісці закрыты для іншых клан?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва

  • Праглядаў: 1061