Skip to main content

У свята Стыгматаў св. Францішка дзве сястры ФОС склалі абяцанні евангельскага жыцця

| Падзеі »
17 09 2025 stygmaty07

Некалькі стагоддзяў (з 1337 г.) францішкане ўсяго свету 17 верасня адзначаюць свята атрымання стыгматаў святым Францішкам.  З гэтай нагоды дзве сястры Францішканскага Ордэна Свецкіх (ФОС) - Ірэна Туровіч і Людміла Кунцэвіч - пасля завяршэння перыяду навіцыяту выказалі жаданне скласці на адзін год абяцанні евангельскага жыцця.

17 09 2025 stygmaty03

Чаму мы ў касцёле святкуем з’яўленне ран на целе чалавека і праслаўляем за іх Бога?” – задаўся пытаннем бр. Уладзіслаў, які цэлебраваў вячэрнюю святую Імшу. Каб адказаць на гэтае пытанне, ён распавёў гісторыю з’яўлення стыгматаў у Францішка.

 17 09 2025 stygmaty06

Напачатку св. Францішак меў адзінае жаданне - шукаць волю Хрыста адносна сябе. І гэтае жаданне было настолькі гарачым, што ён запальваў прыкладам свайго жыцця і бедных, і багатых. Так нарадзіўся францішканскі ордэн, які за часы зямнога пілігрымавання святога разросся і яднаў ужо некалькі тысяч чалавек. Браты патрабавалі стварэння структуры ордэна, правілаў сумеснага жыцця, хацелі мець магчымасць вучыцца ва ўніверсітэтах. Гэта не падабалася Францішку, для якога адзінай крыніцай пазнання Бога і Яго волі было Евангелле. І ў пэўным моманце некаторыя пачалі называць Францішка прастаком і ідыётам, ён стаў ізгоем сярод сваіх братоў. Можам сабе ўявіць, што ён адчуваў, калі ордэну - справе свайго жыцця - ён аказаўся непатрэбны. Святы перажываў час цемры, бо не разумеў, што далей ад яго хоча Бог, для чаго ён жыве. Францішак меў традыцыю за 40 дзён да свята адпраўляцца на пустэльню і пасціць. Аднойчы, калі ён, згодна са сваёй традыцыяй 40-дзённага посту перад святам Міхала Арханёла, маліўся на гары Ла Верна, на свята Узвышэння Святога Крыжа, 14 верасня 1224 года, ён перажыў містычны досвед сустрэчы з Серафімам, які пакінуў на яго баку, нагах і руках знакі мукі Збаўцы. Гэтая падзея перамяніла ўвесь яго боль у радасць. Атрыманыя раны не былі чымсьці, што мусіла “дабіць” Францішка, але гэта быў момант яго аздараўлення: хоць раны моцна балелі, Францішак адчуў радасць і атрымаў спакой. Ён зразумеў, што ордэн – гэта ўжо не ягоная справа, а Бога. Ён адчуваў глыбокую еднасць з Хрыстом, Якога ён шукаў усё жыццё.

 stigmaty dzotto

Фрэска Джота "Стыгматызацыя святога Францішка", 1320-я гг.

Дзякуючы Францішку, мы можам быць упэўненыя, што шлях, які ён прапанаваў і які прайшоў сам, вядзе да Хрыста, нават да такога цеснага з Ім з’яднання. Маем надзею, што ідучы за Францішкам, мы можам і ў сваіх крыжах адкрыць блізкасць Бога. Гэты святы не пакінуў ніякіх дакладных малітоўных практык, але паказаў, што калі хтосьці хоча бязмерна давяраць слову Хрыста і ўсім сэрцам, без ніякіх “але”, прагне убачыць Яго і злучыцца з Ім, - той зможа гэта зрабіць. Брат Уладзіслаў падкрэсліў, што стыгматы з’яўляюцца прыкметай Хрыста Уваскрослага. Гэта знакі Яго любові. Розныя здольнасці, якія часам праяўляюць святыя (білакацыя, левітацыя) – гэта прыкметы ўваскрослага цела Хрыста, менавіта такога, якое мы прымаем у святой Камуніі. Калі мы так цесна злучаемся з Езусам, то ўжо тут, на зямлі, некаторыя прыкметы можам праяўляць.

Далей брат патлумачыў, у чым асаблівасць францішканскай духоўнасці: “Цэнтральнае месца ў ёй займае крыж Езуса Хрыста, памерлага і ўваскрослага. Бог запрашае кожнага паглядзець на крыж і ўбачыць там сябе, але не аднаго, а з Езусам. Бо Ён пайшоў на крыж, каб у нашых крыжах быць з намі”.

Пасля літургіі слова сёстры, трымаючы руку на Евангеллі, склалі свае першыя абяцанні ў ФОС.

 17 09 2025 stygmaty11
 17 09 2025 stygmaty15

Бр. Уладзіслаў, які з’яўляецца духоўным асістэнтам супольнасці ФОС у Маладзечне, патлумачыў, што такое абяцанне з’яўляецца, па сутнасці, аднаўленнем абяцанняў хросту: “Усе мы, хто ахрысціліся, склалі абяцанне евангельскага жыцця. Шлях у Францішканскім Ордэне Свецкіх – гэта шлях аднаўлення і паглыблення хросту. Браты і сёстры ФОС маюць місію - несці евангелькую закваску туды, дзе магчымасці святароў і законных сясцёр абмежаваныя (у сям’ю, на працу), і быць там сведкамі Хрыста у духу святога Францішка, спасцігаючы досвед, які меў гэты просты чалавек, які шчыра палюбіў Хрыста і шукаў Яго кожны дзень. Мець францішканскага духа – гэта значыць усвядоміць сабе, што я не магу збавіцца сам, адзін, а ўсім сэрцам прагну збаўлення бліжніх, ахвярую за іх свае цярпенні, малітву, і праз гэта маю надзею атрымаць збаўленне. Вобразна кажучы, гэта значыць падняць вочы з сябе на таго, хто перада мной, прыняць супольнасць братоў і сясцёр, якую дае Бог. Не лепшых, якіх можа хацелі б, а такіх, якія яны ёсць. І Бог хоча нас збавіць дзякуючы менавіта такім братам, праз іх мы можам пазнаць Хрыста рэальнага і жывога, а не такога, якога сабе прыдумаем”.

 17 09 2025 stygmaty28

Напрыканцы бр. Уладзіслаў пажадаў сёстрам, каб досвед св. Францішка, досвед крыжа і ўваскрашэння, спадарожнічаў ім у звычайных умовах жыцця, і каб з дапамогай супольнасці яны распазнавалі Жывога Хрыста ў сваім жыцці.

Тэкст: Кацярына Савянок

Фота: Кацярына Савянок, Галіна Савіцкая