Skip to main content

Аўтобусная пілігрымка Маладзечна - Браслаў

| Падзеі »
 2025 08 23 braslau 003

Абраз Маці Божай Браслаўскай Валадаркі Азёраў - адна з найвялікшых хрысціянскіх святыняў на Беларусі.  Ён змешчаны ў алтары прыгожага касцёла, пабудаванага ў вельмі маляўнічым месцы, на ўзвышшы паміж двума азёрамі: маленькім - Навяты - і вялікім - Дрывяты.

Першыя звесткі пра касцёл адносяцца да 15 стагоддзя. Неаднаразова будынак касцёла знішчаўся. У 1824 г. каля падножжа Замкавай гары паўстаў новы мураваны будынак, а ў 1887 г. была пабудавана другая святыня ў неараманскім стылі, бо старая стала замалая для шматлікіх вернікаў.

 2025 08 23 braslau 010

У 2024 г. касцёл атрымаў статус малой базілікі.

На тэрыторыі Браслаўскай парафіі быў праваслаўны кляштар, які ўзнік у 15 ст. па фундацыі віленскага ваяводы Войцеха Манівіда на востраве возера Неспіш. У першай палове 17 ст. кляштар стаў уласнасцю ўніяцкай царквы, у ім пачалі працу манахі базыліяне. Тут, у кляштары, за 3 км ад Браслава, знаходзіўся асабліва шанаваны вернікамі цудадзейны абраз Маці Божай, названы Манастырскай. У 1832 г. трагічны лёс напаткаў кляштар: ад удару маланкі агнём былі знішчаны ўсе пабудовы. Адзінае, што ўцалела, - гэта абраз Маці Божай. Пазней гэты абраз быў змешчаны ў Браслаўскім касцёле. У 1999 г. дыяцэзіяльны біскуп Віцебскай дыяцэзіі Ўладзіслаў Блін прызначыў Браслаўскі касцёл пад тытулам Нараджэння Маці Божай марыйным санктуарыем Маці Божай Валадаркі азёраў. У сакавіку 2009 г. Папа Рымскі Бенедыкт XVI блаславіў кароны для цудатворнага браслаўскага абраза. 22 жніўня 2009 г. у Браславе арцыбіскуп Кёльнскі кардынал Ёахім Майснер здзейсніў каранацыю папскімі каронамі цудатворнага абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў.

 2025 08 23 braslau 002

Санктуарыем Маці Божай Браслаўскай апякуюцца браты сальватарыяне. Пра гэту супольнасць, іх служэнне і пра саму святыню можна пачытаць на іх сайце.

22 - 23 жніўня 2025 г. адбыўся фэст у гонар Маці Божай Валадаркі Азёраў. Вернікі з Маладзечанскай парафіі св. Казіміра не змаглі ўседзець на месцы і аўтобуснай пілігрымкай 23 жніўня наведалі Браслаў, каб памаліцца каля цудатворнага абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў і прыняць удзел у адпустовай св. Імшы. Нашая агульная інтэнцыя пілігрымкі: падзяка Пану Богу за Яго дары і просьба аб патрэбных ласках для кожнай нашай сям'і і аб міры і супакоі ў нашай краіне і па-за яе межамі. Падчас падарожжа пра Браслаў і абраз Маці Божай, узгадваючы цікавыя моманты з гісторыі, распавёў спадар Казімір Біль.

Святочная святая Імша праходзіла побач з касцёлам, на палявым алтары з копіяй цудатворнага абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў. Цэлебрацыю ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

 2025 08 23 braslau 005

"Марыя, Ты надзея, у малітве нам успамога, Ты нас беражы, Матуля спакою," - са слоў добра знанага марыйнага спеву распачаў Яго Эксцэленцыя сваё прывітальнае слова да ўсіх прысутных, якія сабраліся на Св. Імшу прысвечаную Маці Божай Валадаркі азёраў, каб разам узнесці хвалу Усемагутнаму Богу, даручаючы сваё асабістае жыццё, родных і блізкіх, лёс любай Беларусі і просячы аб супакоі ва ўсім свеце.

 2025 08 23 braslau 007

Біскуп Алег прывітаў арцыбіскупа Ін'яцыё Чэфалія, апостальскага нунцыя ў Рэспубліцы Беларусь, дзякуючы якому мы маем сувязь з апостальскай сталіцай, таксама Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Юзафа Станеўскага, усіх біскупаў, святароў, законнікаў, якія прыбылі на ўрачыстасць.

Словы гаміліі прамовіў да ўсіх прысутных Яго Эксцэленцыя арцыбіскуп Ін'яцыё Чэфалія. "Для мяне вялікая радасць далучыцца да вас у гэтым санктуарыі, у гэтым святым месцы веры і суцяшэння многіх пакаленняў, каб разам адзначыць урачыстасць Панны Марыі Браслаўскай, Маці і апякункі гэтага Божага народа," - сказаў ён напачатку і перадаў усім прысутным айцоўскае прывітанне ад Святога Айца Папы Льва XIV разам з яго апостальскім бласлаўленнем. Яго Эксцэленцыя падкрэсліў, што гэты санктуарый на беразе возера Дрывяты - не проста месца тутэйшай пабожнасці, але жывое сведчанне трывалай веры. Яшчэ дадаў, што, калі здаецца што ўсё страчана, Бог захоўвае самае галоўнае. Прыклад гэтаму - пажар 1832 года, які знішчыў кляштар, а абраз Маці Божай захаваўся, як захавалася і вера.

 2025 08 23 braslau 006

Напрыканцы нунцый звярнуўся да ўсіх прысутных са словамі: "Даверым Маці Божай клопат пра нашыя сем'і, сілу і энтузіязм моладзі, умацаванне хворых і супакой ва ўсім свеце.... Папросім Марыю - жанчыну, якая адказала Богу "так", і верную слугу Бога - даць нам адважную і ўцелаўлёную веру, здольную слухаць слова, жыць ім і абвяшчаць яго з пакорай і адвагай. Няхай прыклад Марыі натхняе нас, падтрымлівае надзею, спадарожнічае ў цяжкасцях і дапамагае быць сапраўднымі сведкамі Божага Валадарства, куды б нас не паслаў Бог."

 2025 08 23 braslau 008

На жаль, у сувязі з абставінамі, якія не залежалі ад нас,  было не так многа часу памаліцца каля абраза Маці Божай, затрымацца каля рэліквій Яна Паўла II, а таксама палюбавацца краявідамі, хоць і вельмі хацелася. Дзякуй Богу за хвілінкі радасці быць у гэтым святым месцы.

 2025 08 23 braslau 012

Возера Навяты

2025 08 23 braslau 013

Возера Дрывяты

2025 08 23 braslau 015

Наступны прыпынак нашай пілігрымкі - гэта Слабодка і касцёл з прыгожым тытулам Божага Провіду, альбо Сэрца Езуса. У народзе ён празваны Белым Лебедзем, таму што ён белы: прыгожыя белыя вежы касцёла, як крылы лебедзя, далёка віднеюцца над аграгарадком. Святыня ў Слабодцы, дзякуючы сваёй прыгажосці і багатай гісторыі, з'яўляецца сімвалам усёй Браслаўшчыны. Касцёл пабудаваны ў 1901 - 1903 гг. і мае рысы як готыкі, так і раманскага стылю. Будынак узведзены на роўнай пляцоўцы на ўзвышшы, дзе раней, у 1806 годзе, ужо будаваўся касцёл, але ён быў малых памераў і ўжо не мог змясціць вялікую парафію. З 40-х гадоў па 1953 год святыня была зачынена і выкарыстоўвалася як зернасховішча. У 1953 годзе касцёл быў паўторна асвечаны, а ў 1999 г. быў адрэстаўраваны арган.

 2025 08 23 braslau 102
 2025 08 23 braslau 104

Цікава, што святыня стаіць высока на гары, і пры будоўлі коні баяліся паднімацца туды. Таму ім рабілі насціл і завязвалі вочы каб падняць грузы.

Перш упрыгожаннем касцёла з'яўляліся алтары: у цэнтры і бакавыя. Але ў 1980-х гадах віцебскія мастакі размалявалі сцены касцёла фрэскамі і біблейным арнаментам. Гэта вельмі прыгожа. А калі паглядзець з хораў, то захоплівае дух, адчуваеш веліч і хараство, і хочацца дзякаваць Пану Богу за такі цуд. Адна з удзельніц пілігрымкі падзялілася сваім уражаннем: "Калі зайшла ў гэты касцёл, падалося, што ён мяне прытуляе і цалуе".

 2025 08 23 braslau 108
 2025 08 23 braslau 115
 2025 08 23 braslau 118

Далей па дарозе да дому шлях ляжаў праз вёску Опса, дзе маглі палюбавацца прыгажосцю касцёла Яна Хрысціцеля, пабудаванага 1887 годзе з чырвонай цэглы.

 2025 08 23 braslau 201
 2025 08 23 braslau 203
 2025 08 23 braslau 205

Далей па дарозе - Відзы. Гэта гарадскі пасёлак з насельніцтвам каля 1700 чалавек у Браслаўскім раёне. Усяго за 5 км ад мяжы з Літвой. Пасёлак вядомы яшчэ з сярэдзіны XVст. У 1481 г. для бернардынцаў тут быў пабудаваны першы драўляны касцёл пад тытулам Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. У 1576 годзе езуіты збудавалі новы касцёл, а таксама рэзідэнцыю і школу. Але гэты касцёл у XIXст быў цалкам разбураны.

 2025 08 23 braslau 301
 2025 08 23 braslau 304

Новы касцёл  з чырвонай цэглы (пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы) паўстаў у Відзах у 1914 г. Яго вежы ўзвышаюцца на 59 - 76 метраў (у розных крыніцах пададзены розныя лічбы), таму яны велічна ўзносяцца над Відзамі і бачны здалёк. У гады Першай Сусветнай вайны будынак быў вельмі пашкоджаны, аб чым гавораць сляды снарадаў на сценах. Як напамін, што народ выстаяў у той вайне, у сцены касцёла ўмураваны снарады.

 2025 08 23 braslau 314
 2025 08 23 braslau 315

У 20-я гады касцёл быў адбудаваны, але далей пацярпеў у гады Другой сусветнай вайны, а ў 1950 г. наогул быў зачынены. У ім быў склад ільну, зернасховішча, а потым спартыўная зала, ад якой засталася блакітная падлога ў касцёле і нават уражвае сваёй неардынарнасцю.

 2025 08 23 braslau 318

У алтары касцёла мы бачым Маці Божую Салятынскую, якая захапляе і натхняе да малітвы.

 2025 08 23 braslau 319

Побач прыгожая фігура Маці Божай Салятынскай плачучай, якая напамінае нам, што ўчынкі нашага народу, яго грахі вызываюць слёзы Багародзіцы.

 2025 08 23 braslau 320

Вакол касцёла шмат фігураў і кампазіцый з Маці Божай. З левага боку касцёла можна заўважыць тры галгофскія крыжы.

 2025 08 23 braslau 308
 2025 08 23 braslau 307

У Відзах шмат яшчэ чаго можна паглядзець: вадзяны млын канца XIX ст., стараверскую царкву 1907 г., мусульманскі малельны дом, магілу Томаша Ваўжэцкага і шмат іншых цікавостак, але гэта ўжо для іншай пілігрымкі.

Напоўненыя радасцю, узмоцненыя і натхнёныя духоўна, мы вярталіся ў роднае Маладзечна з надзеяй, што наша малітва прынята.

 2025 08 23 braslau 322

Тэкст: Надзея Мажуць

Фота: Эрык Савянок, Антон Савянок, Надзея Мажуць