Ад Рыцараў - да францішканскай моладзі.
"Мэта жыцця - гэта Хрыстус,
І ўсё жыццё няхай Ягоным будзе."
(спеў у гонар бл. Ганарата Казмінскага)

У нядзелю 1 чэрвеня падчас Імшы а 12-00 некалькі падлеткаў узростам 12-15 гадоў, якія скончылі сваю "Рыцарскую" фармацыю, былі ўрачыста прыняты на наступную ступень фармацыі ўжо ў якасці францішканскай моладзі.

Напярэдадні, у суботу, яны перажылі дзень засяроджанасці ў Семерніках, каб зазірнуць у сваё сэрца і адчуць у ім Бога. Сярод прыгажосці мясцовай прыроды, у кампаніі бр. Сяргея Гусара і старэйшай моладзі было месца і малітве, і разважанням, і размовам, і гульням, і смачнай ежы.

А на наступны дзень падчас святой Імшы падлеткі урачыста выказалі сваё жаданне належаць да супольнасці францішканскай моладзі і "быць супольнасцю веры, дзе Эўхарыстыя - гэта цэнтр жыцця, Евангелле - святло на дарозе, Касцёл - Маці і настаўніца, а бедныя і пакінутыя - браты і сёстры". Яны склалі абяцанне быць гатовымі адказаць на кожны заклік дабра і несці ў свет Божы супакой, як верныя вестуны Божага Валадарства.

У гаміліі бр. Сяргей узгадаў, што некалі кожны з прысутных, маленькіх і дарослых, упершыню прыйшоў у касцёл дзякуючы таму, што быў чалавек, які сюды запрасіў. Можа гэта была бабуля, бацькі, суседка, сябры, а нават уласныя дзеці. Якісьці чалавек абвясціў нам Хрыста. У сённяшнім урыўку з Евангелля чуем: "Езус узняў вочы свае да неба і маліўся такімі словамі: Ойча святы, <...> не толькі за іх прашу Я, але і за тых, хто паверыць у Мяне паводле слова іхняга,<...>" (Ян 17:20)
"Тут гаворка ідзе пра кожнага з нас! Езус просіць за кожнага, хто паверыў слову апосталаў. 2000 год назад у сваім сэрцы Хрыстос ужо меў кожнага з нас! Якую годнасць у вачах Бога мы маем! Калі б кожны з нас гэта сабе усведамляў, то нашмат лягчэй было б прыняць Божую любоў", -заўважыў святар.
"Чаго чакае ад нас свет? - запытаўся брат. - Свет чакае, што чалавек будзе паспяховы, зробіць кар'еру, купіць дарагую машыну, г.д. Многія да гэтага ўзроўню чаканняў не дацягваюць і адчуваюць сябе прыніжанымі і няўдалымі. А чаго чакае Хрыстос?"
"<...>каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, была ў іх<...>" (Ян 17:26).
Адзінае, чаго чакае ад нас Бог, - прыняцця любові Бога. Божая любоў мае такую ўласцівасць, што калі мы яе прымаем, яна не толькі напаўняе, але перапаўняе нашае сэрца так, што ёй не магчыма не дзяліцца.

Для францішканаў св. Францішак - гэта прыклад чалавека, які зразумеў вялікую любоў Бога. Пад дзеяннем Божай ласкі ён адкрыў, што Бог любіць кожнага аднолькава, не больш і не менш за іншага - смярдзючага пракажонага любіць гэтак жа моцна, як і яго, Францішка, прычым самай вялікай мерай любові.
Калі чалавек усведамляе, што Бог любіць таго, хто побач, гэтак жа моцна, то ўжо будзе менш жадання абгаворваць, асуджаць. Гэты дух любові дапамагае будаваць сапраўдную супольнасць. Прыкладам такой супольнасці з'яўляецца францішканская сям'я нашай парафіі, дзе ёсць і дзеці (Рыцары), і падлеткі, і старэйшая моладзь ФМ Таў, і дарослыя (Францішканскі ордэн свецкіх). Гэта свецкія людзі, якія адкрылі для сябе св. Францішка і хочуць яго наследаваць там, дзе знаходзяцца, - у сям'і, на працы, у школе паказваць, што для іх Евангелле мае каштоўнасць.

Брат асабліва падкрэсліў, што ў супольнасці маладыя людзі з'яўляюцца "лакмусавай паперкай". Моладзь - гэта "вясна" касцёла, ад яе залежыць тое, што нас чакае праз 20-30 год. Калі моладзь прыходзіць у касцёл, хоча маліцца, ахвяраваць Богу сваё жыццё - гэта значыць, што парафіяльная супольнасць жыве, што дарослыя даюць прыклад жывой веры.
"Няхай Бог умацуе вашыя намеры і благаславіць вашу маладосць", - пажадаў ср. Сяргей і заахвоціў маліцца за ўсіх маладых людзей, якія маюць жаданне супрацоўнічаць з Божай ласкай, каб зрабіць лепшым гэты свет.

Тэкст: Кацярына Савянок
Фота: Ксенія Трот, Кацярына Савянок, Эрык Савянок