Skip to main content

Усіх, каго сустрэнеце, запрасіце на вяселле

 

Каб раз’ясніць таямніцу Валадарства Божага, Езус карыстаецца аналогіяй, у якой прысутнічае вобраз з вяселля. У вяселлі магла ўдзельнічаць вялікая колькасць людзей. Багатыя людзі запрашалі нават усіх, хто жыў у мясцовасці. Час трывання вяселля даходзіў да тыдня: запрошаныя павінны былі прысвяціць гаспадару шмат часу. Для тых, хто меў працу, звязаную з гаспадаркай, гэта было зрабіць вельмі цяжка. У апавяданні Езуса бачым, што кароль своечасова паведаміў запрошаным, каб маглі падрыхтавацца, дадаткова другі раз прасіў, кажучы аб тым, як ён падрыхтаваўся да гэтага вяселля.

Рэакцыя запрошаных зусім неадэкватная, таму менш здзіўлення прыносіць факт кары, якую кароль здзяйсняе адносна запрошаных і нават іх гарадоў.

Калі гэтую прыпавесць актуалізаваць да часу, калі яна прагучала, то можам убачыць, як Езус далікатна кажа тагачасным людзям-габрэям аб дабрыні Бога, праяўленай у запрашэнні да ўдзелу ў сваім жыцці і неахвоце людзей, якую яны выказалі адносна слугаў Бога – прарокаў. Пазней адкінулі Езуса, і ў выніку такіх іх паводзінаў быў знішчаны Ерузалем.

Справа дайшла да таго, што кароль запрашае ўсіх, каго сустрэнуць яго слугі. Усе людзі ведаюць, што на вяселле трэба прыходзіць у адпаведнай вопратцы. Калі хтосьці паступае інакш, то гэта кажа пра неўшанаванне гаспадара. Гэта кароль не гатовы цярпець, таму і наступае неадкладная яго рэакцыя.

Мы можам бачыць запрашэнне Езуса, скіраванае да нас, і гэта запрашэнне на вяселле, якое ёсць сакрамэнтам Эўхарыстыі. Адпаведная вопратка - нашае жыццё з Богам.

бр. Юрый Краўчанка

 

  

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Іс 25, 6–10а

Пан прыгатуе гасціну і вытра слёзы з усіх твараў

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

У той дзень:

Пан Магуццяў прыгатуе для ўсіх народаў на гэтай гары 
гасціну з тлустых страў, гасціну з добрага віна, 
з туку касцей ды з найлепшага віна. 
Скіне Ён на гэтай гары заслону, 
што закрывае твар усіх народаў, 
покрыва, расцягнутае над усімі плямёнамі. 
Ён знішчыць смерць назаўсёды. 
І вытра Пан Бог слёзы з усіх твараў, 
і здыме ганьбу з народа свайго па усёй зямлі, 
бо так сказаў Пан.
І скажуць у той дзень:
 Гэта Ён, наш Бог! 
На Яго мы спадзяваліся, што Ён нас збавіць.
Гэта Пан, у Ім наша надзея, 
будзем радавацца і весяліцца ў Яго збаўленні! 
Бо рука Пана спачне на гэтай гары.

Гэта слова Божае.

 

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

Флп 4, 12–14. 19–20

Усё магу ў тым, хто ўзмацняе мяне

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Філіпянаў.

Браты:

Я ўмею быць і ў прыніжэнні, умею быць і ў дастатку; я прывучыўся да ўсяго і ва ўсім, і насычацца, і галадаць, і быць у дастатку, і цярпець нястачу. Усё магу ў тым, хто ўзмацняе мяне. Аднак вы добра зрабілі, раздзяліўшы са мною цярпенне маё. 

А мой Бог няхай споўніць усялякую вашую патрэбу паводле свайго багацця ў хвале, у Езусе Хрысце. Богу ж і Айцу нашаму хвала на вякі вечныя. 

Гэта слова Божае.

 

 ЕВАНГЕЛЛЕ

Мк 22, 1–10

Усіх, каго сустрэнеце, запрасіце на вяселле

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Адказваючы, Езус зноў расказаў прыпавесць першасвятарам і старэйшынам народа: Валадарства Нябеснае падобнае да караля, які справіў вяселле для сына свайго. I паслаў слугаў сваіх паклікаць запрошаных на вяселле, але не хацелі прыйсці. 

Зноў паслаў іншых слугаў, кажучы: Скажыце запрошаным: вось я прыгатаваў гасціну маю, зарэзаны валы мае і адкормлена жыўнасць, і ўсё падрыхтавана. Прыходзьце на вяселле! 

Але яны пагардзілі і адышлі: хто на сваё поле, а хто на свой гандаль. Астатнія ж, схапіўшы слугаў ягоных, зняважылі і забілі іх. 

Кароль жа раззлаваўся і, паслаўшы войска сваё, знішчыў забойцаў гэтых і падпаліў іхні горад. 

Тады ён кажа сваім слугам: Вяселле гатова, але запрошаныя не былі годнымі. Таму пайдзіце на ростані і ўсіх, каго сустрэнеце, запрасіце на вяселле. I слугі тыя, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго знайшлі: і кепскіх, і добрых. І напоўнілася вяселле гасцямі. 

Гэта слова Пана.

 

  Catholic.by

 

Папярэднія каментары можна прагледзець тут: Каментары

 

  • Праглядаў: 1714