3 лістапада, субота
ЕВАНГЕЛЛЕ
Кожны, хто ўзвышае сябе, будзе паніжаны, а хто паніжае сябе, узвысіцца
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
Калі Езус прыйшоў у суботу да дому аднаго з кіраўнікоў фарысейскіх з’есці хлеба, яны сачылі за Ім.
Заўважыўшы, што запрошаныя выбіралі першыя месцы, расказаў ім прыпавесць: Калі нехта пакліча цябе на вяселле, не сядай на першае месца, каб не аказалася, што нехта з пакліканых ім больш ганаровы за цябе, і каб той, хто запрасіў і яго, і цябе не падышоў і не сказаў табе: Саступі яму месца. І тады з сорамам павінен будзеш заняць апошняе месца.
А калі будзеш запрошаны, прыйдзі і сядай на апошняе месца, каб той, хто цябе запрасіў, падышоў да цябе і сказаў: Дружа, перасядзь вышэй. Тады будзе табе пашана перад тымі, хто сядзіць з табою. Кожны, хто ўзвышае сябе, будзе паніжаны, а хто паніжае сябе, узвысіцца.
Гэта слова Пана.
Лк 14, 1. 7-11
Прыпавесць, якую Езус расказавае ў кантэксце застолля, з’яўляецца пэўным каментарыем рэчаіснасці, за якой Ён назірае - бачыць гасцей, якія выбіраюць сабе ганаровае месца за сталом. Раней, у Лк 11, 43 евангеліст паказаў ужо слабасць фарысеяў у займанні ганаровых месцаў у сінагогах. Аднак зацікаўленасць ганаровым месцам датычыць не толькі іх, яно распаўсюджана ў розных кантэкстах і датычыць у прынцыпе ўсіх, хоць і ў розных сітуацыях.
Аўтар адзначае, што Езус расказвае прыпавесць. Гэта такі жанр, які адлюстроўвае пэўную ўніверасальную ісціну, актуальную для кожнага. Указвае на гэта апошні сказ: “Кожны, хто ўзвышае сябе, будзе паніжаны, а хто паніжае сябе, узвысіцца”. Пасіўная форма гэтага сказу сведчыць пра тое, што выбар належыць Богу, хоць запрошаныя самі вырашалі аб тым, каб зяняць прывілеяваныя месцы.
У рэчаіснасці чалавек стаіць перад іншым выбарам: або ўзвышацца сам перад іншымі, або выбіраючы апошняе месца, праслаўляцца перад адным толькі Богам. Кніга Прыпавесцяў Саламона (25, 6-7) нагадвае, што сапраўдны гонар не той, які прыпісваеш сабе сам, а той, якім цябе надзяляюць. Любое прысвойванне сабе першага месца, з’яўляецца злоўжываннем. Права канчаткова вырашаць аб чарговасці займання месцаў, застаецца за Гаспадаром, Богам. Сціпласць чалавека настолькі адкрывае Божае сэрца, што Бог можа назваць чалавека сябрам і запрасіць заняць важнейшае месца.
Першым спаўненне гэтых слоў паказаў Езус, які “будучы ў постаці Бога, не палічыў патрэбным быць на роўні з Богам, але выракся самога сябе, прыняўшы постаць слугі, прыпадобніўшыся да людзей. І з выгляду стаўшы, як чалавек, прынізіў сябе, будучы паслухмяным ажно да смерці, смерці крыжовай. Таму Бог узвысіў Яго, і даў Яму імя па-над усялякае імя”. (Флп 2,6-9).
Ці не параўноўваю сябе да іншых людзей? Ці не паддаюся імкненню лічыць сябе лепшым за іншых? Ці не будую ўласнае пачуццё вартаснасці прыніжаючы іншых? Ці не асуджаю, ці ўсё ж пакідаю суд над іншым чалавекам Богу, які сапраўды ведае сэрца чалавека?
С. Зузана Глясэк, капуцынка НСЕ, Польшча
- Праглядаў: 756