Аддайце цэзарава цэзару, а Божае — Богу
У гэтым фрагменце Евангелля можам убачыць, якія павінны быць нашы адносіны да свету матэрыяльнага і да Бога. Кожны дзень карыстаемся грашыма, якія зарабляем. Зарабляем не толькі для сябе, але і для блізкіх, для сям’і. Матэрыяльнымі рэчамі дапамагаем людзям у патрэбе.
Мір Бога звяртае нашую ўвагу да спраў вечных. Езус не хоча раздзяліць гэтыя два светы, але хоча падкрэсліць, што яны патрабуюць нашай асабістай увагі, і мы не можам ніводзін з іх занядбоўваць.
Калі ўзяць пад увагу ранейшы ўрывак Евангелля, то ўбачым, што фарысеі былі пакрыўджаныя і захацелі адпомсціць. Дзеля гэтага задалі пытанне, на якое адказ так ці не скампраметаваў бы Езуса або ў вачах рымскай улады, або ў вачах тых, хто ішоў за Ім. У тым часе габрэі плацілі падаткі калабарантам, якія пагражалі як ладу грамадскаму, так і рэлігійнаму. Тым больш, што на манеце быў выбіты абраз цэзара, які хацеў такога ўшанавання, які мае толькі Бог.
Адказ Езуса захапляе не толькі тым, што абмінае пастку фарысеяў, але гэты адказ мае ў сабе пытанне пра нашую тоеснасць. Які вобраз мы носім у нашым сэрцы? Ад першай кнігі Святога Пісання ведаем, што мы створаныя на вобраз і падабенства Бога (Быц 1,27). Таму трэба памятаць, што Богу належым. Яго вобраз носім у сваім сэрцы.
бр. Юрый Краўчанка
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Я трымаю моцна правіцу Кіра, каб пакарыць перад абліччам Ягоным народы
Чытанне кнігі прарока Ісаі.
Так кажа Пан свайму памазанніку Кіру:
Я трымаю моцна ягоную правіцу,
каб пакарыць перад абліччам ягоным народы
і развязаць паясы каралёў,
каб адчыніць перад ім дзверы;
каб брамы не былі зачыненымі.
Дзеля слугі майго Якуба
і Ізраэля, выбранніка майго,
я назваў цябе імем тваім;
Я даў табе ганаровае імя,
хоць ты і не ведаў Мяне.
Я — Пан, і няма іншага.
Апроч Мяне няма бога.
Я падперазаў цябе, хоць ты не ведаў Мяне,
каб даведаліся ад усходу сонца і да захаду,
што няма нікога апроч Мяне.
Я — Пан, і няма іншага.
Гэта слова Божае.
ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ
Памятаючы пра вашую справу веры і клопат любові, і пра цярплівую надзею
Чытанне Перашага паслання святога апостала Паўла да Тэсаланікійцаў.
Павел і Сілуан, і Цімафей да Касцёла Тэсаланікійцаў у Богу Айцу і Пану, Езусе Хрысце; ласка вам і спакой.
За ўсіх вас заўсёды дзякуем Богу, узгадваючы вас у малітвах нашых, няспынна памятаючы пра вашую справу веры і клопат любові, і пра цярплівую надзею на Пана нашага Езуса Хрыста перад Богам і Айцом нашым, ведаючы, умілаваныя Богам браты, пра выбранне вашае. Бо нашае Евангелле не было да вас толькі ў слове, але і ў сіле, і ў Святым Духу, і ў поўнай перакананасці.
Гэта слова Божае.
ЕВАНГЕЛЛЕ
Аддайце цэзарава цэзару, а Божае — Богу
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Фарысеі пайшлі і раіліся, як бы злавіць Езуса на словах.
I пасылаюць да Яго вучняў сваіх разам з прыхільнікамі Ірада, каб сказалі: Настаўнік, мы ведаем, што Ты праўдзівы і шляху Божаму праўдзіва навучаеш і не зважаеш ні на кога, бо не глядзіш на асобу чалавека. Таму скажы нам: Як Табе здаецца, ці належыць даваць падатак цэзару, ці не?
Але Езус, ведаючы зласлівасць іхнюю, сказаў: Што выпрабоўваеце Мяне, крывадушныя? Пакажыце Мне падатковую манету. Яны прынеслі Яму дынар. І кажа ім: Чыя гэта выява і надпіс? Кажуць Яму: Цэзара. Тады кажа ім: Дык аддайце цэзарава цэзару, а Божае — Богу.
Гэта слова Пана.
Папярэднія каментары можна прагледзець тут: Каментары
- Праглядаў: 1828