Skip to main content

 Ты — Пётр, і дам табе ключы Валадарства Нябеснага

 

Сённяшні ўрывак Евангелля знаходзіцца ў кантэксце палемікі з фарысеямі, якія адносяцца да той групы людзей, якая не дасведчыла на сабе цудаў Езуса.

Падзеі адбываюцца каля Цэзарэі  Філіпавай, пабудаванай у гонар цэзара, які сябе называў богам і збаўцам людзей. Езус распачынае размову са сваімі вучнямі з апытання водгуку грамадскага. Адказ вельмі разнародны: Ян Хрысціцель, Ілля, Ерамія. Аднак Езус цікавіцца тым, кім Ён з’яўляецца для вучняў. Адказ чуе толькі ад Пятра, які кажа керыгму, у якой змешчана істота хрысціянства. Езус падкрэслівае, што вызнанне Пятра немагчыма дасведчыць шляхам розуму, але гэта сведчанне Айца Нябеснага.

Вызнанне веры ў Езуса, Сына Божага і Месію ёсць сапраўднай скалой, фундаментам для ўсёй супольнасці Касцёла. Адначасова вера ў Боства Езуса падмацавана не знішчальнасцю Касцёла. Будзе ён трываць, нягледзячы на ўсялякі пераслед.

Улада звязваць і развязваць паказвае веліч адказнасці, якую прымае на сябе Пётр. Гэта адказнасць не толькі перад уласным сумленнем, яна перакрочвае нашае зямное жыццё і ўваходзіць у вечнасць.

Вынікае з гэтых, што як місіяй ўсяго Касёла, так і місіяй кожнага хрысціяніна ёсць абвяшчаць веру ў Езуса  Хрыста, Сына Божага.

 

бр. Юрый Краўчанка 

 

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Іс 22, 19–23

Ускладу ключ дому Давіда на плечы ягоныя

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Так кажа Пан Шэбну, кіраўніку палаца:    

Я сапхну цябе з месца твайго і скіну цябе з пасады тваёй. І станецца ў той дзень,  што Я паклічу слугу Майго Эліякіма, сына Хелкія. Апрану яго ў хітон твой, і падперажу яго пасам тваім, і ўладу тваю перадам у рукі ягоныя, і стане ён айцом для жыхароў Ерузалема і для дому Юды. І ўскладу ключ дому Давіда на плечы ягоныя. І калі ён адчыніць, ніхто не зачыніць, і калі зачыніць, ніхто не адчыніць. І ўваб’ю яго, як кол на цвёрдым месцы, і ён стане тронам славы для дому айца свайго.

Гэта слова Божае.

 

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

Рым 11, 33–36

З Яго і праз Яго, і для Яго ўсё

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.

О, глыбіня багацця і мудрасці, і пазнання Бога! Якія неспасцігальныя прысуды Яго і нязведаныя шляхі Ягоныя! Бо хто спазнаў розум Пана? Або хто быў дарадцам Ягоным? Або хто даў Яму раней, каб атрымаць адплату? Бо з Яго і праз Яго, і для Яго ўсё. Яму хвала навекі. Амэн.

Гэта слова Божае.

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 16, 13–20

Ты — Пётр, і дам табе ключы Валадарства Нябеснага

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Прыйшоў Езус у межы Цэзарэі Філіпавай і пытаўся ў вучняў сваіх, кажучы: Кім людзі лічаць Сына Чалавечага? Яны ж сказалі: Адны – Янам Хрысціцелем, другія ж — Іллёю, а іншыя — Ераміяй ці адным з прарокаў.

Ён кажа ім: А вы кім лічыце Мяне? Сымон Пётр адказаў: Ты — Хрыстус, Сын Бога Жывога. Тады Езус сказаў яму ў адказ: Шчаслівы ты, Сымоне, сын Ёнавы, бо не цела і кроў адкрылі табе гэта, але Айцец Мой, які ў нябёсах. I Я кажу табе, што ты — Пётр (скала), і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго. І дам табе ключы Валадарства Нябеснага, і што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана ў небе, а што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана ў небе. Тады загадаў вучням сваім, каб нікому не казалі, што Ён — Месія.

Гэта слова Пана.

 

 

 

 

 Паводле Catholic.by

XX Звычайная нядзеля, Год А (20 жніўня)

XIX Звычайная нядзеля, Год А (13 жніўня) 

Свята Перамянення Пана, Год А (6 жніўня)  

XVII Звычайная нядзеля, Год А (30 ліпеня)

ХVI Звычайная нядзеля, Год А (23 ліпеня)  

 

 

 

 

  • Праглядаў: 1372