Свята цяпла і ўдзячнасці: парафіяльны Caritas павіншаваў старэйшае пакаленне.

У нядзелю, 5 кастрычніка, у парафіяльнай капліцы панавала асабліва цёплая і радасная атмасфера.
Валанцёры нашага парафіяльнага Caritas зладзілі сапраўднае свята для бабуль і дзядуляў нашай супольнасці, прысвечанае Міжнароднаму дню пажылых людзей.

Сустрэча распачалася з прывітальных словаў брата Андрэя Жылевіча, які ад усяго сэрца павіншаваў шаноўных гасцей са святам, пажадаўшы ім моцнага здароўя, радасці, дабрабыту і Божага благаслаўлення на кожны дзень.
Пасля гэтага капліца напоўнілася гукамі музыкі і паэзіі. Таленавітыя парафіяне і запрошаныя госці падрыхтавалі насычаную канцэртную праграму. Для нашых бабуль і дзядуляў прагучалі шчырыя песні і вершы, прысвечаныя іх мудрасці, дабрыні і неацэннаму жыццёваму досведу. Свята было настолькі жывым і энергічным, што не абышлося і без танцаў, якія выклікалі шмат усмешак і апладысментаў.

Напрыканцы канцэртнай часткі кожны госць атрымаў памятны падарунак — прыгожы кубак з выявай нашага касцёла і тэкстам малітвы святога Францішка Асізскага. Гэта не проста сувенір, а штодзённы напамін пра малітву і родную парафіяльную супольнасць, якая заўсёды памятае і клапоціцца пра сваіх вернікаў.
Канешне, галоўным пачастункам сталі, безумоўна, зносіны, але і падмацавацца смачным ніхто не быў супраць. Пасля супольнай малітвы і благаслаўлення ежы ўсе сабраліся за сталом, дзе пакаштавалі смачную піццу і салодкія прысмакі. У нязмушанай атмасферы размовы не сціхалі, а самыя актыўныя парафіяне працягвалі спяваць любімыя песні і нават танчыць, паказваючы прыклад сапраўднай радасці жыцця.

Выказваем шчырую ўдзячнасць людзям сталага веку нашай парафіі за іх мудрасць, за ціхую малітву, за непахісны прыклад веры і адданасці Богу. Жадаем вам моцнага здароўя, Божай апекі ў кожны дзень і з нецярпеннем чакаем наступнай сустрэчы!

Асобная падзяка валанцёрам парафіяльнага Caritas за арганізацыю такога цудоўнага і патрэбнага свята, якое сагрэла сэрцы і пакінула самыя светлыя ўражанні.
Тэкст, фота: Ірына Фаміна