Skip to main content

16 лістапада, пятніца

У той дзень з’явіцца Сын Чалавечы

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 17, 26–37

У той дзень з’явіцца Сын Чалавечы

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Як было ў дні Ноя, так будзе і ў дні Сына Чалавечага. Елі, пілі, жаніліся, выходзілі замуж да таго дня, калі ўвайшоў Ной у каўчэг, і прыйшоў патоп і знішчыў  усіх. Таксама было і ў дні Лота. Елі, пілі, куплялі, прадавалі, садзілі, будавалі. Але ў дзень, калі Лот выйшаў з Садомы, праліліся з неба агонь і сера і знішчылі ўсіх. Так будзе і ў той дзень, калі з’явіцца Сын Чалавечы.

У той дзень, хто будзе на даху, а рэчы ягоныя ў доме, няхай не сыходзіць узяць іх. І хто будзе на полі, таксама няхай не вяртаецца назад. Узгадайце жонку Лота.

Хто паспрабуе захаваць жыццё сваё, той загубіць яго, а хто загубіць яго, той ажывіць яго. Кажу вам: у тую ноч будуць двое на адной пасцелі: адзін будзе ўзяты, а другі застанецца; дзве будуць малоць разам: адна будзе ўзята, а другую пакінуць.

У адказ сказалі Яму: Дзе, Пане? 

А Ён сказаў ім: Дзе мёртвае цела, там збяруцца і грыфы. 

Гэта слова Пана.

catholic.by

Падчас пажару, не заўсёды магчыма вынесці з хаты ўсю маёмасць. У лепшым выпадку можна паспець уратаваць толькі самае каштоўнае або неабходнае. Але нават гэта небяспечна, бо разглядаючыся і збіраючы рэчы, чалавек сам можа загінуць.

“Дні Сына Чалавечага”, безумоўна, надыйдуць раптоўна і неспадзявана, як патоп і пагібель Садома. Неабходна быць гатовым і чуйным. Бяда таму чалавеку, які ў апошні дзень пачне збіраць сваю маёмасць ці намагацца ўратаваць уласнае жыццё аглядаючыся назад як жонка Лота. Вучні Езуса павінны прысвяціць сваё жыццё Богу дзеля атрымання жыцця вечнага. У дзень Сына Чалавечага будзе суд і расстанне: адны будуць уратаваныя, а іншыя асуджаныя, хоць і будуць на адной пасцелі ці будуць есці адну ежу і рабіць адну працу.

“Дзе, Пане?” – вучні пытаюцца, дзе будзе тое месца суда, або сабяруцца збаўленыя. Езус адказвае прымаўкай: як грыфы інстыктыўна збіраюцца вакол падліны, так і збаўленыя людзі моцаю ўнутранага імкнення сабяруцца вакол Сына Чалавечага (Т. Лоска SJ). Як падчас стыхійных бедстваў ці катастрофаў найвыразней праяўляецца высакароднасць або гнюснасць чалавека, так і канец свету выявіць сапраўдныя нашы памкненні. Да чаго па-сапраўднаму зараз імкнемся, там і апынемся. Калі найбольшай каштоўнасцю для нас на той момант будзе Бог, то да Яго і трапім.

Ці задумваўся я калі-небудзь, што б я ратаваў ва ўмовах пагрозы ў першую чаргу? Наколькі моцна я прывязаны да гэтага крохкага свету? Ці ва ўмовах распаду цяперашняга свету я буду імкнуцца да Хрыста Збаўцы?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Беларусь.

  • Праглядаў: 1195