Skip to main content

Цяпло восені — цяпло сэрцаў: валанцёры Caritas дораць радасць і сяброўства.

| Падзеі »

«Падараваць сваю прысутнасць тым,
хто ў ёй мае патрэбу, -
гэта найвялікшая форма любові».
Св. Тэрэза з Калькуты

21.09.2025caritas006

Верасень для валанцёраў парафіяльнага Caritas касцёла святога Піо ў Маладзечне стаў месяцам сапраўдных спраў міласэрнасці. Дзве розныя сустрэчы, арганізаваныя імі пад кіраўніцтвам і духоўнай апекай братоў капуцынаў, аб'яднала адно — шчырае жаданне быць побач з тымі, хто мае патрэбу ў чалавечым цяпле, увазе і сяброўстве.

 

Сустрэча на прыродзе: час, падараваны ад сэрца.

21.09.2025caritas002

Чарговая сустрэча валанцёраў з іх даўнімі сябрамі на колах адбылася 7 верасня. Гэтым разам месцам сустрэчы стала маляўнічае месца ў в. Семернікі, на ўзлеску, пад адкрытым небам. Гэта было агульнае жаданне — правесці час на прыродзе, атрымаць асалоду ад апошніх цёплых дзён і проста пабыць разам у нефармальнай абстаноўцы. Атмасфера была неверагодна цёплай і сяброўскай. Усе разам гатавалі ежу на вогнішчы, шмат размаўлялі, жартавалі і смяяліся. У такіх шчырых зносінах знікаюць усе бар'еры, а застаецца толькі радасць ад прысутнасці адзін аднаго. Як адзначылі самі валанцёры, такія моманты вельмі каштоўныя, бо самае дарагое, што мы можам даць іншаму чалавеку, — гэта свой час.

21.09.2025caritas001

 

Госці ў касцёле: свята, якое застанецца ў памяці.

21.09.2025caritas111

Ланцужок добрых спраў працягнуўся 21 верасня. У цёплы і сонечны восеньскі дзень валанцёры запрасілі ў госці ў касцёл пастаяльцаў з пансіяната «Цёплы Дом». На запрашэнне адгукнулася амаль трыдцаць чалавек, для многіх з якіх выхад па-за межы пансіяната — гэта сапраўдная падзея, якая здараецца вельмі рэдка. Спецыяльна для гасцей францішканская моладзь Таў падрыхтавала насычаную забаўляльную праграму. На пляцоўцы каля касцёла было шумна і весела: цікавыя конкурсы, рухомыя гульні, танцы і спевы нікога не пакінулі абыякавым. Пасля актыўнага адпачынку ўсіх чакаў салодкі стол і смачныя пачастункі, у тым ліку бульба фры і булачкі ад рэстарана KFC. Госці з пансіяната засталіся вельмі задаволенымі і эмацыйна ўзрушанымі. Валанцёры падаравалі ім не проста пачастункі ці забавы, а магчымасць адчуць сябе жаданымі гасцямі, атрымаць зарад пазітыву і цёплыя эмоцыі, якія застануцца ў іх памяці надоўга.

21.09.2025caritas115
 21.09.2025caritas146 1

Сардэчна дзякуем усім валанцёрам парафіяльнага Caritas за вашыя адкрытыя сэрцы і працавітыя рукі. Асобная падзяка братам капуцынам і парафіянам за падтрымку, францішканскай моладзі ТАУ - за забаўляльную праграму і рэстарану KFC - за шчодрасць у арганізацыі пачастунакаў. Кожны такі ўчынак — гэта бачнае сведчанне таго, што разам мы можам здзяйсняць вялікія справы на хвалу Пана.

21.09.2025caritas149

Тэкст: Ірына Фаміна, Таццяна Сакалоўская

Фота: Ірына Фаміна, Таццяна Сакалоўская