У аўторак 23 верасня адзначылі парафіяльнае свята ў гонар а. Піо

У аўторак 23 верасня азначыць парафіяльную ўрачыстасць і праславіць Бога за святога айца Піо – брата капуцына, стыгматыка і вялікага цудатворцу – сабраліся святары і вернікі з розных парафій.

Напачатку ўрачыстасці бр. Андрэй Жылевіч прывітаў гасцей: новага дырэктара салезіянскай супольнасці ў Смаргоні кс. Алега Каралёва SDB, пробашча парафіі св. Арханёла Міхала ў Смаргоні кс. Артура Ляшнеўскага SDB, кс. кан. Юрыя Быкава, кс. Юрыя Бараўнёва, кс. Паўла Шылака, кс. Андрэя Фёдарава. Асаблівым госцем урачыстасці быў бр. Яўген Голуб OFMConv, францішканін з Івянца, які ўзначаліў св. Імшу, а таксама скіраваў да прысутных слова.

Падчас гаміліі бр. Яўген падзяліўся, што ў адной размове пачуў думку аб тым, як было б цікава, каб кожны са святароў падчас пасвячэння фізічна станавіўся падобным да Хрыста: нікуды не схаваешся і немагчыма было б павярхоўна ўспрымаць святарства. Гэтак можна сказаць пра айца Піо, які стаў увасабленнем Хрыста Укрыжаванага і Хрыста Уваскрослага. Ён быў вельмі падобны да Езуса тым, што меў стыгматы і шматлікія надзвычайныя дары: бачанне сэрцаў, білакацыя, левітацыя, разуменне розных моваў. "Айцец Піо не мог быць збоку ад Езуса. Ён быў “прыпячатаны” да Хрыста. Гэта ўражвае. Але такія надзвычайныя ўласцівасці – гэта дар Бога. Мы можам імі захапляцца, яны могуць нас уражваць, але мы не можам іх наследаваць. Ніхто з нас не можа сам па сабе ўласнымі сіламі напружыцца настолькі, каб стаць як Хрыстос і, напрыклад, займець стыгматы", - заўважыў святар, узгадаўшы забаўны выпадак з жыцця святога, калі адзін з навукоўцаў агучыў сваё меркаванне наконт стыгматаў, што яны з'яўляюцца псіхасаматычнай рэакцыяй на доўгія разважанні манаха над мукай Хрыста, і атрымаў ад а. Піо адказ: “Думай пра карову, і ў цябе вырастуць рогі”.

Даючы надзвычайныя дары айцу Піо, Бог, аднак, пакінуў яму яго чалавечнасць, яго тэмперамент сапраўднага італьянца, яго характар. І гэтым ён блізкі да нас і можа быць нам і прыкладам, і братам. Паказваючы нам чалавечы бок а. Піо, Бог дэманструе, што нашыя чалавечыя асаблівасці - гэта не тое, што можа перашкаджаць на дарозе да святасці. Вядома, што а. Піо змагаўся з сабой, стараўся быць больш лагодным да тых, хто прыходзіў, стараўся кожнага выслухаць. Такая ўнутраная барацьба шмат яму каштавала. І ў гэтым мы можам наследаваць сённяшняга святога - вучыцца лагоднасці, прабачэнню, прыняццю сябе і другога чалавека. Кожны цуд – гэта знак прысутнасці Божай, у якой высілкі чалавека мінімальныя. А тое, як мяняецца нашае сэрца, наш характар, як яны становяцца больш прыгожымі – да гэтага мы маем дачыненне, гэта нашы высілкі. Хоць вынікі тут не такія хуткія, але ў рэтраспектыве можна ўбачыць, якую вялікую працу, сумесна з Богам, мы зрабілі.

Яшчэ адзін аспект, на які звярнуў увагу прапаведнік, - гэта тое, што Бог не забірае ў а. Піо яго індывідуальнасць. Бр. Яўген прызнаўся, што перад пасвячэннем меў страх: “Калі я стану манахам, святаром, ці не забярэ ў мяне Бог усё, што я люблю?” Духоўны кіраўнік дапамог яму знайсці адказ ва ўрыўку Евангелля: “Я прыйшоў, каб вы мелі жыццё і мелі ў дастатку” (Ян 10:10). Бог нічога не забярэ, бо Ён хоча, каб нашым удзелам стала паўната. Кожны з нас адчувае ў сабе пустку, якую імкнецца запоўніць ці то інфармацыяй, ці то рознымі відамі дзейнасці, ці то самаўдасканаленнем. І нішто да канца не працуе. Заўсёды застаецца праслойка пустаты. Бог хоча яе запоўніць любоўю, каб мы не баяліся, што можам нешта страціць або не атрымаць. Св. а. Піо можа дапамагчы паверыць, што Бог хоча для кожнага з нас поўнага жыцця.

Таксама сённяшні святы сваёй асобай удакладняе наш погляд на хрысціянства і Касцёл. Доўгі час у свеце суіснуюць супрацьлеглыя погляды на хрысціянства: хтосьці глядзіць на яго як на пастаяннае свята (Бог жа ўжо усё прабачыў, усіх збавіў), другія – як на культ цярпення. А. Піо паказаў, што немагчыма адно без другога. З дрэва крыжа нарадзілася нашае збаўленне і нараджаецца паўната жыцця. Крыжовыя раны а. Піо, як і св. Францішка, - гэта нібы “пячатка” Бога, пацверджанне, што чалавек жыў як Хрыстос настолькі, што стаў да Яго падобным, дасягнуў паўнаты ў Хрысце, дасканаласці. А значыць, калі кожны з нас будзе жыць у падобны спосаб, ісці шляхам Евангелля, то таксама зможа ўпадобніцца Хрысту. Гэта жыццёвая праграма францішканаў, але таксама і шлях кожнага хрысціяніна: штораз больш станавіцца Хрыстовым.
А. Піо паказвае, што не толькі мы выбіраем свой шлях, але таксама і шлях выбірае нас. На гэтым шляху нас чакае крыж. Усё, што мы перажываем, кожны наш боль можа быць гэтым крыжом. Бог не абясцэньвае тое, што мы адчуваем. І на нашым шляху з гэтага крыжа плыве для нас збаўленне.
"Святы з П’етрэльчыны - вельмі своечасовы для нас святы, - падагульніў прапаведнік. - Ён з’яўляецца адказам на нашыя страхі, бо паказвае, што Хрыстос і крыж заўжды актуальныя, што мэта Хрыста – прывесці ўсіх да паўнаты, да еднасці – таксама заўжды актуальная".

Напрыканцы святой Імшы бр. Уладзіслаў падзякаваў прапаведніку і усім прысутным. Асаблівыя словы падзякі пробашч скіраваў вернікам, якія з даверам пішуць запіскі да а. Піо: “Тое, што людзі адчуваюць яго заступніцтва, – гэта для нас, братоў, моцнае умацаванне ў веры, гэта натхняе нас углядацца ў жыццё і асобу а. Піо і ісці за яго прыкладам”.
Нечаканым сюрпрызам для прысутных аказалася, што менавіта 23 верасня бр. Яўген Голуб адзначае дзень нараджэння! Жадаем бр. Яўгену дасягнуць паўнаты ў Хрысце, а таксама неаднойчы радаваць нас сваёй прысутнасцю.

Тэкст, фота: Кацярына Савянок.