Skip to main content

Адпустовая ўрачыстасць ў Хоўхлаве

| Падзеі »
08 09 2025 houhlava007

У нядзелю 8 верасня ўтульны драўляны касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў аг. Хоўхлава быў поўны людзей. Ужо традыцыйна, каб адзначыць свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, сюды прыбылі шматлікія вернікі нашай парафіі.

08 09 2025 houhlava008
 08 09 2025 houhlava009

Урачыстую адпустовую Імшу узначаліў Кс. Артур Ляшнеўскі, салезіянін, пробашч парафіі Святога Міхала Арханёла ў Смаргоні. Маліліся за ўсіх жыхароў Хоўхлава, вернікаў парафіі, усіх, хто звязаны з гэтым месцам, каб Пан Бог бласлаўляў жывых, а памерлых адарыў вечнай радасцю прабывання з Ім у Небе.

08 09 2025 houhlava032
 08 09 2025 houhlava044

Гамілію святар пачаў з цікавай, поўнай гумару гісторыі, якую перажыў у дзяцінстве ў бабулі на вёсцы:

«Пасля Першай Камуніі ў мяне здарыўся прыступ пабожнасці, і я прыдумаў сабраць талаку з дзяцей, каб ачысціць былую летнюю кухню, якая ўжо выкарыстоўвалася як склад непатрэбных рэчаў, і зрабіць там каплічку. Бабуля і дзядуля дазволілі. Мы з дзецьмі ўсё прыбралі, зрабілі алтар. Бабуля дала нам туды абраз – такі даўнейшы, чорна-белы абраз Маці Божай Вастрабрамскай. Мы з дзецьмі нарэзалі півоняў, жасміну, паставілі свечкі і збіраліся там на малітву.

Аднойчы прыехала да маёй бабулі сястра, вельмі пабожная. “Я пабывала ў многіх санктуарыях, але, - кажа, - у Вострай Браме ніколі не была”. “Бабушка Ванда, - пытаюся, - а колькі б грошай ты дала, каб я табе Вострую Браму паказаў?” Бабуля паабяцала многа грошай, я завязаў ёй хусткай вочы і павёў у нашу каплічку. “Вось, - кажу, - Вострая Брама”. Яна засмяялася: “Якая ж гэта Вострая Брама? Гэта ж копія! Арыгінал жа ў Вільні.” А я кажу: “ Хто табе такое сказаў? Там таксама копія.” Бабуля здзівілася: “Як копія? Касцёл жа там не закрываўся…” “Самая сапраўдная копія! – запэўніў я, - бо арыгінал з целам і душоў быў узяты на Неба”. Дарэчы, грошы я атрымаў і купіў за іх вялікі абраз Сэрца Езуса ў гэтую каплічку. Таму, дарагія, не перажывайце, што і ў гэтым касцёле ў алтары копія. Бо і ў Вострай Браме копія, і ў Будславе копія, і ў Чэнстахове копія. Арыгінал – з Богам».

08 09 2025 houhlava016

Далей кс. Артур падкрэсліў, што арыгінал хараства Божай Маці не магчыма перадаць ніякімі фарбамі і пазалотамі, бо гэты яе непаддзельны арыгінал у тым, што, будучы чалавекам, як і кожны з нас, Маці Божая стала дасканалым вучнем Хрыста. Яна ўсім Сваім Беззаганным Сэрцам прыняла вучэнне Хрыста, выканала яго і сёння з’яўляецца для нас заступніцай. І гэты арыгінал Божай Маці з Неба заклікае: “Не трэба мне захапленняў, кароны на галаве. Гэта сімвал. Мне трэба, каб мой прыклад стаў і для вас прыкладам, каб кожны з вас стаў сапраўдным вучнем Хрыста”.

08 09 2025 houhlava045

Як жа стаць такім вучнем? Аб гэтым чытаем ва ўрыўку з Евангелля: Лк 14, 25–33. Найперш, святар падкрэсліў, што натоўпы людзей, якія хацелі быць вучнямі Хрыста, працяглы час хадзілі за Езусам. Яны мелі жаданне назіраць за Яго чынамі, слухаць Яго слова - упітываць Яго навуку, нібы губка. Але і ў гэтым натоўпе Езус шчырых вучняў бачыў няшмат, таму Ён агучыў нормы – вельмі радыкальныя, але канкрэтныя – паводле якіх чалавек або мог лічыцца Яго сапраўдным вучнем, або не мог. Усяго такіх крытэрыяў тры.

08 09 2025 houhlava055

Калі хто прыходзіць да Мяне і не зненавідзеў бацькі свайго, маці і жонкі, дзяцей і братоў, сясцёр і нават жыцця свайго, той не можа быць Маім вучнем” (Лк 14, 26).

Як гэта зразумець? Езус жа ўвесь час заклікаў любіць бліжняга. Глядзець на гэты крытэрый варта, вылучыўшы два тыпы любові. Ёсць “любоў” і ёсць “любоў абсалютная”, дзеля якой чалавек гатовы на ўсё. Любіць такой абсалютнай любоўю можна толькі Бога, бо Яму належыць першая месца. Ні дзяцей, ні мужа/жонку, ні працу так любіць нельга, бо тады яны становяцца ідаламі, становяцца на месца Бога. Часам бываюць сітуацыі, нават ва ўласнай сям’і, калі блізкі чалавек схіляе да граху (напрыклад, перашкаджае бываць на святой Імшы ў нядзелю або схіляе да забіцця ненароджанага дзіцяці) і ставіць перад выбарам: або захаванне Божых запаведзяў, або захаванне сям’і. Што я буду рабіць у такой сітуацыі? Ці адстаўлю на бок Бога? Каго я стаўлю на першае месца?

08 09 2025 houhlava053

Хто не нясе крыжа свайго, а ідзе за Мною, не можа быць Маім вучнем” (Лк 14, 27)

Мы да крыжа, нам так здаецца, ужо прывыклі. Чуем пра яго ў спевах, малітвах. Але, калі шчыра, мы не хочам гэтых крыжоў і у малітве просім не “дай мне, Божа, крыж”, а “знімі з мяне гэты крыж, аздараві, забяры цярпенне”. Насамрэч, наша пабожнасць – гэта вайна з крыжамі. “Але гэта вайна падобная на вайну з кратамі, - з гумарам адзначыў кс. Артур. - Што я толькі не рабіў, каб краты не рылі газон, як толькі іх не вынішчаў, а нічога іх не бярэ, яны ўсё роўна ёсць. І я сказаў сабе: “Змірыся, Артур, гэтыя кратовыя горкі там-сям будзеш бачыць”. Крыжы будуць, як бы мы ні змагаліся. Колькі сіл і патэнцыяла мы трацім на змаганне з крыжамі! Ці ж не лепей было б прасіць Пана Бога аб тым, каб Ён даў сілы гэтыя крыжы знесці? Бо крыж – вельмі важны знак, які нас прібліжае да Бога. На крыжы мы бачым цярпенне кансэкраванае, ахвяраванае. Не адпіхайце так хутка крыжы. Часамі крыж трэба абняць, ускласці на свае плечы і пачаць крочыць з Хрыстом, бо гэта знак нашага асвячэння, кансэкрацыі, быцця больш Божымі”.

08 09 2025 houhlava056

“…кожны з вас, калі не пакіне ўсяго, што мае, не можа быць Маім вучнем” (Лк 14, 33).

Кожны з нас любіць мець. Як бы мы ні казалі, але ўсе любяць грошы, маёмасць, “песцяць свае хаткі”. Езус не хоча сказаць: “Людзі, будзьце нагатою і беднатою”. Але ў гэтым трэба пільнаваць, каб жаданне мець рубель не стала галоўнай матывацыяй майго жыцця, дзеля чаго я быў бы гатовы пакласці на алтар і сям’ю, і дзяцей, і нават самога Бога. Важна, каб багацце не было навігатарам. Такія моманты ў гісторыі нашай краіны былі. Пасля вайны некаторыя касцёлы камуністычныя ўлады вырашылі выкарыстаць для заробку: калі святара ў касцёле не было, яны прапаноўвалі выплочваць за касцёльны будынак вялікія падаткі, іначай яго канфіскоўвалі. Гэтак было з самым высокім касцёлам у Беларусі – у Відзах. Калі святара не стала, касцёльны камітэт пачаў плаціць падаткі. Але ў пэўны дзень для кагосьці сума стала завялікая, і ключы ад касцёла аддалі камуністам. А ў Вішневе ў такой жа сітуацыі касцёльны будынак вернікі захавалі. Малаверагодна, што ў Вішневе людзі зараблялі больш грошай… “Вось гэтага не дапусціце: каб жаданне рубля змушала закрываць святое - аддаваць ключы ад касцёла, каб жаданне зарабіць не дазваляла бываць на нядзельнай Імшы і мець час на малітву. Будзьце багатымі, але не дазвольце аддаць ключы ад святога, ад таго, што Божае", - заўважыў кс. Артур. І падсумаваў: "Шлях вучня Хрыста складаны, і нічога тут не зробіш. Але маем суцяшэнне, што калі вытрымаем у гэтым выпрабаванні, то ў Небе нас сустрэнуць арыгіналы Панны Марыі і Езуса Хрыста”.

08 09 2025 houhlava064

Пасля святой Імшы адбылася эўхарыстычная працэсія вакол касцёла.

 08 09 2025 houhlava068

   

Напрыканцы мясцовыя вернікі запрасілі ўсіх прысутных на смачны пачастунак.

 08 09 2025 houhlava081

Хочацца падзякаваць кс. Артуру за жывое слова, скіраванае да нас; хору - за аздабленне літургіі спевам, а вернікам Хоўхлава - за смачны пачастунак, адкрытыя сэрцы і прыгажосць вакол касцёла і ўнутры яго.

Кожны год касцёл сустракае нас па-новаму, але штораз больш не як гасцей, а як дзяцей, якіх чакае...

Тэкст: Кацярына Савянок
Фота: Эрык Савянок