Skip to main content

Парафія ў Докшыцах адзначыла 30-годдзе кансэкрацыі касцёла

| Падзеі »
4 10 2025 docshicy30g85
 4 10 2025 docshicy30g13

У суботу 4 кастрычніка, акурат ва ўспамін св. Францішка, парафія ў Докшыцах, дзе цяпер служыць пробашчам бр. Ігар Колзун, адзначыла 30-ю гадавіну кансэкрацыі касцёла. Дзякаваць Богу за гэтыя гады сабраліся браты капуцыны з усёй Беларусі на чале з кусташам бр. Алегам Шэндам, шматлікія святары з суседніх парафій, сёстры Адараторкі Крыві Хрыста, якія ў розныя часы працавалі ў парафіі, а таксама шматлікія вернікі з розных капуцынскіх парафій Беларусі, у тым ліку і нашай парафіі. Былі запрошаны таксама прадстаўнікі мясцовай улады. Узначаліў святочную Імшу Яго Эксцэленцыя дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

 4 10 2025 docshicy30g43

У гаміліі уладыка адзначыў, што гэты дзень для парафіі з’яўляецца падвойным святам. З аднаго боку, гэта юбілейная дата з моманту асвячэння касцёла, калі ён ператварыўся са звычайнага будынка ў дом Божы - выключную уласнасць Хрыста, месца, дзе адбываецца сапраўдная сустрэча чалавека з Богам і дзе чалавек дакранаецца да святая святых. Найперш, іерарх выказаў словы падзякі ўсім, хто прымаў удзел у будоўлі касцёла, які сваім прывабным знешнім выглядам ўпрыгожвае цэнтр горада: “Кожная цагелка – гэта кавалачак сэрца кожнага з людзей, якія дапамагалі будоўлі. Кожная малітва, ахвяра, праца - важныя. І пры будаванні, і далей пры ўтрыманні святыні”.

 4 10 2025 docshicy30g14

З другога боку, гэта ўспамін св. Францішка Асізскага, заснавальніка і апекуна ордэна братоў капуцынаў. І гэта невыпадкова. Гэтак, як Францішак, які жыў на мяжы 12 і 13 стагоддзяў у складаныя часы шматлікіх ерэтычных плыняў і ўласным прыкладам жыцця ва ўбогасці і цярпенні, служэннем бедным, малітвай, прысутнасцю сярод людзей спрычыніўся да шматлікіх навяртанняў і аднаўлення веры, так і ў нашыя часы яго духоўныя сыны служаць па ўсім свеце. А некалі з’явіліся і на докшыцкай зямлі. “Калісьці тут, каля Докшыц, у Ваўкалаце працаваў кс. Пётр Ясевіч. Ён скончыў семінарыю ў Рызе, насіў чорную сутану, і ніхто ў тыя часы не ведаў, што ён належыць да ордэна капуцынаў. Менавіта ён заўважыў патрэбу збудаваць тут, у Докшыцах, святыню. Можна сказаць, што сваім натхненнем ён заклаў першую цагліну ў яе паўстанні. Працягваць працу прыехалі ўжо іншыя браты капуцыны, якія за гэты час шмат разоў змяняліся, і кожны сваёй працай зрабіў унёсак у тое, што мы бачым тут, - распавёў Яго Эксцэленцыя. – Не толькі ў збудаванне сцен, але, што найважней, у будаванне парафіі, каб кожнаму хацелася прыйсці ў святыню і адчуваць, што тут ён дома. Гэта нялёгкая справа”.

 4 10 2025 docshicy30g66

Бп. Юрый заахвоціў услед за Францішкам, які імкнуўся несці супакой і дабро ўсім, каго сустракаў, вучыцца заўважаць іншага чалавека, не быць абыякавым, падтрымліваць добрым словам усіх, каго Госпад прывядзе сюды. “<…>пакуль ёсць час, будзем рабіць дабро <…>” (Гал 6:10). Езус у гэтай святыні чакае кожнага. Не толькі моцна веруючых, але і тых, хто пакуль шукае. Чакае, каб зрабіць шчаслівым. Не ў свецкім разуменні шчасця, а ў сапраўдным, глыбокім разуменні. Бо шчасце – гэта мець у сэрцы самога Бога.

 4 10 2025 docshicy30g16

Напрыканцы гаміліі Яго Эксцэленцыя падзякаваў братам капуцынам і сёстрам Адараторкам Крыві Хрыста за шматгадовае плённае служэнне і пажадаў, каб “гэты храм заўсёды быў месцам, дзе здзяйсняюцца сакрамэнты, дзе чалавек сустракае Бога - месцам Божым на вякі”.

 4 10 2025 docshicy30g68

Пасля гаміліі вернікі парафіі, моладзь і старэйшыя, з хваляваннем прынеслі да алтара дары.

 4 10 2025 docshicy30g30

Свечку - сімвал святла Божай любові, якое ніколі не гасне.

 4 10 2025 docshicy30g35

Цагліну - сімвал высілкаў кожнага з тых, хто будаваў касцёл - і сцены, і супольнасць, а таксама сімвал сэрцаў вернікаў, якія хочуць быць жывымі камянямі ў Божым духоўным доме.

 4 10 2025 docshicy30g38

Кветкі - сімвал сваёй любові і ўдзячнасці за прыгажосць гэтага Божага дому і за любоў, у промнях якой кожны пачынае квітнець.

 4 10 2025 docshicy30g41
 4 10 2025 docshicy30g45

Хлеб, ваду і віно, якія павінны стаць Целам і Крывёй, перамяніць, ачысціць і з’яднаць усіх вернікаў.

 4 10 2025 docshicy30g63

Пасля св. Імшы мясцовыя парафіяне прадставілі імпрэзу, у якой распавялі гісторыю парафіі і святыні. Спевы, фотаздымкі, відэа, сведчанні непасрэдных удзельнікаў дапамаглі адчуць сябе відавочцамі мінулых падзей.

 4 10 2025 docshicy30g81

А далей усіх гасцей чакаў пачастунак, размовы, радасныя прывітанні і абдымкі. Бо многія вернікі капуцынскіх парафій ведаюць адзін аднаго і братоў, быццам сям’я - “сям’я капуцынскай духоўнасці”, як заўважыў біскуп Юрый. І потым дадаў: “Калі ў нас адно сэрца, гэта сведчыць аб любові Божай”.

 4 10 2025 docshicy30g90

Тэкст: Кацярына Савянок

Фота: Эрык Савянок