Калі паслухаецца цябе, то ты здабыў брата свайго
Сённяшні ўрывак Евангелля з’яўляецца другой часткай мовы пра супольнасць. Бачым у ёй два аспекта: братэрскае ўпамінанне (18,15-18) і малітва ў супольнасці (18,19-20). Першы вучыць нас таму, што трэба рабіць у канфліктнай сітуацыі, другі паказвае малітву супольнасці.
Настаўнікі Закону навучалі, што дакор павінен распачынацца з прыватнай размовы і звяртання ўвагі. Падкрэслівалі значэнне прыняцца дакораў. Крыўды асабістыя трэба прабачаць заўсёды. Упамінанне братэрскае дакранаецца граху, які не дазваляе чалавеку ўвайсці ў Валадарства Божае (Гал 5,19-21). Брат які грашыць з’яўляецца хворым чалавекам, таму ў духу любові трэба шукаць спосаб каб аздаравіць яго.
Касцёл праз сваю навуку ідзе за Езусам Хрыстом і сярод учынкаў міласэрнасці для душы бліжняга сфармуліраваў наступныя згодныя з сённяшнім урыўкам евангелля: настаўляць грэшнікаў, вучыць тых, хто не ведае і раіць тым, хто сумняваецца.
Калі асабістая сустрэча і размова не дае чаканага выніку, тады трэба скарыстацца з дапамогі іншых. Супольнасць касцёла спрабуючы вярнуць грэшніка паказвае, як ён сам сябе праз грэх адлучае ад усіх членаў касцёла.
Словы “звязваць і развязваць” выкарыстоўваліся ў значэнні зачыняць і адпускаць з вязніцы. Слова звязваць выкарыстана св. Паўлам у 1 Кар 7,27 кажучы пра сужэнскі саюз.
Апошні верш можа адносіцца да малітвы аб навяртанні і прабачэнні таго хто быў адлучаны ад супольнасці (1Ян 5,16). Калі не ўдаецца вярнуць брата да супольнасці гэта можа азначаць, што мы не знаходзімся ў дасканалай згодзе паміж сабой. Калі ёсць згода тады напэўна ёсць там і Хрыстус, які з’яўляецца крыніцай камуніі і Яго прысутнасць ёсць гарантыяй, што можна вярнуць загубленага брата да супольнасці.
бр. Юрый Краўчанка
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Калі ты не будзеш асцерагаць бязбожніка, будзеш адказваць за ягоную кроў
Чытанне кнігі прарока Езэхіэля
Так кажа Пан:
Cыне чалавечы, Я паставіў цябе вартаўніком дому Ізраэля. І ты будзеш слухаць словы з вуснаў Маіх, і будзеш перасцерагаць іх ад Майго імя. Калі Я скажу бязбожнніку: Бязбожнік, ты памрэш, — а ты нічога не будзеш гаварыць, каб асцерагчы бязбожніка ад дарогі яго, то ён памрэ ў несправядлівасці сваёй, але ты будзеш адказваць за ягоную кроў. Калі ты асцеражэш бязбожніка ад дарогі яго, каб адвярнуўся ад яе, і ён не адвернецца ад дарогі сваёй, то ён памрэ ў несправядлівасці сваёй, а ты ўратуеш душу сваю.
Гэта слова Божае.
ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ
Любоў ёсць выкананнем Закона
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.
Браты:
Не будзьце нікому павінныя нічога, апроч узаемнай любові: бо той, хто любіць бліжняга, выканаў Закон. Таму што запаведзі: не чужалож, не забівай, не крадзі, не пажадай ды ўсе іншыя змяшчаюцца ў адным наказе: Любі бліжняга твайго, як самога сябе. Любоў не чыніць бліжняму зла; любоў ёсць выкананнем Закону.
Гэта слова Божае.
ЕВАНГЕЛЛЕ
Калі паслухаецца цябе, то ты здабыў брата свайго
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Калі зграшыць супраць цябе брат твой, пайдзі і дакары яго сам-насам. Калі паслухаецца цябе, то ты здабыў брата свайго. Калі ж не паслухаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двух, каб вуснамі двух ці трох сведкаў пацвердзілася ўсялякае слова. Калі ж не паслухаецца іх, скажы касцёлу. А калі і касцёла не паслухаецца, то няхай ён будзе для цябе як язычнік і мытнік. Сапраўды кажу вам: што вы звяжаце на зямлі, тое будзе звязана ў небе, і што развяжаце на зямлі, тое будзе развязана ў небе.
Сапраўды таксама кажу вам, што, калі б двое з вас на зямлі згодна прасілі б нейкай рэчы, то станецца ім ад Айца Майго, які ў нябёсах. Бо, дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх.
Гэта слова Пана.
- Праглядаў: 1235