14 лістапада, серада
ЕВАНГЕЛЛЕ
Не знайшлося нікога, хто б вярнуўся аддаць славу Пану, акрамя гэтага чужынца
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
Езус, калі ішоў у Ерузалем, праходзіў праз Самарыю і Галілею. І калі Ён уваходзіў у адну вёску, сустрэлі Яго дзесяць пракажоных, якія сталі здалёк і моцным голасам казалі: Езус, Настаўнік, змілуйся над намі. Убачыўшы іх, Ён сказаў ім: Ідзіце, пакажыцеся святарам. А калі адышлі, яны ачысціліся.
І адзін з іх, убачыўшы, што стаў аздароўлены, вярнуўся, моцным голасам праслаўляючы Бога, і, упаўшы ніцма да ног Ягоных, дзякаваў Яму. А быў гэта самаранін. Тады Езус сказаў: Ці не дзесяць было ачышчаных, дзе ж дзевяць? Не знайшлося нікога, хто б вярнуўся аддаць славу Пану, акрамя гэтага чужынца? І сказаў яму: Устань, ідзі; вера твая ўратавала цябе.
Гэта слова Пана.
Здольнасць дзякаваць Богу і людзям за атрыманае дабро з’яўляецца неабходнай умовай для памнажэння таго, што ўжо маем. Пра гэта гаворыць Хрыстос і пацвярджае жыццёвы вопыт. Калі дзякуем іншым, адначасова для сябе глыбей ўсведамляем каштоўнасць атрыманага дару. Гэта ў сваю чаргу распальвае прагненне і матывацыю для атрымання яшчэ большых дабротаў. Такім чынам ўдзячнасць становіцца адной з рухаючых сілаў усякага развіцця. Адпаведна, няўдзячнасць затрымлівае нас у палове, а можа нават і на пачатку гэтага шляху.
Заканамернасць гэтая выразна прасочваецца ў сённяшнім фрагменце Евангелля. Дзевяць з дзесяці пракажоных атрымалі ўсяго толькі ачышчэнне ад праказы і змарнавалі нагоду атрымаць ад Хрыста штосьці нашмат большае і каштоўнейшае. Толькі самаранін, які вярнуўся падзякаваць, усвядоміў сабе веліч атрыманага дару, таму атрымаў ад Хрыста яшчэ мацнейшае благаславенне: “Устань, ідзі; вера твая ўратавала цябе”. Напэўна пазней слова гэтае яшчэ не аднойчы аздараўляльным рэхам гучала ў ягонай памяці, калі апынуўся ў чарговым падзенні ці няшчасці. Падобны вопыт дазваляе быць упэўненым, што калі вера ўратавала нават ад праказы, то цяперашнія дробныя цяжкасці Бог тым больш дапаможа пераадолець.
Бывае, што не бачым выразна прычын для ўдзячнасці ні Богу, ні людзям. Гэта нармальна, бо чалавек - досыць ненасытнае стварэнне. На працягу ўсяго жыцця нам як паветра і вада неабходна вялікае мноства Божай і чалавечай любові. Але менавіта ў працэсе падзякі за ўжо атрыманую любоў, мы адкрываемся на наступную, штораз большую. Таму вяртацца да Бога з падзякай - гэта адначасова вяртацца да невычэрпнай Крыніцы любові.
Ці я яшчэ здольны здзіўляцца атрыманым дарам? Ці не прызычаіўся да гэтага, як да чагосьці механічнага? Колькі падзякі ў маіх малітвах да Бога і ў маіх зносінах з людзьмі?
Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Беларусь.
- Праглядаў: 1302