Skip to main content

У парафіі адзначылі ўспамін святога Францішка

| Падзеі »
 3.10.2025 tranzitus21

Ужо амаль 8 стагоддзяў Каталіцкі Касцёл 4 кастрычніка ўшаноўвае памяць святога Францішка Асізскага – заснавальніка трох францішканскіх ордэнаў (манаскіх - мужчынскага і жаночага, а таксама трэці - для свецкіх людзей). У францішканскіх касцёлах успамін свайго заснавальніка пачынаюць адзначаць яшчэ вечарам 3 кастрычніка: духоўныя дзеці святога айца ўдзельнічаюць у адмысловым набажэнстве Транзітус (з лат. “пераход”) на ўспамін яго благаслаўлёнай смерці. 

 3.10.2025 tranzitus26

У гэтым годзе адметнай рысай францішканскіх набажэнстваў у нашым касцёле стала адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, якая трывала праз увесь дзень, а таксама ўдзел прадстаўнікоў дамініканскага ордэна - выраз старадаўняга сяброўства паслядоўнікаў св. Францішка і св. Дамініка. Дзякаваць Богу за святога патрыярха і скіраваць да нас слова прыбыў а. Павел Мажэйка ОР з супольнасці дамініканцаў у Віцебску, а таксама с. Марыя Емяльянчык ОР, настаяцельніца супольнасці дамініканак у Баранавічах.

 3.10.2025 tranzitus05

Падчас гаміліі а. Павел звярнуў увагу на словы з Евангелля “Гора табе…”, якія прагучалі ў літургіі слова. Езус кіраваў іх да жыхароў розных гарадоў, якія не прымалі Яго вучэнне, нягледзячы на ўсе ўчыненыя Ім цуды. Ён меў намер абудзіць людзей, каб убачылі, якое вялікае дабро ўпускаюць. “Гэтак Ён мог бы сказаць цяпер: «Гора табе, Маладзечна, бо ты маеш такую ласку: касцёл і братоў капуцынаў. Ці прыходзіш да гэтай крыніцы жыцця!» - заўважыў святар. – З раніцы трывала адарацыя. Надвор’е пахмурнае, але тут было сонца – Езус Хрыстус. Ці наведаў?

А. Павел нагадаў, што ў гэтым годзе 800-гадовы юбілей адзначае гімн праслаўлення “Laudato Si” (“Будзь праслаўлены”), які св. Францішак напісаў незадоўга да сваёй смерці. У ім св. Францішак праслаўляе Творцу за ўсе стварэнні (сонца, зоркі, ваду, паветра, зямлю, жывых істотаў), якія адлюстроўваюць Яго прыгажосць і веліч. Святы называе ўсе стварэнні братамі і сёстрамі на знак таго, што ўсе маюць адзінага творцу-айца – Бога. І хоць гэтаму гімну шмат стагоддзяў, ён не перастае быць “хітом” і нясе для нас актуальную думку і заахвоту, каб мы наноў убачылі Божыя стварэнні і наноў імі захапіліся, не прапусцілі тое Дабро, якое маем ад Бога, каб умелі з яго цешыцца, дзякаваць за яго і шанаваць.

 3.10.2025 tranzitus10

Святар падкрэсліў, што, нягледзячы на тэхнічны прагрэс, і ў нашыя часы чысціня вады, прыгажосць кветак, блакіт нябёсаў, загадкавы бляск зорак, святло Сонца ёсць нечым фундаментальна каштоўным і вяршыняй прыгажосці. Дагэтуль любая дзяўчына будзе радавацца, калі яе назавуць кветачкай і сонейкам. А на камплімент накшталт: “Ты такая прыгожая, быстрая, сучасная, дарагая для мяне, як Айфон 17,” – яна можа і пакрыўдзіцца: “Што я - квадратная і маю 3 вокі?”

У нашым імклівым жыцці мы хутка забываем пра гэтае дабро. Калі мы апошні раз глядзелі на зоркі? Ці не жывем мы падобна да парсючкоў, якія маюць такі склад цела, што няздольныя глядзець у неба?

Св. Францішак меў вочы быццам малога дзіцяці і ўмеў заўважаць, здзіўляцца і захапляцца гэтай цудоўнай і непазнанай рэчаіснасцю. Варта прасіць у святога, каб дапамог і нам глядзець на стварэнні хаця б крыху, як ён, заўважаць галоўнае, Божае сярод шматлікіх спраў і штодзённай мітусні.

 3.10.2025 tranzitus01

А. Павел таксама звярнуў увагу на тыя радкі гімну, дзе Францішак праслаўляе Бога за людзей, якія выбралі ўбогасць – жыццё ў беднасці, пакоры і поўным даверы да Бога. Ён меў на ўвазе сваіх сабратоў у ордэне. І сам Францішак, сын паспяховага гандляра тканінамі, адмовіўся ад усёй спадчыны, хоць яго чакала забяспечаная будучыня. У чым жа вартасць такога жыцця? Не трэба лічыць убогасцю стан, у якім апынуўся чалавек, калі растраціў маёмасць на залежнасці. Сапраўдная ўбогасць – гэта добраахвотнае і свабоднае адданне, нават калі з гэтага самі церпім патрэбу і нязручнасць.

У кнізе “Святы Францішак Асізскі” Г.К. Чэстэртан разважае над адным з аспектаў убогасці - беднасцю: чалавек, які прысвяціў сябе Богу, можа ісці да любых людзей, нават да злодзеяў, бо тыя не маюць, за што яго “зачапіць”. Гэтак мелкая рыбка праскоквае праз сетку. Калі не маю нічога цэннага, то магу і не замыкаць кватэру і не буду выклікаць зайздрасць, якая аддаляе людзей.

Іншы аспект убогасці – пакора і залежнасць ад Бога. Усё, што маем – гэта дары Яго любові: і само жыццё, і адкупленне. Разуменне такіх вялікіх дароў, якія нам дадзены, вядзе да ўсведамлення, што мы не гаспадары свайго жыцця і павінны Богу шмат любові. “Хто ведае, што яго доўг неаплатны, той увесь час аддае, кідае ў прорву падзякі,” – падкрэсліў святар.

 3.10.2025 tranzitus47

Але ўсё, што мы можам даць Богу – гэта тое, што ад Яго і атрымалі. І наш дар Яму падобны на падарунак дзіцяці, які, каб штосьці падараваць бацькам, мусіць спачатку гэта купіць за бацькоўскія грошы.

Асаблівую вартасць нашыя ўдзячнасць і жаданне адказаць на любоў Бога набываюць не тады, калі абапіраем іх на атрыманыя даброты, але тады, калі прымаем “цяжкія” дары – свае крыжы, каб несці разам з Хрыстом.

У той жа кнізе Чэстэртана напісана, што "Францішак упіваўся постам, як упіваюцца віном, шукаў убогасці, як шукаюць грошы". Браты шукалі прыніжэнняў, цярпенняў, каб з радасцю іх прыняць для Божай хвалы. З глыбокім даверам і спадзяваннем на Бога яны ішлі на місіі, не ведаючы моваў, не маючы падтрымкі, і лепшымі месцамі лічылі тыя, пра якія людзі казалі: “Не хадзіце туды, бо заб’юць”. І Бог дзейнічаў: хтосьці іх пачуў і навярнуўся. Францішак таксама шукаў мучаніцтва і быў пачуты – атрымаў стыгматы.

У апошніх радках свайго гімна Францішак называе цялесную смерць сястрой і праслаўляе за яе Бога. “Благаслаўлёныя, каго яна насцігае пры выкананні Божых спраў”, бо для іх яна з’яўляецца пераходам да Нябеснай Айчыны - смерцю шчаслівай. Але “гора тым, якія паміраюць у смяротных грахах”. Ці хачу, каб смерць стала для мяне сястрой? Ці імкнуся я ў сваёй штодзённасці заўважыць шматлікія Божыя дары, не ўпусціць іх, з удзячнасцю шукаць магчымасцяў служыць Богу і праслаўляць Яго, каб Яго любоў не была неўзаемнай?

Напрыканцы святар заахвоціў прыгледзецца да сённяшняга святога, узяць для сябе штосьці і адразу пачаць практыкаваць у сваім жыцці, каб не страціць час.

 2025.10.04 106

Пасля вячэрняй Імшы ў суботу 4 кастрычніка прысутных чакаў цудоўны падарунак - канцэрт, на якім прагучалі спевы ў выканні с. Марыі Емельянчык і моладзі з Баранавіч. 

 2025.10.04 109

 

   

 

А потым можна было пачаставацца глінтвейнам і слодыччу, а таксама набыць прыгожыя і карысныя рэчы, якія старанна выраблялі францішканскія супольнасці нашай парафіі (Рыцары, моладзь і ордэн свецкіх).

 2025.10.04 104

Шчыра дзякуем нашым гасцям-дамініканцам за скіраванае слова і прыгожы спеў і вельмі спадзяемся, што сумеснае праслаўленне Бога за св. Францішка ў нашай парафіі стане традыцыяй.

Тэкст: Кацярына Савянок

Фота: Эрык Савянок, бр. Андрэй Жылевіч

***

Францішак Асізскі

Францішка жыццё - гэта прыклад яскравы
Веры глыбокай у Божую ласку.
Не плашч каралеўскі прынёс яму славу,
А сціплы карычневы хабіт манаскі.

Францыск у Асізі калісь нарадзіўся,
У паважнай сям'і і багатай.
Жыў бесклапотна, як птах, весяліўся,
Ператвараючы будні у святы.

Якой ён жыццёвую бачыў дарогу?
Стаць знакамітым, багатым самому.
Але неўзабаве пачуў голас Бога
І на жыццё паглядзеў па другому.

Грошы раздаў жабракам і нямоглым.
Сэнс у жыцці - не ў срэбных манетах!
І без ваганняў пакрочыў за Богам,
Каб жыць на зямлі па яго запаветах.

Дні пацягнуліся. Спраў тут - удосталь!
Людзям да Бога адкрыць трэба дзверцы.
Храм будаваць і на плошчы няпроста.
А як збудаваць яго ў кожнага ў сэрцы?

Стома ахутвае хмарай ваўнянай.
Дзень пачынаецца з променем першым.
Лечыць Францішак збалелым іх раны.
Піша пяшчотныя, дзіўныя вершы.

Вось і зямны ўжо шлях на зыходзе.
Але пра яго ніхто не забудзе.
Голас Францішка праз тысячагоддзе
Кліча служыць нас Богу і людзям.

Аўтар: Святлана Бельская