На месцы былога касцёла ў Гарадку біскуп Юрый Касабуцкі асвяціў новы крыж
“Для тых, хто гіне, слова аб крыжы –
гэта глупства, але для нас, якія збаўляемся, –
гэта моц Божая …”
(1 Карынфянам 1:18)

У нядзелю 14 верасня ў свята Узвышэння Святога Крыжа на месцы былога касцёла ў Гарадку адбылася святая Імша з удзелам Яго Эксцэленцыі біскупа Юрыя Касабуцкага, падчас якой былі асвечаны новы крыж і палявы алтар. У цэлебрацыі ўдзельнічалі кс. Павел Шылак, пробашч касцёла ў Красным, а таксама браты капуцыны бр. Андрэй Жылевіч, бр. Уладзіслаў Мінько, бр. Сяргей Гусар з парафіі св. Казіміра ў Маладзечне. На свята сабралася некалькі дзясяткаў вернікаў, з мясцовай парафіі і гасцей, сярод якіх былі дызайнер-каваль Марыя Тарлецкая, аўтар новага крыжа, старшыня сельскага выканкама Верацейка Мікалай Канстанцінавіч, свецкі дырэктар Радыё “Марыя” Яўгенія Найдовіч.

Перад літургіяй гісторык Таццяна Шумель распавяла прысутным пра цікавыя моманты жыцця гарадоцкай парафіі і былога касцёла, а таксама пра валанцёрскі праект па ўпарадкаванні гэтага месца.

Гісторыя каталіцкай парафіі ў Гарадку непрацяглая. Першыя звесткі пра вернікаў каталіцкага веравызнання на гэтай зямлі сустракаюцца ў 1744 г. Доўгі час вернікі Гарадка і ваколіц належалі да Хоўхлаўскай, а затым да Груздаўска-Аборкаўскай парафіі. Але свой касцёл быў вельмі патрэбны, бо дабрацца да парафіяльнага касцёла ў Аборку з-за значных адлегласцяў і балоцістай дарогі было вельмі цяжка. І толькі ў 1914 годзе было дазволена будаўніцтва касцёла ў самім мястэчку. Граф Бенедыкт Ян Тышкевіч ахвяраваў пад будаўніцтва касцёла і плябаніі 12 (па іншых дадзеных 14) гектараў зямлі. Мясцовы жыхар Эдмунд Бахарэвіч выдаткаваў на справу будаўніцтва палову сумы ў памеры 3.000 руб., астатнія грошы сабралі у межах аборкаўскай парафіі. Будаўніцтву спрыялі і праваслаўныя, якія прывезлі вялікую колькасць драўляных матэрыялаў, і асобныя яўрэі, якія прадавалі неабходныя матэрыялы па зніжаных коштах. Першая сусветная вайна, якая працягвалася да 1918 г., а пасля і цяжкія паслярэвалюцыйныя гады спынілі будаўніцтва касцёла. Асвячэнне храма адбылося толькі праз 15 гадоў - 29 жніўня 1929 г. на ўспамін Мучаніцтва Святога Яна Хрысціцеля. Асабліва вялікай была заслуга ксяндза Нікадзіма Казлоўскага (служыў тут у 1925-1929, 1929-1934 гг.), які развіў энергічную дзейнасць і фактычна сам давёў будаўніцтва касцёла ў Гарадку да канца.

Драўляная святыня ўяўляла сабой выцягнуты прамавугольны аб’ём з пяціграннай апсідай, пры якой былі дзве сакрыстыі, і грувасткай трох’яруснай вежай-званіцай над уваходам у святыню. Інтэр’ер касцёла ўпрыгожваў трохчасткавы алтар у стылі неабарока, цэнтральную нішу якога займала фігура Пана Езуса, левую – св. Францішка, а правую – св. Антонія. Цэнтр алтарнай кампазіцыі завяршала разьбярная выява Гостыі ў промнях.

Сваё пастырскае служэнне тут неслі таксама кс. Баляслаў Урублеўскі (VII-IX.1929), кс. Гедымін Пілецкі (1934-1937), кс. Станіслаў Буднік (1937-1939). Апошнім святаром касцёла быў Віктар Гагалінскі (1940-1943 гг.). У канцы верасня 1943 года, атрымаўшы папярэджанне аб пагражаючым яму арышце, ён пакінуў парафію і пераехаў у Вільню.
За часы функцыянавання святыні колькасць каталікоў вырасла з 7 чалавек у 1921 годзе да 2 175 у 1935 годзе!
Падчас Вялікай Айчыннай вайны святыня была знішчана. Ці згарэла падчас няўдалай аперацыі па захопу святара нямецкімі войскамі, ці была спалена мясцовымі бандытамі – да канца не вядома.
У пазнейшы час парафіяне Гарадка наведвалі касцёл у Красным, або ў Валожыне і Пяршаях.
Пачатак новага этапу ў жыцці парафіі па ініцыятыве ксяндза прэлата Эдмунда Даўгіловіча-Навіцкага быў пакладзены ў 1995 годзе, калі на месцы старога касцёла ўсталявалі крыж, які стаў знакам Божай прысутнасці і абяцаннем адраджэння. А з 2004 г. гэтым месцам сталі апекавацца браты з Ордэна Братоў Меншых Капуцынаў. Цэлы год святая Імша цэлебравалася ў хаце Леакадзіі Браніславаўны Зянько. Потым вернікам аддалі будынак былога гаспадарчага магазіну, які з часам быў перабудаваны ў капліцу. Адбудовай займаліся браты капуцыны Тадэвуш Кавальскі і Генрых Кучынскі. Да сённяшняга дня кожную нядзелю і святы ў капліцы адбываецца Святая Імша, якую праводзяць браты-капуцыны з парафіі святога Казіміра касцёла святога айца Піо ў Маладзечне.
Каля крыжа, на месцы былога касцёла, святыя Імшы цэлебраваліся толькі зрэдку. А само месца і рэшткі касцёла да нядаўняга часу знайсці было не так і проста. Фундамент настолькі зарос расліннасцю, што яго не было бачна.

Але дзякуючы праекту па ўпарадкаванню гэтай тэрыторыі, які распачаўся 1 мая 2025 г. у дзень святога Юзафа рамесніка і завяршыўся 13 верасня ў дзень памяці святога Яна Златавуснага, было зроблена шмат працы па расчыстцы рэшткаў падмурка, упарадкаванню тэрыторыі вакол былога касцёла, месцаў пахавання.

Замест старога крыжа быў усталяваны новы крыж, спецыяльна распрацаваны для гэтага месца у форме абрысаў Гарадоцкага касцёла. Гэта дызайнерскі праект скульптара-каваля Марыі Тарлецкай, аб якім яна марыла з 2002 г., калі яшчэ вучылася ў Акадэміі мастацтваў.

Пан Бог так пакіраваў, што ў пэўны момант злучыў разам людзей з іх марамі, гарачымі сэрцамі, ініцыятывай і жаданнем працаваць дзеля Божай хвалы і дабра людзей: гісторыка, прадпрымальніка, ландшафтнага дызайнера, каваля, усіх тых валанцёраў, хто працаваў тут.

Няхай прагучаць словы, якія былі сказаны кіраўніком праекта гісторыкам Таццянай Шумель:
“Тое месца, дзе амаль 100 гадоў назад, узносілі свае малітвы, просьбы, падзякі да Пана Бога зноў ажыло, зноў напоўнілася не толькі малітвай, але і Верай, Надзеяй, Любоўю! Мы ўбачылі прыступкі і абрысы касцёла, мы ўявілі, як ён выглядаў унутры, узгадалі святых, скульптуры якіх былі ў касцёле, і святароў, якія тут служылі… У першы дзень на працягу амаль 8 гадзін мы ачышчалі падмурак і ўнутраную частку касцёла, высякалі маладыя парасткі і сухастой, вызвалялі ад галля і смецця пахаванні... Збіраліся мы на гэтым месцы 9 разоў!.. І сёння сярод нас тут прысутнічаюць Героі, якія ўсе гэтыя 9 разоў былі тут! Кожны раз далучаліся таксама і новыя валанцёры розных узростаў: самаму маленькаму з іх – 6 гадоў, а самаму старэйшаму – 66. Разам мы заклалі Алею Надзеі - радок маладзенькіх елачак, якіх выпадкова аказалася 33 (ці не сімвалічна?!). Гэта сімвал нашай веры і адзінства, дзе кожны наш крок нагадвае, што мы не сам-насам, з намі – Бог. Там, дзе людзі прыходзяць з адкрытымі сэрцамі, узнікае сапраўдная сіла супольнасці: “…бо дзе двое альбо трое сабраныя ў імя Маё, там Я сярод іх” (Мц 18:20 ). І гэта адчувалася на працягу ўсіх нашых сустрэч – у кожным позірку, у кожным прывітанні, у кожнай працягнутай руцэ, усмешцы. І надвор’е нам заўсёды спрыяла: суседнія населеныя пункты залівала, а ў нас – ні кропелькі дажджу і нават сонейка выглядвала! Ці гэта не цуды?!

За час сумеснай працы ў Гарадку мы сталі блізкімі людзьмі, мы сталі сапраўднай сям’ёй!
І ўявіце сабе: кожны наш прыезд у Гарадок побач з нашымі працаўнікамі былі душы ўсіх спачылых святароў і вернікаў, і асабліва тых, хто пахаваны ў гэтым месцы! І яны радаваліся і благаслаўлялі кожнага з прысутных…
І ведаеце, чым больш мы прыязджалі ў Гарадок, тым даўжэй мы тут заставаліся: раз’язджацца зусім не хацелася! Апошнія разы выязджалі ў поўнай цемені – цішыня, спакой і … зорнае неба… Якія ж гэта пачуцці і эмоцыі?! Перадаць немагчыма. Магу параўнаць іх толькі з матылькі ў жываце, якія бываюць тады, калі ў чалавека ўзнікае пачуццё закаханасці. Што тут больш сказаць?

З гарчычнага зерня вырасце магутнае дрэва! Наша малітва, наш маленькі добры ўчынак па добраўпарадкаванні месца першага касцёла ў Гарадку – гэта тое ж самае гарчычнае зерне! Мы сёння бачым толькі зерне, а Бог ужо бачыць магутнае дрэва. Бог здзяйсняе цуды!
І сёння парафія ў Гарадку налічвае 7 вернікаў, як у тыя далёкія 1920-я гады. Але, на самай справе ўсе, хто ўжо дакрануўся ці яшчэ дакранецца да гэтага Святога месца, лічаць яго сваім… Нашай працы яшчэ чакае крынічка са святой вадой…
Дарагія мае працаўнікі, сябры! Хачу ад усяго сэрца падзякаваць кожнаму з вас за вашу працу, дапамогу і падтрымку! Вы прыехалі ў Гарадок не толькі з інструментамі, але і з вялікім сэрцам, з жаданнем зрабіць нешта добрае і важнае для гэтага Святога месца. І ўсё задуманае атрымалася! Нават больш таго: вашы рукі і сэрца, ваша любоў і ваш час зрабілі гэта месца непаўторным месцам супакою, малітвы і сілы, а праца стала сапраўдным падарункам Богу, цяперашнім вернікам і будучым пакаленням!”

Брат Андрэй Жылевіч адзначыў, што сярод валанцёраў гэты праект займеў назвы “Месца сустрэчы змяніць нельга” і “Месца сілы”, і падкрэсліў: “Менавіта тут, у Гарадку, мы сёння можам адчуць вялікую любоў Бога да чалавека. Нават калі ў гэтым месцы няма сцен касцёла, то Касцёл – гэта мы. Гэта нашы сэрцы, нашы душы, якія яднаюцца сёння ў вяках з тымі, хто перад намі тут жыў, працаваў, будаваў і маліўся”.

Напачатку святой Імшы Яго Эксцэленцыя асвяціў новы крыж і палявы алтар.
Падчас гаміліі Уладыка Юрый распавёй гісторыю ўзнікнення свята Узвышэння Святога Крыжа, звязаную з гістарычнай падзеяй адшукання крыжа, на якім памёр Збаўца.

У часы Хрыста крыж быў прыладай ганебнай смерці. Пакаранні праводзілі наўмысна недалёка ад населеных пунктаў, каб жывыя бачылі і баяліся здзяйсняць злачынствы. Адразу пасля смерці Хрыста яго вучні не мелі яшчэ глыбокага разумення вартасці крыжа і жадання ўшанаваць яго. Гэтыя драўляныя бэлькі былі скінуты ў бліжэйшую яму і закіданы камянямі. Пасля ў І стагоддзі Ерузалем быў разбураны, а ў 135 годзе рымскі імператар Адрыян загадаў збудаваць на руінах горада рымскую калонію - горад Элія Капіталіна, а на месцы пахавання Збаўцы рымляне паставілі язычніцкі храм Венеры.
За тры стагоддзі хрысціянскія багасловы паступова прыйшлі да разумення, што крыж - гэта алтар, на якім Хрыстос склаў Сябе ў Ахвяру за збаўленне свету і перамог смерць. Праз гэта крыж, прылада смерці, змяняе сваю функцыю - становіцца прыладай жыцця, прыладай збаўлення чалавека і пачынае ўшаноўвацца як знак нашага збаўлення.

“Мы ведаем, што ўпарадкаванне месца былога касцёла ў Гарадку – гэта ўжо трэці праект, чарговы пасля аднаўлення касцёла ў Хоўхлаве і ўпарадкавання руінаў касцёла ў Дубраве. І “маторам”, які задае імпульс і напрамак у гэтай справе, з’яўляецца Таццяна Шумель. Бог выбірае чалавека, дае яму натхненне. Таццяна – чалавека 21 стагоддзя. А цяпер хачу правесці паралель, - адзначыў Уладыка, - і перанесціся ў думках на 1700 гадоў назад у часы, калі Рымскай Імперыяй кіраваў Канстанцін Вялікі. Яго маці, святая Алена, стала такім “маторам” у справе адшукання Крыжа Пана”.
Алена была хрысціянкай і выгадавала сына ў павазе да Хрыста. У 326 г. яна (а на той час ёй было, імаверна, больш, чым 70 гадоў) адважылася на далёкае падарожжа ў Святую Зямлю, каб знайсці Крыж. Тады не было вядома, дзе дакладна яго шукаць, бо прайшло шмат часу. Відавочцаў ужо не было, не было і занатаваных звестак. Спадзяваліся, што сярод мясцовых жыхароў знойдзецца хтосьці, хто мог нешта ведаць з расповедаў, якія пераказваліся з вуснаў у вусны паміж пакаленнямі. У апокрыфах мы можам прачытаць, што таксама, як і тут у Гарадку, тое месца было ў заняпадзе. Пачалі раскопкі: ў розных месцах раскідвалі каменне і знайшлі дрэва, на якім былі бачны сляды катавання. Праз пэўныя знакі і аздараўленні, Бог аб’явіў, што гэта тое самае дрэва Крыжа. Крыж быў зноў узняты над зямлёй – узвышаны. На тым месцы быў збудаваны храм Здабыцця Жыватворчага Крыжа (цяпер гэта частка храма Гроба Пана), які быў асвечаны 14 верасня 335 годзе. Гэты дзень лічыцца днём узвышэння Святога Крыжа, днём яго ўшанавання.

“Калі я нашу крыж на сваім целе, я злучаюся з цярпеннем Хрыста, даручаю Яму ўсе мае праблемы, туброты і клопаты, аддаю сябе і сваё жыццё пад Яго апеку. Гэта знак майго асаблівага аддання Богу,” – заўважыў біскуп Юрый. Ён запэўніў, што Езус Хрыстус, які на крыжы, хоча абняць кожнага з нас. Бо смерць на крыжы – гэта перш за ўсё праява Божай любові да чалавека. Езус, Бог і чалавек, які меў неверагодную моц здзяйсняць цуды, якому падпарадкоўваліся сілы прыроды, дазволіў Сябе прыбіць да крыжа, каб кожны з нас на сваім уласным крыжы хваробаў, праблем, клопатаў і выпрабаванняў не быў адзін.
Сярэднявечныя багасловы атаясамлівалі цвікі, якімі быў прыбіты Хрыстос, з грахамі. “Гэтыя нашы грахі–цвікі трымаюць рукі Хрыста, не дазваляюць зрабіць тое, што Ён прагне – абняць нас, прыціснуць да Сябе, як матуля”, - сцвердзіў Уладыка і заахвоціў падчас малітвы перад крыжам успомніць пра свае слабасці, негатыўныя рысы характару, крыўду, злобу на кагосьці, боль. Тых людзей, якія задалі нам раны, варта ўзгадаць словамі Езуса: “Ойча, прабач ім!” - і прабачыць, памаліцца за іх, зрабіць для іх добры ўчынак. А ў тых, каго мы маглі пакрыўдзіць, - перапрасіць. Калі мы глядзім на крыж Езуса Хрыста, то атрымліваем лек ад нянавісці, злосці, крыўды, слабасцяў і набіраемся духа надзеі, што Езус чакае кожнага з нас і хоча аздаравіць.
“Я вельмі хачу, каб кожны, хто будзе глядзець на гэты крыж тут, у гэтым месцы, перажыў сваю сустрэчу з Хрыстом, з Божай любоўю, з Божай міласэрнасцю і атрымаў пэўную ласку, якая так патрэбна ў штодзённым жыцці,” – падсумаваў біскуп Юрый.

Напрыканцы літургіі Уладыка падзякаваў усім, хто прычыніўся да добраўпарадкавання гэтай тэрыторыі, да захавання гэтага кавалачка нашай гісторыі і пажадаў удзельнікам, каб гэты праект быў не апошні, бо "такія месцы, дзе адкрываюцца цікавыя моманты гісторыі нашага краю, - гэта наша багацце". Як заўсёды, Уладыка падзякаваў літургічнай службе, у параўнанні з якой у Ватыкане міністранты служаць “чуць-чуць горш”, а таксама хору за ўпрыгожванне літургіі спевам.

З вуснаў братоў капуцынаў прагучалі словы падзякі Дастойнаму Уладыку Юрыю за тое, што ён адклаў свае абавязкі, каб быць тут, нягледзячы на тое, што ў катэдры свята з нагоды 70-гадовага юбілею Папы Льва 14. Таксама былі выказаны асаблівыя словы падзякі супольнасці назарэтанскіх сем’яў і Таццяне.

Са словам звярнуўся да прысутных таксама Старшыня сельскага выканкама Верацейка Мікалай Канстанцінавіч, які, дарэчы, і сам меў дачыненне да працы па ўпарадкаванню гэтага месца. Ад імя жыхароў Гарадка і ад сябе асабіста ён павіншаваў прысутных са святам Узвышэння Святога Крыжа і падзякаваў усім, хто прымаў удзел ва ўпарадкаванні гэтай тэрыторыі: “Гэта будзе яшчэ адно прыгожае і цікавае гістарычнае месца Гарадка”.

А далей усе перайшлі да самай смачнай – гастранамічнай часткі святкавання. Дым з водарам смажаных каўбасак ужо даўно распаўсюджваўся над прысутнымі, наганяў апетыт, а можа нават і прыспешваў малітву. І дзе яшчэ, як не ў такіх палявых умовах, найбольш адчуваецца блізкасць паміж людзьмі, калі і біскуп, і дзіця, і бабуля стаяць побач, смакуюць пачастунак і размаўляюць?!


Тэкст: Кацярына Савянок
Фота: Эрык Савянок, Таццяна Шумель, бр. Андрэй Жылевіч