Skip to main content

8 ліпеня. 14 нядзеля звычайнага перыяду.

Няма прарока без пашаны, хіба што на бацькаўшчыне сваёй

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мк 6, 1–6

Няма прарока без пашаны, хіба што на бацькаўшчыне сваёй 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Езус прыйшоў на сваю бацькаўшчыну. А за Ім ішлі Ягоныя вучні. Калі настала субота, Ён пачаў вучыць у сінагозе.

Многія, хто слухаў, здзіўляліся і казалі: Адкуль у Яго гэта, і што гэта за мудрасць, якая дадзена Яму, і як такія цуды чыняцца Ягонымі рукамі? Ці ж гэта не цясляр, сын Марыі, брат Якуба, Юзафа, Юды і Сымона? Ці ж не тут сярод нас Ягоныя сёстры? І сумняваліся ў Ім.

А Езус казаў ім: Няма прарока без пашаны, хіба што на бацькаўшчыне сваёй, у родных і ў доме сваім.
Таму не мог там учыніць ніякага цуду, толькі на некалькі хворых усклаў рукі і аздаравіў іх. І дзівіўся іхняму бязвер’ю. І хадзіў па навакольных вёсках, і вучыў.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Існуе пагаворка: “Добра там, дзе нас няма”. Часамі сапраўды складаецца ўражанне, нібыта добра можа быць толькі ў іншай сям’і, ці ў іншай парафіі, у іншай прафесіі, ці нават у іншай краіне. Ёсць нават людзі, якія ўсё жыццё бегаюць па свеце ў пошуках чагосьці або кагосьці звышнатуральнага. Складана ім уявіць, што добра можа быць нават тут, дзе я ёсць – у маёй “бацькаўшчыне”.

У падобную пастку трапілі жыхары Назарэту. Яны, безумоўна, былі здзіўлены мудрасцю Езуса, калі пачулі Яго ў сваёй сінагозе. Яны былі таксама пад ўражаннем ад чутак, якія пра Яго даходзілі з суседніх земляў. Але не маглі паверыць, што столькі гадоў вось тут, побач з Імі рос і развіваўся Госпад, Якому падуладныя стыхіі, хваробы і нават смерць.

У пошуках харызматычных прарокаў з далёкіх краёў, можна нават не пачуць, што Хрыстос чакае менавіта тут - у гэтай сям’і ці ў роднай парафіі. Ён прыйшоў каб ратаваць мяне самога, і маю тутэйшую рэчаіснасць, ад якой не варта ўцякаць. Добра становіцца ўсюды там, дзе ёсць Хрыстос, бо Ён ніводным месцам не пагарджае і любое месца можа ўчыніць Сваім небам.

Ці не ўцякаю я ад даручанага мне паклікання ў пошукі далёкіх “прарокаў”? Ці прыслухоўваюся я да Евангелля, якое Хрыстос абвяшчае тут, у канкрэтных падзеях майго жыцця?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва

  • Праглядаў: 830