Skip to main content

15 ліпеня, 15 нядзеля звычайнага перыяду

Пачаў высылаць іх па двое

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мк 6, 7–13

Пачаў высылаць іх па двое

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Езус паклікаў Дванаццаць і пачаў высылаць іх па двое, і даў ім уладу над нячыстымі духамі. І наказаў ім не браць у дарогу нічога, апрача толькі кія: ні хлеба, ні торбы, ні медзі ў поясе, але абувацца ў сандалі і не апранаць дзвюх вопратак. 

І сказаў ім: Калі дзе ўвойдзеце ў дом, заставайцеся там, пакуль не выйдзеце адтуль. І калі ў якім месцы не прымуць вас і не будуць слухаць вас, то, выходзячы адтуль, абтрасіце пыл, што пад нагамі вашымі, дзеля сведчання супраць іх. 

І, пайшоўшы, яны прапаведавалі пакаянне, і выганялі шмат дэманаў, і шмат хворых намашчвалі алеем, і вылечвалі.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Сённяшняе Евангелле адсылае нас да моманту калі Езус вандруе па Галілеі. Абвяшчаючы Добрую Навіну Хрыстус наведвае ваколіцы свайго дзяцінства, юнацтва і адсюль высылае вучняў першы раз на апостальскае служэнне.

Аднак апостальства вучняў не пачалося з моманту выслання іх Хрыстом. Яно пачалося ў тым моманце, калі Хрыстус ішоў берагамі Галілейскага возера, калі Езус ужо разам з пакліканымі праходзіў мясціны Галілеі, Кафарнаўма, Назарэту. У Галілеі апосталы становяцца сведкамі таго, як Езус абвяшчае Евангелле, як Ён тлумачыць людзям Божыя праўды ў прыпавесцях, як адбываюцца шматлікія цуды Хрыста, аздараўленні хворых.

Усё гэта дапамагло падрыхтаваць вучняў, каб яны самі пазней маглі прапаведаваць Слова Божае, выходзіць да людзей з паслугай яднання іх з Богам, аздараўляць іх сэрцы, душы і целы. Апосталам было неабходна ўбачыць, як служыць Хрыстус. Збаўца дае ім магчымасць адчуць, перажыць сапраўднае служэнне, мець перад вачыма яскравы прыклад апостальства. Вучні пранікаюцца Езусавым духам служэння, пакоры, прастаты, ахвярнасці, даступнасці, далікатнасці і адкрытасці. Яны вучацца разумець Хрыста.

Пасля этапу падрыхтоўкі прыйшоў час на асабісты досвед які агучвае ў сённяшнім Евангеллі Марк, які сам усё гэта добра перажыў. Ён ведае што азначае, быць высланым на абвяшчэнне Евангелля для ажыцяўлення Божага намеру.

Сапраўды, як жа важна быць васланым Хрыстом, Яго голасам, Яго словам, Яго ласкай, Яго натхненнем. Як важна быць напоўненым Ягоным Духам служэння. Апостальства пачынаецца ад Хрыста і працягваецца з Хрыстом. Евангелле ўзгадвае, што апосталы, пайшоўшы “прапаведавалі пакаянне, і выганялі шмат дэманаў і шмат хворых намашчвалі алеем, і вылечвалі” (Мк 6,12-13). Чынілі ўсё гэта, бо мелі ў сабе Таго, Хто іх паклікаў.

Ці я напоўнены Хрыстом каб служыць? Ці я імкнуся зразумець Хрыста? Ці я разумею сваё служэнне? Ці я разумею, што людзям неабходна чуць Евангелле з маіх вуснаў, неабходна чуць голас праўды?

бр. Віталій Бандаронак OFMCap, Беларусь

  • Праглядаў: 601