Skip to main content

Хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе

 

Вера ў Езуса Хрыста не можа быць не звязана з навукай Крыжа. Св. Павел падкрэслівае гэта кажучы: „Мы ж абвяшчаем Хрыста ўкрыжаванага, які для юдэяў згаршэнне, для язычнікаў – глупства, а для тых, Хто пакліканы, Юдэяў і грэкаў, Ён – Хрыстус, Божая Моц і Божая мудрасць.” (1Kар 1,23н)

Евангеліст Мацвей злучае першае запаведванне мукі, смерці і ўваскрасення з вызнаннем веры апосталам Пятром. Зазначае гэтым пераломны момант у місіі Збаўцы. Ад Гэтага моманту Езус аб’яўляе вучням шлях збаўлення, які здзейсніцца праз смерць і ўваскрасенне. Новая навука перакрэслівае планы вучняў, якія яны будавалі на бачанні трыўмфуючага настаўніка.

Пётр не згаджаецца з цярпеннем і смерцяй, спяшаючыся аб гэтым павядоміць ён дакарае настаўніка. Езус бароніцца ад слоў Пятра і робіць гэта таксама, як рабіў у пустыні перамагаючы спакусы сатаны (пар. 4,10). Вучні маюць ісці за Езусам, а не наадварот перад Ім паказваючы шлях дзе Езус мае ісці.

Рэакцыя Пятра становіцца пунктам на якім Езус апіраецца ў сваёй навукі кіруючы яе да ўсіх вучняў. У словах Езуса бачым не самую заахвоту нешта зрабіць, а варункі якія павінны споўніць каб стаць вучням. Слова адрачыся азначае поўнае і дынамічнае адданне Езусу. Праз узяцце крыжа бачым заахвоту прымаць усе цяжкасці і цярпенні, якіе мае ў сабе жыццё вучня Хрыста, аж да ахвяры крыжа. Вучань павінен ісці слядамі свайго настаўніка аж да паддання сваёй волі, волі Айца Нябеснага.

Узнагародай будзе жыццё вечнае, якое атрымлівае вучань не столькі за якіясьці добрыя чыны, але за чыны веры: Бо ласкаю вы збаўлены праз веру. І гэта не ад вас, гэта Божы дар. І не ад учынкаў, каб ніхто не хваліўся. Мы – Яго справа, створаныя ў Хрысце Езусе для добрых учынкаў, якія Бог загадзя падрыхтаваў, каб мы паступалі згодна з імі.

 

бр. Юрый Краўчанка 

 

 

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Ер 20, 7–9

Слова Пана стала прычынаю кпінаў з мяне

Чытанне кнігі прарока Ераміі.

Ты намаўляў мяне, Пане, і я паддаўся намове; Ты быў мацнейшы і перамог мяне. Я станаўлюся пасмешышчам кожны дзень, і ўсе кпяць з мяне. Бо калі толькі пачынаю гаварыць, крычу аб насіллі, абвяшчаю спусташэнне, таму што слова Пана стала прычынаю штодзённых кпінаў і насмешак з мяне. І я сказаў сабе: Не буду ўспамінаць Яго і не буду больш прамаўляць ў імя Ягонае. Але ў маіх касцях з’явіўся нібы палаючы агонь, што быў замкнёны ў касцях маіх; я стаміўся цярпець яго, і больш не магу.

Гэта слова Божае.

 

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

Рым 12, 1–2

Аддайце вашыя целы на ахвяру

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.

Прашу вас, браты, праз літасць Божую: аддайце вашыя целы на ахвяру жывую, святую, прыемную Богу — на разумнае служэнне вашае. І не дастасоўвайцеся да гэтага веку, але перамяняйцеся праз абнаўленне розуму вашага, каб вы пазналі, якая воля Божая — добрая, прыемная і дасканалая.

Гэта слова Божае.

 

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 16, 21–27

Хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус пачаў адкрываць сваім вучням, што Ён павінен ісці ў Ерузалем, і шмат выцерпець ад старэйшын, першасвятароў і кніжнікаў, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць. Адвёўшы Яго ўбок, Пётр пачаў дакараць Яго, кажучы: Пашкадуй сябе, Пане, няхай не здарыцца гэтага з Табою. Ён жа, павярнуўшыся, сказаў Пятру: Адыдзі ад Мяне, сатана! Ты для Мяне спакуса, бо думаеш не аб тым, што Божае, але аб тым, што чалавечае.

Тады Езус сказаў вучням сваім: Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой, і ідзе следам за Мною. Бо той, хто хоча жыццё сваё зберагчы, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той знойдзе яго. Бо якая ж будзе карысць чалавеку, калі ён здабудзе увесь свет, а душы сваёй прынясе шкоду? Або што дасць чалавек узамен за душу сваю? Бо прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Айца свайго з Анёламі сваімі, і тады аддасць кожнаму паводле ўчынкаў ягоных.

Гэта слова Пана. 

 

 Паводле Catholic.by

 

Папярэднія каментары можна паглядзець тут: Каментары

  

 

  • Праглядаў: 1539