Skip to main content

Аблічча Ягонае заззяла, як сонца

 

Езус на хвіліну паказвае сваю Божую хвалу, пацвярджаючы вызнанне Пятра. Праз гэта паказвае, што каб “увайсці да сваёй хвалы” (Лк 24,26), павінен прайсці праз крыж у Ерузалеме. Майсей і Ілля бачылі хвалу Бога на гары; Закон і прарокі запаведвалі цярпенне Месіі. Воблака паказвае на прысутнасць Святога Духа: “Аб’явілася ўся Тройца: Айцец у голасе, Сын як чалавек, Дух у светлым воблаку” (паводле ККК 555). 

Выбраныя вучні, гэта тыя, якіх Езус паклікаў у першай чарзе (пар. Мц 4,18-22) і якія суправаджалі Езуса ў Садзе Аліўным (пар 26,37).

Евангелісты не кажуць на якой гары гэта адбывалася, але традыцыя хрысціянская адназначна кажа пра гару Табор. Адрозніваецца яна ад іншых самотна стаячая ў Галілеі. Была месцам змагання ў часах Судзяў (пар. Суд 4,12-16). 

Падчас свайго перамянення Езус размаўляе з Майсеем і Іллёю. Для габрэйскага народу яны з’яўляюцца прадстаўнікамі Закону (Тора) і прарокаў (Нэвіім), таго што найбольш важнае ў аб’яўленні для пазнання праўды (пар Мц 5,17; 7,12; 22,40; Дз 24,14; 28,23). Праз Майсея народ атрымаў ад Бога Закон, а Ілля стаў абаронцам гэтага Закону ў часах здрады Ізраэля.

У жаданні Пятра зрабіць тры шатры, можам убачыць вялікую павагу да Езуса, Майсея і Іллі. Шатры меў Ізраэль калі вандраваў праз пустыню і калі Бог быў гэтаму народу блізка. Воблака якое агарнула іх сімвалізуе прысутнасць Бога (пар. Вых 13,21; 24,15; 33,9).

Голас з неба называе Езуса “умілаваным” – гэта той які ўсё спаўняе згодна з воляй Бога:  «Вось слуга Мой, якога Я выбраў, умілаваны Мой, якога ўпадабала душа Мая. Духа Майго дам Яму, а Ён абвесціць суд народам. Не будзе пярэчыць і лямантаваць, і ніхто не пачуе на плошчах голасу Яго. Трысціны надламанай не пераломіць і не пагасіць тлеючага кнота, пакуль не давядзе суд да перамогі. І ў імені Ягоным народы будуць мець надзею».  (Мц 12,18-21).

У апостальскіх часах словам “умілаваны” называлі евангелізатараў, як і тых хто прыняў Евангелле ” (пар. Дз 15,25н; 1 Kар 4,14н, 1 П 2,11н, 2 П 3,17н).

Вучні адчулі страх, што з’яўляецца характарыстычнай рысай людзей старога Запавету і вынікаў з пераканання, што чалавек не можа ўбачыць Бога і застацца жывым (пар. Вых 19,21; Суд 13,22). Перамагае гэты страх дотык і словы Езуса.

Загад Езуса не распавядаць пра тое, што з імі адбылося вынікаў з жадання не дапусціць у думках людзей памылковага разумення Езуса, як Месіі. Толькі ў святле Мукі і Уваскрасення вучні стануць здольнымі зразумець Перамяненне Езуса і змогуць абвяшчаць праўду пра Яго (пар. Лк 24,44; Дз 2,23н; 3,18).  

 

бр. Юрый Краўчанка 

 

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Дан 7, 9–10. 13–14

Адзенне Ягонае было белае, як снег

Чытанне кнігі прарока Даніэля.

Я бачыў, як ставілі троны, і Старадаўні сеў. Адзенне Ягонае было белае, як снег, а валасы на галаве Ягонай, як чыстая воўна. Трон Ягоны быў, як полымя агню, а колы, як палаючы агонь. Вогненная рака разлівалася і выцякала ад Яго. Тысячы тысячаў служылі Яму, і дзесяць тысяч дзесяткаў тысяч стаялі перад Ім. Суд сеў, і разгарнуліся кнігі.

Бачыў я ў начных візіях: вось разам з аблокамі нябеснымі ішоў нібы Сын Чалавечы, наблізіўся Ён да Старадаўняга, і быў падведзены да Яго. І дадзена Яму была ўлада, і гонар, і валадарства. І ўсе народы, плямёны і мовы служылі Яму. Улада Ягоная – вечная ўлада, якая не адымецца. І валадарства Ягонае не будзе знішчана.

Гэта слова Божае.

 

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

2 П 1, 16–19

Мы чулі, як гэты голас даносіўся з неба

Чытанне Другога паслання святога апостала Пятра.

Умілаваныя:

Мы далі вам спазнаць моц і прыйсце нашага Пана Езуса Хрыста, не ідучы за мудра складзенымі байкамі, але будучы відавочцамі Ягонай велічы. Ён атрымаў ад Бога Айца пашану і славу, калі ад велічнай славы да Яго сышоў такі голас: Гэта Мой Сын умілаваны, якога ўпадабаў Я. І мы самі чулі, як гэты голас даносіўся з неба, калі былі з Ім на святой гары.

Да таго ж у нас ёсць мацнейшае, прароцкае слова. І вы добра зробіце, калі будзеце трываць пры ім, як пры лямпе, што свеціць у цёмным месцы, пакуль не пачне світаць дзень і зараніца не ўзыдзе ў сэрцах вашых.

Гэта слова Божае.

 

ЕВАНГЕЛЛЕ Ў ГОД А

Мц 17, 1–9

Аблічча Ягонае заззяла, як сонца

+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Узяў Езус Пятра, Якуба і Яна, брата ягонага, і павёў іх адных на высокую гару. І перамяніўся перад імі, а аблічча Ягонае заззяла, як сонца, і адзенне Ягонае стала белае, як святло. І вось з’явіліся ім Майсей і Ілля, і размаўлялі з Ім.

Пётр сказаў у адказ Езусу: Пане, добра нам тут быць. Калі хочаш, я зраблю тут тры шатры: адзін для Цябе, адзін для Майсея і адзін для Іллі.

Калі ён яшчэ казаў, светлае воблака агарнула іх, і вось голас з воблака сказаў: Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў. Яго слухайце. Пачуўшы гэта, вучні ўпалі ніцма і вельмі спалохаліся.

А Езус падышоў, дакрануўся да іх і сказаў: Устаньце і не бойцеся. Калі яны ўзнялі свае вочы, нікога не ўбачылі, акрамя аднаго Езуса.

І калі сыходзілі з гары, Езус загадаў ім, кажучы: Нікому не кажыце пра гэтае бачанне, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых.

Гэта слова Пана.

 

 Паводле Catholic.by

 

 

 

XVII Звычайная нядзеля, Год А (30 ліпеня)

ХVI Звычайная нядзеля, Год А (23 ліпеня)  

 

 

 

 

  • Праглядаў: 2554