16 лістапада, пятніца
ЕВАНГЕЛЛЕ
У той дзень з’явіцца Сын Чалавечы
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Як было ў дні Ноя, так будзе і ў дні Сына Чалавечага. Елі, пілі, жаніліся, выходзілі замуж да таго дня, калі ўвайшоў Ной у каўчэг, і прыйшоў патоп і знішчыў усіх. Таксама было і ў дні Лота. Елі, пілі, куплялі, прадавалі, садзілі, будавалі. Але ў дзень, калі Лот выйшаў з Садомы, праліліся з неба агонь і сера і знішчылі ўсіх. Так будзе і ў той дзень, калі з’явіцца Сын Чалавечы.
У той дзень, хто будзе на даху, а рэчы ягоныя ў доме, няхай не сыходзіць узяць іх. І хто будзе на полі, таксама няхай не вяртаецца назад. Узгадайце жонку Лота.
Хто паспрабуе захаваць жыццё сваё, той загубіць яго, а хто загубіць яго, той ажывіць яго. Кажу вам: у тую ноч будуць двое на адной пасцелі: адзін будзе ўзяты, а другі застанецца; дзве будуць малоць разам: адна будзе ўзята, а другую пакінуць.
У адказ сказалі Яму: Дзе, Пане?
А Ён сказаў ім: Дзе мёртвае цела, там збяруцца і грыфы.
Гэта слова Пана.
Падчас пажару, не заўсёды магчыма вынесці з хаты ўсю маёмасць. У лепшым выпадку можна паспець уратаваць толькі самае каштоўнае або неабходнае. Але нават гэта небяспечна, бо разглядаючыся і збіраючы рэчы, чалавек сам можа загінуць.
“Дні Сына Чалавечага”, безумоўна, надыйдуць раптоўна і неспадзявана, як патоп і пагібель Садома. Неабходна быць гатовым і чуйным. Бяда таму чалавеку, які ў апошні дзень пачне збіраць сваю маёмасць ці намагацца ўратаваць уласнае жыццё аглядаючыся назад як жонка Лота. Вучні Езуса павінны прысвяціць сваё жыццё Богу дзеля атрымання жыцця вечнага. У дзень Сына Чалавечага будзе суд і расстанне: адны будуць уратаваныя, а іншыя асуджаныя, хоць і будуць на адной пасцелі ці будуць есці адну ежу і рабіць адну працу.
“Дзе, Пане?” – вучні пытаюцца, дзе будзе тое месца суда, або сабяруцца збаўленыя. Езус адказвае прымаўкай: як грыфы інстыктыўна збіраюцца вакол падліны, так і збаўленыя людзі моцаю ўнутранага імкнення сабяруцца вакол Сына Чалавечага (Т. Лоска SJ). Як падчас стыхійных бедстваў ці катастрофаў найвыразней праяўляецца высакароднасць або гнюснасць чалавека, так і канец свету выявіць сапраўдныя нашы памкненні. Да чаго па-сапраўднаму зараз імкнемся, там і апынемся. Калі найбольшай каштоўнасцю для нас на той момант будзе Бог, то да Яго і трапім.
Ці задумваўся я калі-небудзь, што б я ратаваў ва ўмовах пагрозы ў першую чаргу? Наколькі моцна я прывязаны да гэтага крохкага свету? Ці ва ўмовах распаду цяперашняга свету я буду імкнуцца да Хрыста Збаўцы?
Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Беларусь.
- Праглядаў: 1194