Нашы парафіяне наведалі адпустовую ўрачыстасць у Палачанах

У суботу 16 жніўня, у дзень, калі Касцёл успамінае святога Роха, нашы парафіяне арганізавалі аўтамабільную пілігрымку ў касцёл св. Роха ў аг. Палачаны, дзе адбылася адпустовая св. Імша, якую цэлебраваў кс. Юрый Бараўнёў разам са сваім братам, пробашчам гэтай парафіі ксяндзом канонікам Сяргеем Бараўнёвым.

У гаміліі кс. Юрый зазначыў, што св. Рох з'яўляецца заступнікам у цяжкіх і невылечных хваробах. Патрэбна толькі моцная вера. Ён нагадаў, што падчас нядаўняй пандэміі вельмі многія цяжка хварэлі, у тым ліку і пробашч парафіі кс. Сяргей, і звярталіся з малітвай да св. Роха, просячы аб заступніцтве перад Панам Богам і аздараўленні. Кс. Сяргей дадаў некалькі фактаў з жыцця святога.

Кожны пілігрым прыехаў са сваёй інтэнцыяй: маліліся за сябе, сваіх родных, а таксама за нашых любых святароў, якія, як і кожны свецкі чалавек, хварэюць.

У канцы св. Імшы ўсе разам памаліліся літаніяй да св. Роха, а пасля вернікі атрымалі ад святароў блаславенне з ускладаннем рук.

Вельмі ўдзячныя Пану Богу за пілігрымку, за радасць і любоў, якія напоўнілі сэрцы. Дзякуем кіроўцам, якія забяспечылі даезд, а сп. Ірэнцы Туровіч - за прыгожае музычнае суправаджэнне св. Імшы і спеў.
Тэкст і фота: Надзея Мажуць
Больш пачытаць пра св. Роха можна на сайце часопіса "Ave Maria".