Skip to main content

Бо Сын Чалавечы прыйшоў знайсці і выратаваць тое, што загінула

 

 РАЗВАЖАННІ НАД БОЖЫМ СЛОВАМ 

 

Тры апошнія прыпавесці Езус скіроўвае выключна да сваіх вучняў, каб яны зразумелі веліч і вартасць Божага дару, для якога варта аддаць усё, што маеш.

У першай прыпавесці Езус кажа пра скарб, схаваны ў полі. Згодна з рымскім правам (таксама магло быць і ў габрэйскім), той, хто атрымаў або купіў поле, наследуе і тое, што знайдзе ў ім. Згодна з правам рабіністычным, той, хто працаваў на полі як наёмнік, не мог сабе ўзяць скарбу, гэта быў бы крадзеж. Плады працы належалі да гаспадара поля.

Сэнс прыпавесці пра скарб у тым, каб паказаць нам, што нябачныя скарбы не ўсімі могуць быць заўважаныя. Тое ж самае тычыцца і Валадарства Божага, якое ўжо распачалося, але не ўсе гэта заўважаюць, бо яно ёсць рэчаіснасцю ўнутранай, а не знешняй.

У другой прыпавесці чуем пра купца, які купляе пярліну. На Блізкім Усходзе пярліны былі сінонімам чагосьці каштоўнага. У прыпавесці падкрэсліваецца факт, што пайшоў і прадаў усё, што меў, каб яе купіць. Падобна і Валадарства Божае ёсць нязначным, але каштоўным, як пярліна. Знаходжанне яго патрабуе ад чалавека прысвячэння ўсяго жыцця.

Дзве гэтыя прыпавесці кажуць аб тым, як чалавеку дзейнічаць перад фактам здабыцця Божага Валадарства. Яно не закрытае, але з’яўляецца рэчаіснасцю адкрытаю і прысутнаю ў асобе Езуса Хрыста. Гэта Валадаранне Бога, якое ўвайшло ў нашу гісторыю і прысутнае цяпер у Касцёле і праз Касцёл (Мц 5, 13-16; 16, 18; 28, 18-20). Бог не хаваецца перад чалавекам, але хоча каб чалавек Яго пазнаў (Дз 17,26-31). Бог шукае чалавека “Бо Сын Чалавечы прыйшоў знайсці і выратаваць тое, што загінула” (Лк 19, 10).

У трэцяй прыпавесці бачым дзве сцэны: збіранне рыбы ўсялякага віду і сартаванне. Мора і рыбы з’яўляюцца сімваламі міра і народаў, якія яго насяляюць. Цяпер Езус праз сваіх вучняў кліча ў Валадарства ўсе народы. Касцёл абвяшчае керыгму, таму з’яўляецца бачным прадстаўніком Валадарства Божага на зямлі. Напаўненне сеці адбудзецца пры сканчэнні свету, тады адбудзецца сартаванне - адбіранне злых ад справядлівых. Вогненная печ, плач і скрыгатанне зубоў - гэта вобраз стану вечнага цярпення. Вынікае ён з аддзялення чалавека ад Бога, якога ўжо цяпер людзі не шукаюць і не знаходзяць праз веру, як Скарб і Пярліну.

Езус кажа да сваіх вучняў, якія ўжо прайшлі з Ім немалы шлях. Мы можам шмат ведаць пра Хрыста з навукі катэхетычнай, хтосьці паглыбляе свае веды Святым Пісаннем, але трэба, абапіраючыся на гэтае “старое”, пра якое кажа Езус, дадаць “новае”, а гэта жыццё з Хрыстом ва ўсім, што толькі можам сустрэць у нашым жыцці.

бр. Юрый Краўчанка

 

ЧЫТАННІ

 

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

1 Вал 3, 5. 7–12

Ты папрасіў сабе розуму

Чытанне Першай кнігі Валадарстваў.

У тыя дні:

У Гібэоне з’явіўся Пан Саламону ўначы падчас сну і сказаў: Што хочаш, каб Я даў табе? І сказаў Саламон: Цяпер, Пане мой Божа, Ты паставіў каралём слугу Твайго замест бацькі майго Давіда, але я малады і недасведчаны, каб валадарыць. І вось слуга Твой сярод народа Твайго, які Ты выбраў, народа такога вялікага, што яго нельга палічыць і перапісаць. Таму дай слузе Твайму сэрца, якое будзе разумець, як кіраваць народам, як адрозніваць дабро і зло, бо хто ж можа кіраваць такім вялікім народам, як Твой? І спадабалася Пану тое, аб чым Саламон папрасіў Яго. Тады Пан сказаў яму: Паколькі ты папрасіў сабе гэта, а не прасіў доўгага жыцця, багацця або згубы сваіх ворагаў, але папрасіў розуму, каб умець судзіць, то Я зраблю паводле слова твайго. Я дам табе такое мудрае і разумнае сэрца, якога не было да цябе ні ў кога і не будзе пасля цябе.

Гэта слова Божае.

 

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

Рым 8, 28–30

Прадвызначыў быць падобным да вобраза Сына свайго

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.

Браты:

Мы ведаем таксама, што тым, хто любіць Бога — пакліканым па Яго пастанове — усё садзейнічае дзеля дабра іхняга. Бо, каго Ён наперад пазнаў, таго і прадвызначыў быць падобным да вобраза Сына свайго, каб Ён быў першародным між многімі братамі; а каго прадвызначыў, таго і паклікаў, каго паклікаў, таго і апраўдаў; а каго апраўдаў, таго і ўславіў. Што ж скажам на гэта? Калі Бог за нас, хто супраць нас? Той, які Сына свайго не пашкадаваў, але аддаў Яго за ўсіх нас, як жа нам не дасць і разам з Ім усяго?

Гэта слова Божае.

 

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 13, 44–46

Прадае ўсё, што мае, і купляе яе

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў народу: Валадарства Нябеснае падобнае да скарбу, схаванага ў полі, які знайшоў чалавек і ўтаіў. У радасці ад гэтага ён ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе гэтае поле.

Яшчэ Валадарства Нябеснае падобнае да купца, які шукае прыгожых пярлін. Знайшоўшы адну каштоўную пярліну, ён ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе яе.

Гэта слова Пана.

 Паводле Catholic.by

 

 

 

  • Праглядаў: 1877