Skip to main content

32-я пешая пілігрымка Маладзечна-Будслаў, 2025. "Laudato Si"

| Падзеі »

Хоць мы з розных мясцінаў,
Мы ўсе разам - і незпраста:
У Будслаў шлях не адзіны,
Адзін з вераю - шляхам Хрыста.
Алег Шумель

 4.07.2025 budslav piligr0078

У гэтым годзе пілігрымка з Маладзечна аказалася самай шматлікай: 363 чалавекі сярод амаль 2500 паломнікаў, якія крочылі або ехалі на роварах да Маці Божай Будслаўскай з розных мясцін нашай краіны.

 4.07.2025 budslav piligr0001

Маладзечанская пілігрымка вылучалася яшчэ і тым, што побач з мясцовымі вернікамі і пілігрымамі з розных куткоў Беларусі, якія вырашылі даверыцца братам капуцынам, ішлі таксама паломнікі з Расіі. Каб распачаць з намі шлях, група колькасцю каля 60 чалавек разам з законнымі сёстрамі і святарамі (і з бр. Андрэем Квяцінскім, які служыць на місіі ў Варонежы) на чале з ардынарыем дыяцэіі св. Клімента ў Саратаве біскупам Клеменсам Піккелем  пераадолела каля трох тысяч кіламетраў расійскіх і беларускіх дарог. Цікава, што духоўныя асобы расійскай групы хоць служаць у Расіі, але паходзяць з іншых краінаў: Польшчы, Германіі, Аргенціны.  

У складзе нашай каманды былі і моладзь, і бацькі з дзецьмі, і старэйшыя, якім ужо за 70, і нават жанчына ў інваліднай калясцы.

 4.07.2025 budslav piligr0012

Пілігрымка распачалася 30 чэрвеня святой Імшой а 9-00. Прысутны на Імшы Кусташ Кустодыі Меншых Братоў Капуцынаў бр. Алег Шэнда ў прывітальным слове заўважыў, што жыццё сучаснага чалавека сканцэнтравана  ў смартфоне, таму заахвоціў скарыстаць магчымасць пашырыць свае межы: сустрэць іншага чалавека ўжо не праз экран і лепш пазнаць сябе, свайго брата ці сястру, што ідзе побач.

 4.07.2025 budslav piligr0014

Напэўна, кожны, хто распачынаў пілігрымку, меў думкі аб тым, як яна складзецца, ці ўдасца дайсці, ці не падвядзе здароўе, ці будзе спрыяць надвор'е... Добрым адказам на гэтыя сумненні сталі словы галоўнага цэлебранта св. Імшы -нашага "маладзечанскага" біскупа Юрыя Касабуцкага - аб тым, што на шляху ў Будслаў Бог ідзе разам з намі. Наша надзея ў тым, што Ён прысутнічае ў кожнай цяжкасці і шчодра адорвае ласкамі. Таксама ўладыка нагадаў, што важна па дарозе не забыць, куды мы ідзём, бо кожны наш шлях павінен накіроўвацца да Хрыста і Нябеснай Айчыны. Важна, што мы крочым туды разам, таму варта задавацца пытаннем, ці камфортна тым, хто побач са мной, ці патрэбна ім мая дапамога, усмешка, добрае слова.

 4.07.2025 budslav piligr0028

Напрыканцы Імшы ўладыка Юрый перадаў кіраўніку пілігрымкі бр. Уладзіславу Мінько свісток - сімвалічны шафар (труба з рога жывёлы, гукам якой склікалі габрэяў на сход і малітву), потым прысутныя былі акроплены асвячонай вадой - і вырушылі.

 4.07.2025 budslav piligr0038
 4.07.2025 budslav piligr0043
 4.07.2025 budslav piligr0076
 4.07.2025 budslav piligr0072

А гэта сертыфікат на каву і салодкую вату ;)

Пяцідзённы шлях пралягаў праз Вілейку, Касцяневічы, Даўгінава, Бярозаўку.  Начавалі пераважна ў палатках. Пан Бог зрабіў акно ў тучах на 5 дзён, таму было суха і цёпла, а апошнія дні нават вельмі горача. Добра, што час ад часу налятаў ветрык.

 4.07.2025 budslav piligr0080

Вялікая калона паломнікаў займала адну паласу дарогі і цягнулася на некалькі дзясяткаў метраў. Таму, каб пачуць канферэнцыі і спевы, моцныя мужчыны неслі за плячыма 4 калонкі. А 9 мужчын і хлопцаў - парадкавых (пілігрымы іх празвалі "парадачнымі") праз увесь шлях кантралявалі дарожны рух, каб ісці было бяспечна. Яны бегалі ўздоўж калоны, забягалі наперад, даганялі хвост калоны... Урэшце, пакуль пілігрымы дапляліся да Будслава, адолеўшы 120 км, парадкавыя, як засведчыў смартгадзіннік, набегалі ў 1,5 разы больш.     

 4.07.2025 budslav piligr0102

Ідучы па спёке, думалася пра габрэяў, якіх вёў Майсей з Егіпта ў зямлю абяцаную. Толькі мужчын там было, згодна з першымі кнігамі Старога Запавету, каля 600000. А калі дадаць яшчэ столькі ж жанчын і хоць бы столькі ж дзяцей, то атрымаецца каля 2 млн., а гэта насельніцтва Мінска! Цікава ўявіць сабе, як бы выглядала наша пілігрымка, каб у ёй было столькі людзей. Простыя падлікі паказваюць, што калі іх змясціць калонай на дарозе, то заняць прыйшлося б 2 паласы, пры тым, што хвост быў бы яшчэ ў Маладзечне, а галава акурат ужо ў Будславе!    Іх стан на начлег мог бы найменш займаць плошчу 2 км² (калі на кожнага вылучыць па 1 м²). Дарэчы, плошча Будслава 0,786 км²- усе б не змясціліся. Пілігрымы ведаюць, што такое хвалька. Гэта калі спераду калоны паднімаюць рукі, а затым паступова гэты імпульс перадаецца па калоне ў "хвост" (або з "хваста" ў бок "галавы"). Уявім сабе, што Майсей крыкнуў: "Хвалька!" Калі прыняць, што чалавек у калоне ўзнімае рукі за 1 с, то рух з "галавы" габрэйскай пілірымкі (у Будславе) прыйдзе да "хваста" (у Маладзечне) за 33 гадзіны! 

Але нас пакуль не так шмат)))

 4.07.2025 budslav piligr0088

Тэма сёлетняй пілігрымкі была звязана з гімнам-малітвай св. Францішка "Laudato Si" - "Будзь праслаўлёны". Яе таксама называюць "Laudes creaturarum" ("Хвала стварэнняў", або "Сонечная песня"). Справа ў тым, што ў бягучым годзе гэты твор мае юбілей - 800 гадоў ад моманту напісання. Кожны дзень пілігрымкі быў прысвечаны пэўным радкам гімна. Браты заглыблялі нас у тэму падчас канферэнцый, працы ў групках і вечаровых набажэнстваў. Дарэчы,  канферэнцыі былі на рускай мове, каб разумелі пілігрымы з Расіі. 

 4.07.2025 budslav piligr0096

 

1 Дзень, 30.06. Маладзечна - Гліннае.

 4.07.2025 budslav piligr0094

На першым прывале а. Яраслаў Мітжак, які служыць у Стаўрапале, даў некалькі важных парадаў, як правільна перажыць паломніцтва, каб яно сапраўды магло перамяніць жыццё, каб яно было сапраўдным пераходам у зямлю абяцаную. Асноўныя тэзісы: 1) Калі я ў паломніцтве, значыць, я адкрыў у сабе Божы заклік, і значыць, Госпад  штосьці ад мяне хоча і штосьці для мяне прыгатаваў. Магчыма, гэта патрэбна для распазнання і ўмацавання ў пакліканні, каб змог убачыць і прыняць сэнс майго жыцця на дадзеным этапе  (святарства, манаства, сямейнага жыцця, удаўства, хваробы, г.д.), каб зразумець, што менавіта магу зрабіць лепш на гэтым маім шляху да  святасці. Важна заўважаць Божыя знакі, быць уважлівым, каб зразумець волю Бога. 2) Важна меть інтэнцыю, матывацыю: дзеля чаго? Варта памятаць, што я малюся не толькі словамі малітвы, не толькі ахвярай св. Імшы, але ўсім паломніцтвам - ахвярую цяжкасці (дыскамфорт, боль, г.д.). Тады лягчэй іх прымаць. Не трэба шукаць складанасці спецыяльна. Калі магу выбрать, то выбіраю самы лёгкі шлях, і ён ад Бога. Там і будзе мой крыж, якога хопіць. Прымаю тыя крыжы, якія трапяць да мяне не залежна ад мяне.

 4.07.2025 budslav piligr0111

Далей  бр. Вадзім Войцік распавёў пра асобу св. Францішка, пра яго вельмі паважнае стаўленне да прыроды.  Святы заўважае прысутнасць Госпада ва ўсім стварэнні, адчувае адзінства з усім існым, бо яно мае тую самую Крыніцу жыцця - агульнага Айца, таму шчыра называе вецер братам, ваду сястрой. Па словах англійскага пісьменніка Г.К. Чэстэртана, св. Францішак  самы паэтычны з усіх святых і самы святы з усіх паэтаў. Яго ўзнёслая песня - гэта малітва-праслаўленне Бога за зямны дом.  

Сучасны чалавек хаваецца ў віртуальным свеце і губляе сэрца, як заўважыў папа Францыск. Пераважае памылковае ўяўленне, што чалавек ужо валадарыць над прыродай, яе эксплуатуе і кантралюе, таму ставіць сябе вышэй прыроды.  Ён перастае быць здольным углядацца, заўважаць прыгажосць, здзіўляцца, а таму не ўмее дацаніць той Божы дар, які штодня атрымлівае ў асяроддзі прыроды. Гэтая пілігрымка - запрашэнне для нас навучыцца глядзець на свет вачыма дзіцяці, з  захапленнем,  цікавасцю, а не ўспрымаць наваколле як штосьці відавочнае і звычайнае. І за гэты цудоўны дар аддаваць Богу хвалу.

1. Найвышэйшы, усемагутны, добры Пане,
Tвая слава, хвала і пашана, i ўсялякае бласлаўленне.
2. Tабе Адзінаму, Найвышэйшаму, усё гэта належыць,
І ніводзін чалавек не годны вымавіць Імя твайго.

Вечарам новенькіх паломнікаў чакалі выпрабаванні і пасвячэнне ў пілігрымы.

 4.07.2025 budslav piligr0127
 4.07.2025 budslav piligr0128

- Выйграе той, хто цяпер прынясе мне ... хабіт!
- Вось!
- Нават не ведаю, Маша, ці залічваць табе перамогу, бо бр. Андрэй Багдановіч - твой брат...

 4.07.2025 budslav piligr0142

 Вось такімі цудоўнымі вяночкамі былі адораны новенькія пілігрымы.

 4.07.2025 budslav piligr0151
 4.07.2025 budslav piligr0141
 4.07.2025 budslav piligr0132

 А пакуль дарослыя займаліся сур'ёзнымі рэчамі, дзеці прымяралі новую дзіўную палатку а. Маркуса, падвешаную паміж дрэвамі, якую ён першы раз думаў выпрабаваць гэтай ноччу. 

 4.07.2025 budslav piligr0134

Вечар завяршыўся сумеснай малітвай. 

 4.07.2025 budslav piligr0155

"І быў вечар, і была раніца — дзень адзін" (Быц 1:5) 

 4.07.2025 budslav piligr0145

 

2 Дзень, 1.07. Гліннае - Вілейка - Касцяневічы.

 4.07.2025 budslav piligr0156

Раніцай пілігрымы прыйшлі ў касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы, каб аддаць Богу шлях новага дня.

 4.07.2025 budslav piligr0178
 4.07.2025 budslav piligr0168
 4.07.2025 budslav piligr0186
 4.07.2025 budslav piligr0188
 4.07.2025 budslav piligr0179

Далей курс на Касцяневічы.

 4.07.2025 budslav piligr0194

На працягу дня бр. Вадзім Войцік і бр. Андрэй Багдановіч заглыблялі нас у разважанне над строфамі Песні, у якіх св. Францішак праслаўляе Творцу за стыхіі: вецер, ваду, агонь, зямлю.

6. Праслаўлёны будзь, Пане мой, праз брата вецер
i праз паветра, i хмары, i надвор’е, i кожны час,
праз гэта ўсё Ты ўтрымліваеш сваё стварэнне.
7. Праслаўлёны будзь, Пане мой, праз сястру ваду,
такую карысную
i пакорную, i каштоўную, i чыстую.
8. Праслаўлёны будзь, Пане мой, праз брата агонь,
якім разсвятляеш ноч:
a ён прыгожы, i радасны, i жвавы, i моцны.
9. Праслаўлёны будзь, Пане мой, праз сястру нашу
маці зямлю, якая нас корміць i гадуе,
i дае розныя плёны з каляровымі кветкамі і травамі.

Стаўленне св. Францішка да прыроды было рэвалюцыйным для сярэднявечча. Тады людзі баяліся, адчувалі сябе безабароннымі перад прыроднымі з'явамі. Ён жа, адкрыўшы адзінства ў Богу з усім існым, перастаў лічыць прыроду сваім ворагам. Францішак не абагаўляе стыхіі, не аддае ім хвалу, але адчувае братэрства з імі, сузірае, захапляецца іх прыгажосцю і праслаўляе за іх Бога. 

 4.07.2025 budslav piligr2004

У рукапісным аўтарскім тэксце радкі пра зямлю былі выдзелены чырвоным. Зямля для Францішка мела асаблівую каштоўнасць, бо нашыя целы Бог стварыў з зямлі, і Хрыстос прыняў такое цела. Адной з улюбёных стыхій для Францішка была вада. Яна пакорная, бо заўсёды сцякае ўніз, прымае форму пасудзіны. Яна каштоўная, бо без яе немагчыма жыццё. Яна чыстая і імкнецца змыць бруд. Да яе падобна сэрца, якое імкнецца жыць у чысціні і пакоры ў прысутнасці Бога.

 4.07.2025 budslav piligr0195

Можна падумаць, што Францішак ідэалізуе стыхіі і не бачыць цярпенняў, якія яны часам прычыняюць. Але ён быў свядомы болю, бо сваю Песню ён пісаў напрыканцы жыцця, калі моцна цярпеў ад хваробы, а таксама ад стыгматаў. Справа ў тым, што мы прызвычаіліся ацэньваць стыхіі адносна свайго камфорту і жаданняў: то чагосьці замала, то ўжо замнога, а то ў самы раз. Францішак жа ўспрымаў стыхіі як штосьці каштоўнае і добрае па сваёй сутнасці, бо яно створана Богам. Цікава, што аднойчы святы перашкаджаў братам тушыць агонь на яго хабіце: "Не крыўдзіце брата агня!" Гэта запрашэнне для нас  паглядзець на стыхіі ў іх глыбіннай сутнасці, як мы маглі б паглядзець на бяздомнага або прыдаўленага хваробай чалавека і ўбачыць у ім асобу.

У нашым жыцці стыхіямі мы можам лічыць тое, што на нас ўплывае, але ад нас не залежыць, тое, з-за чаго мы адчуваем сябе прыгнечанымі. Сюды таксама  можна аднесці меркаванне іншых людзей, хваробу, моду, рэкламу, ідэалогію. Часам мы не ведаем, як ім супрацьстаяць. Наша надзея ў тым, што ўсе стыхіі падуладныя Богу, а таксама ў тым, што мы можам вырашаць, якая будзе наша рэакцыя. Калі я сутыкаюся са стыхіяй, ці разумею я сутнасць гэтай стыхіі, ці ўсведамляю, куды яна вядзе? Ці згаджаюся туды ісці, калі разумею, што яна цягне не ў той бок? Ці здольны я прыняць тое, як яно ёсць у маім жыцці, і заставацца сабой адносна гэтага? Часам мы губляем сябе, пачуццё ўласнай годнасці, згаджаемся, каб нас вялі туды, куды не хочам. Але мы заўсёды можам выбраць заставацца сабой, каб нашае жыццё было не ўсяго толькі рэакцыяй на стыхію, але каб было каштоўнасцю само па сабе. Варта спрабаваць паглядзець на сябе вачыма Бога, Які нас стварыў. Кожны з нас у вачах Бога каштоўны сам па сабе. Унутры нас ёсць сіла, каб прайсці свой шлях.

 4.07.2025 budslav piligr0202

Падчас медытацыі кожны мог адчуць стыхіі прыроднага асяроддзя на сабе, а таксама паразважаць, якая з іх блізкая яму па духу.

 4.07.2025 budslav piligr0248
 4.07.2025 budslav piligr0105
 4.07.2025 budslav piligr0117
 4.07.2025 budslav piligr0253

А гэта Джунжык.  Ён удзельнічаў ва ўсіх практыкаваннях разам з пілігрымамі. Ласкавы рыжы сабака ўвязаўся за калонай і ішоў з намі ад самага Гліннага. Напэўна, дайшоў бы і да Будслава, але Дамініка адшукала ягонага гаспадара праз інтэрнэт. І ён прыехаў у Даўгінава. Джунжык аказаўся Малышом.

 4.07.2025 budslav piligr0137
 4.07.2025 budslav piligr0139

Хто ведае, што спадабалася сабаку. А раптам спевы?  Таму, калі аднойчы пілігрымы праходзілі міма статка кароў, Дамініка на ўсялякі выпадак перайшла на шэпт ;) 

Вечарам прыйшлі да касцёла Беззаганнага Зачацця Панны Марыі ў Касцяневічах.   

 4.07.2025 budslav piligr0205
 4.07.2025 budslav piligr0209

А што ў шапцы бр. Францішка?

4.07.2025 budslav piligr2003

Праз дарогу ад касцёла знаходзіцца  музей, прысвечаны жыццю і дзейнасці былога пробашча кс. Станіслава Жука. Яго можна было наведаць. Там цікавая экспазіцыя, сабраная парафіянамі. 

 У гэтай прыладзе, падобнай да вафельніцы, пяклі гостыі.

 muzei kosten 01
 muzei kosten 02

 А гэта арнаты пачатку прошлага стагоддзя, з элементамі ручной вышыўкі.

 muzei kosten 03

Познім вечарам, калі ўсе справы дня былі завершаны, адбылася малітва праслаўлення пад адкрытым небам. "І быў вечар, і была раніца — дзень другі" (Быц 1:8).

 

3 Дзень, 2.07, свята Маці Божай Будслаўскай. Касцяневічы-Даўгінава.

Святочны дзень распачаўся святой Імшой.

 4.07.2025 budslav piligr0225
 4.07.2025 budslav piligr0224
 4.07.2025 budslav piligr0235
 4.07.2025 budslav piligr0227

У гэты дзень нас чакала Даўгінава і разважанні  бр. Вадзіма і бр. Сяргея над радкамі Песні, якія тычацца свяцілаў - сонца, месяца і зорак.

3. Праслаўлёны будзь, Пане мой, з усімі Тваімі стварэннямі,
асабліва з панам братам сонцам,
праз якога з’яўляецца дзень, і праз якога нас асвятляеш.
4. I сам ён прыгожы, і праменіцца вялікім ззяннем,
і Тваім, Найвышэйшы, з’яўляецца адлюстраваннем.
5. Праслаўлёны будзь, Пане мой, праз брата месяц і зоркі,
якія сфармаваў Ты на небе: ясныя, i каштоўныя, i прыгожыя. 

Пан Бог у гэты дзень блаславіў нас спякотным сонечным надвор'ем, як раз да тэмы.

 4.07.2025 budslav piligr0258

Сонца - крыніца жыцця, яно запускае ўсе працэсы на зямлі. Дзякуючы яго святлу мы бачым.  Месяц і зоркі звязаны з гэтым святлом, бо яго адлюстроўваюць. Сонца ёсць вобразам Бога. Касцёл называе Хрыста сонцам справядлівасці, сонцам праўды, святлом жыцця. 

Папа Францішак казаў, што мы не плод сляпой эвалюцыі, але плод думкі Бога. Кожнага з нас Бог пажадаў, і кожны з нас любімы. Мы, як вобраз і падабенства Божае, унутры сябе маем святло і можам быць носьбітам святла Божай любові. Варта зазначыць, што як зоркі асвятляюць ноч разам, у адзінстве з сабой і з Сонцам, свецячы адлюстраваным святлом, падобна і мы ў яднанні адзін з адным і з Богам можам несці Яго святло бліжнім. Для гэтага важна распазнаць сваё прызначэнне, Божую волю адносна сябе. Тут варта звярнуць увагу на свае ўласныя глыбокія жаданні і мары.  Яны кажуць аб пакліканні чалавека.  Распазнанне, куды вядуць нашыя зоркі-мары, - гэта працэс, у якім не адразу можна ўбачыць мэту.  Трэба зразумець, ці мая мара - гэта толькі маё жаданне, ці таксама і воля Бога. Бо святло, якое асвячае нашае сэрца, - гэта Бог, і толькі ў супрацоўніцтве з Ім, прабыванні з Ім мы можам рэалізаваць сябе. Калі мы Богу даверым усе нашыя жаданні, Ён нас можа здзівіць. Як некалі здзівіў усіх у св. Францішку, споўніўшы яго мару праславіцца, толькі не праз эгаістычнае жаданне стаць рыцарам, а праз узор пакоры і служэння. Францішак атрымаў нашмат больш, чым марыў.

 4.07.2025 budslav piligr0247
 4.07.2025 budslav piligr0255

Дапамогай на шляху рэалізацыі прызначэння для нас можа быць Панна Марыя, якая свеціць адлюстраваным святлом Хрыста і асвятляе нам шлях. Касцёл называе яе ранішняй зоркай, бо як Венера, бачная раніцай, прадвяшчае ўзыход сонца, так і Марыя прадвяшчае прыйсце Хрыста. Св. Францішак вельмі любіў Маці Божую. У складзеных ім малітвах ён ніколі не называў яе адным і тым жа тытулам нават і двойчы.

У групках разглядалі абраз Маці Божай Будслаўскай, пачулі пра гісторыю яго з'яўлення і  пра цудоўныя аздараўленні і нават уваскрашэнні, якія зафіксаваны з 17 стагоддзя і адбываюцца па сённяшні час. Для мяне гэтая святыня адкрылася наноў, быццам убачыла ўпершыню... І такое я чула ад іншых пілігрымаў, якія штогод бываюць у Будславе. Мы вельмі мала ведаем пра Маці Божую Будслаўскую, а можа і прызвычаіліся да яе, падобна як да зорак ў небе. А гэта скарб, які праз гісторыю людзей, праз атрыманыя імі ласкі і прынесеныя на знак удзячнасці дары моўчкі распавядае аб Божай любові і міласэрнасці, якая ўжо 400 год на гэтай зямлі праліваецца ў сэрцы тых, хто прыходзіць. І не спыняецца. І дае надзею. 

 4.07.2025 budslav piligr5003

Да тэмы распазнання паклікання варта дадаць, што ў Касцёле існуе малітоўны рух "Таварыства для пакліканняў" ("Общество для призваний"), які нарадзіўся у 2002 г. з натхнення а. Яраслава і ўжо стаў міжнародным. Усе ўдзельнікі "Таварыства" выконваюць маленькае абяцанне: кожны дзень моляцца адно "Вітай, Марыя" ў інтэнцыі аб пакліканнях (святарскіх, сужэнскіх, да прысвечанага Богу жыцця, а таксама за сябе і ўсіх удзельнікаў руху аб распазнанні ўласнага паклікання і верным трыванні ў ім). Даведацца больш і стаць яго часткай можна на сайце https://www.santevocazioni.com/about/

Тут а. Яраслаў з кніжачкай, куды ён запісваў новых удзельнікаў руху. 

 4.07.2025 budslav piligr0358

Падмацаваўшыся смачным абедам, ...

 4.07.2025 budslav piligr0200
 4.07.2025 budslav piligr0197

... дайшлі да касцёла св. Станіслава ў Даўгінаве, падзякавалі за чарговы дзень паломніцтва.

 4.07.2025 budslav piligr0285
 4.07.2025 budslav piligr0269

Далей чакала вячэра, пасля якой усе жадаючыя маглі пазмагацца ў футболе супраць каманды капуцынаў. Такіх, якія яшчэ мелі ногі і сілы, сабралася нямала.

 4.07.2025 budslav piligr3003
 4.07.2025 budslav piligr3005
 4.07.2025 budslav piligr3007

Вечарам была адарацыя, падчас якой прысутныя маглі даручыць сябе і свае справы Божай Маці, а пасля - заступніцкая малітва.

 4.07.2025 budslav piligr0290
 4.07.2025 budslav piligr0292

"І быў вечар, і была раніца — дзень трэці" (Быц 1:13). 

 

4 Дзень, 3.07. Даўгінава - Бярозаўка.

Дзень распачаўся прыміцыйнай Імшой бр. Сяргея Гусара, які вясной прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне, пасля якой усе прысутныя маглі атрымаць прыміцыйнае блаславенне.

 4.07.2025 budslav piligr0296
 4.07.2025 budslav piligr0297
 4.07.2025 budslav piligr0301
 4.07.2025 budslav piligr0302
 4.07.2025 budslav piligr0315

Праз гэты дзень разглядалі тэму прабачэння, у якую нас заглыбілі бр. Вадзім Войцік і бр. Андрэй Квяцінскі.

10. Праслаўлёны будзь, Пане мой, праз тых, якія
прабачаюць дзеля Тваёй любові і церпяць слабасці і пераслед.
11. Бласлаўлёныя тыя, якія ўсё гэта прымаюць у супакоі,
бо Табою, Найвышэйшы, укаранаваныя будуць.

 4.07.2025 budslav piligr4012

 Гэтыя радкі св. Францішак напісаў пазней, у час, калі ў Асізі адносіны паміж біскупам і бургамістрам дайшлі да адкрытай варожасці: бургамістр быў адлучаны біскупам ад Касцёла, а біскупу было забаронена бургамістрам мець гандлёвыя сувязі (на той час у духоўных асобаў была ўласная гаспадарка, з якой яны ўтрымліваліся). Калі Францішак даведаўся пра канфлікт, ён папрасіў братоў арганізаваць сустрэчу бургамістра і біскупа і заспяваць ім песню-малітву з новымі радкамі аб прабачэнні. Згодна з легендай, словы малітвы так кранулі сэрцы гэтых людзей, што яны адразу памірыліся.

 4.07.2025 budslav piligr0327

Чаму я павінен прабачаць? Госпад ставіць прабачэнне умовай збаўлення: "І прабач нам грахі нашы, як і мы прабачаем вінаватым нашым". Калі я не хачу прабачыць бліжняму, то не прымаю прабачэнне ад Бога.  Свядомае нежаданне прабачыць - шлях у ад. Калі я прабачаю, я прымаю дар Божага прабачэння, які Хрыстос здабыў для мяне ўласнай крывёй. Найвышэйшала хвала Богу з боку чалавека - гэта прабачэнне іншаму дзеля Яго любові, дзеля Яго Ахвяры. 

Хто прабачае, тыя "укаранаваныя будуць" самім Богам. Карануюць тых, хто мае царскую годнасць.  Прабачэнне чыніць нас падобнымі да Бога, на Хрыста, які на крыжы прабачае. 

Што такое прабачэнне? Прабачыць - гэта не тое самае, што апраўдаць або забыць. Гэта рашэнне перастаць ставіць крыўду ў цэнтр. Найчасцей прабачэнне - гэта працэс, шлях, які амаль немагчыма прайсці без Бога. Першым крокам на гэтым шляху з'яўляецца рашэнне прабачыць, акт волі: "Пане, я ведаю, што я павінен прабачыць. Я пакуль не магу, бо ўсё ўва мне гэтаму супраціўляецца, але хачу". Паступова, дзякуючы Божай ласцы (калі жыву сакрамэнтамі, малюся, чытаю Божае Слова), прыходзіць вызваленне ад нянавісці, прагнення помсты, з'яўляецца здольнасць маліцца за ворага, а нават і любоў да яго - не абавязкова на ўзроўні пачуццяў, але жаданне дабра гэтаму чалавеку. Прабачэнне - гэта вялікая радасць і свабода.

Вельмі часта, асабліва калі хтосьці прычыніў вялікі боль, у нас ёсць спакуса закрыцца ад таго чалавека, адкінуць яго. Але наша перамога над злом - гэта адкрытасць і давер  да ворага. Варта прасіць у Бога аб здольнасці, на ўзор св. Францішка, несці ў свет мір бяззбройны і абяззбройваючы, заснаваны на любові, лагоднасці, добразычлівасці, прасіць аб здольнасці глядзець на чалавека вачыма Хрыста.

"Спешите любить, ведь люди так быстро уходят" (кс. Ян Твардоўскі). Варта не адкладаць сваё прабачэнне на потым, варта даражыць адносінамі, цаніць іншага чалавека, чыніць маленькія акты дабрыні, у якіх ўцелаўляецца любоў Бога. 

 4.07.2025 budslav piligr0319

Стомленых складаным пераходам па грунтовай дарозе і спякотным надвор'ем паломнікаў чакаў прыемны сюрпрыз - вада з шланга, якой шчодра паліваў гарачыя галовы Алег Шумель, наш кіроўца бусіка, які ўсцяж забяспечваў пілігрымаў халоднай гаючай вадой.

Насамрэч, канешне, сюрпрыз быў іншы, зусім нечаканы - гэта марозіва. Вялікі дзякуй чалавеку, які ахвярна скупіў ці не ўвесь яго запас у суседнім магазінчыку...

 4.07.2025 budslav piligr4013

Гэтак палямі ды ўзгоркамі дабраліся да Бярозаўкі, дзе нас сустрэў бр. Ігар Колзун.

 4.07.2025 budslav piligr0349

Пасля ўсіх спраў з размяшчэннем і вячэрай сабраліся каля вогнішча, каб пабыць разам, паспяваць, падзяліцца тым, што на сэрцы. 

 4.07.2025 budslav piligr4015

"І быў вечар, і была раніца — дзень чацвёрты" (Быц 1:19).

 

5 Дзень, 4.07. Бярозаўка - Будслаў.

Раніцай пілігрымы выбіраліся са сваіх намётаў, як матылі з коканаў: з троху памятымі крыламі, але з прадчуваннем палёту. Пасля доўгага шляху ад старога чалавека да новага ў апошні дзень авалодвала думка, што зямля абяцаная ўжо блізка.

Пятніца была невыпадкова прысвечана разважанню над апошнімі радкамі верша, у якіх Францішак праслаўляе Бога праз сястру смерць.

12. Праслаўлёны будзь, Пане мой, праз сястру нашу
цялесную смерць, якой ніводзін жывы чалавек пазбезгнуць не можа.
13. Бяда тым, хто памірае у грахах смяротных.
Бласлаўлёныя тыя, якіх смерць напаткае ў Тваёй Волі Найсвяцейшай,
бо другая смерць ужо не зробіць ім крыўды.
14. Хваліце і праслаўляйце Пана, і дзякуйце Яму,
і служыце Яму з вялікай пакорай.

На тэму смерці разважалі з бр. Вадзімам.

Звычайна, думка пра смерць выклікае жах. Але ў Францішка гэта пазітыўны вобраз. Смерць ён называе сястрой. І гэта не проста паэтычны вобраз, гэта яго ўнутранае стаўленне. Калі мы жывём з Богам, тады смерць - гэта дзверы, праз якія можна перайсці з зямнога свету ў свет вечны, у святло Бога. Прымаць пад увагу смерць карысна ўжо цяпер, падчас зямнога жыцця, каб быць падрыхтаванымі, бо не ведаем дня і гадзіны. Наколькі рэальна мы ўспрымаем перспектыву смерці? Ці не пазбягаем гэтай тэмы?

 4.07.2025 budslav piligr0353

У дарозе маліліся крыжовы шлях. Словы малітвы былі шчыльна звязаныя з разважаннямі пра стыхіі, пра быццё сабой сярод іх. З таго, што запомнілася:
     калі даведаўся пра прыгавор, - не зварочваць;
     калі трэці раз упаў ад стомы і згубіў надзею, - успомніць, дзеля чаго пачынаў шлях;
     на крыжы застацца сабой:
     жыць так, каб і ў жыцці і ў смерці людзі бачылі, што для цябе важны Бог, каб не маглі твае ўчынкі і матывы аддзяліць ад Хрыста.

 4.07.2025 budslav piligr0359

На апошняй канферэнцыі с. Кацярына Грынчык падзялілася сваімі думкамі.  

Народ Ізраільскі 40 гадоў хадзіў па пустыні. Убогая манна, труд дарогі - навошта было гэта паломніцтва? Чаму Бог проста не памяняў іх месцамі з егіпцянамі. (Мы так і ў сваім жыцці часта думаем: каб жа памяняцца месцамі з тым, хто лепш зарабляе, мае ўладу). На той час Ізраіль меў рабскае мысленне, Егіпет - імперскае. Ні тое, ні другое не было патрэбна Богу. Для Ізраіля Бог хацеў вызвалення не толькі ад страхаў (усе іхнія ворагі патанулі ў водах Чырвонага мора), але і ад прывязанасці да зямных дабротаў. Яго воля была ў тым, каб габрэі жылі ў еднасці з Ім і былі Яго народам,  народам святарскім, святлом для іншых, Яго прыладай.

А навошта паломніцтва і яго невыгоды чалавеку, у якога ўсё добра і няма асаблівай інтэнцыі? Бог хоча сустрэчы  - больш глыбокай, чым дома, дзе перашкаджаюць абавязкі служэння, сацсеткі, тэлефонныя размовы. Ён хоча, каб я, ты быў Яго ... святаром. Кожны з нас, ахрышчаных, быў памазаны на святара. Мы з'яўляемся каралеўскім святарствам, наша місія - жыць у еднасці з Богам, аддаць сябе "на ахвяру жывую" (Рым 12:1). Сапраўды, часта бывае, што ў нашым асяроддзі толькі мы практыкуем веру і можам быть пасрэднікамі паміж Богам і бліжнім.

Дапамагае нам у гэтым службовае святарства - ксяндзы. Сястра заўважыла, што наша адказнасць у тым, каб не рабіць з іх ідалаў, не ідэалізаваць, бо гэта разбэшчвае іх сэрца і вядзе да занядбання сваім служэннем. Паказальнік здароўя парафіі - калі ёсць адважныя выказаць здаровую крытыку.

Цікавая думка прагучала наконт таго, чаму Майсей не ўвайшоў у зямлю абяцаную. З таго часу, як ён сустрэў Бога ў палаючым кусце, ён адчуваў Яго любоў і падтрымку і ўсё жыццё імкнуўся спаўняць Божую волю, але не быў здольны бачыць Яго. А калі ўбачыў зямлю, у якую ішоў столькі год, і адчуў, што памірае, нарэшце сустрэў Бога тварам у твар. Гэта было большым падарункам, чым якаясьці зямля... Мы ўсе імкнемся да запаветных мэтаў, маем розныя жаданні. Ці зможам перад абліччам смерці замест розных сваіх жаданняў прыняць сустрэчу з Богам без шкадавання і як падарунак? Ці зможам шчыра сказаць Богу: "Ты для мяне галоўны"?  

І пра надзею. У прарока Осіі ўзгадваецца даліна Ахор, якая стане брамай надзеі (Осія 2:15). У гэтай даліне быў укаменаваны Ахан з усёй сям'ёй, таму што зграшыў, парушыўшы Божы наказ нічога сабе не браць у заваяваным габрэямі Іерыхоне. Гэта даліна бяды і смерці... Грэх, які нішчыць нашыя сем'і - аборты, варожасць, алкагалізм - гэта наша даліна Ахор. Як безнадзейнасць можа стаць брамай надзеі? Дзякуючы Хрысту, які не чакае, калі мы станем ідэальнымі, а сам прыходзіць у нашыя абставіны і працягвае руку.   

 4.07.2025 budslav piligr5002

Зямля абяцаная гэтай пілігрымкі. 

 4.07.2025 budslav piligr5008
 4.07.2025 budslav piligr5012
 4.07.2025 piligr budslau mbb

Ласкавы позірк Маці Божай Будслаўскай, якая глядзіць на ўсіх, але і на кожнага. Малітва падзякі і праслаўлення, ахвяраванне шляху і сэрцаў. 

 4.07.2025 budslav piligr0379

Вечарам чакала ўрачыстая святая Імша - кульмінацыя святкавання. 

 4.07.2025 budslav piligr5010
 4.07.2025 budslav piligr0381
 4.07.2025 budslav piligr0382

Імшу для пілігрымаў узначаліў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска. У яго гаміліі да прысутных былі звернуты пытанні: "Што вы прынеслі з сабой у вашых рукзаках? Ці прынеслі тых, хто не змог пайсці і застаўся дома? Іх просьбы, іх малітвы". Ён распавёў гісторыю, як у адной парафіі, з якой заўсёды ішла пілігрымка, жанчына з Легіёну Марыі, страціла магчымасць хадзіць і не магла пайсці ў паломніцтва. Тады яна папрасіла святара: "Калі Вам не цяжка, прыміце мяне ў пілігрымку. Калі вы будзеце маліцца, дайце мне ведаць праз смс - і я буду з вамі ў малітве. Я не сяду есці, пакуль вы не спыніцеся на абед". Яна ішла з імі ў сваёй хаце.

 4.07.2025 budslav piligr0383

Далей уладыка запытаўся: "Ці ўзялі вы з сабой камень сваіх грахоў, крыўды? Тут можна гэты камень скінуць са сваёй душы. І самае галоўнае: ці ўзялі вы з сабой СЯБЕ? Асабліва гэта пытанне да святароў, арганізатараў, аніматараў, музыкаў, кухараў, у якіх было шмат абавязкаў". Пакінуўшы гэтыя пытанні для разважання, бп. Андрэй нагадаў, што тут месца асаблівай ласкі, якое выбраў Бог для нас, каб мы маглі аддаць цяжар нашых сэрцаў і даверыцца Божай любові. 

Многія паломнікі засталіся начаваць у палатачным лагеры. Сустракаліся з тымі, каго даўно не бачылі, частаваліся смачным капучына і салодкай ватай, удзельнічалі ў начной Імшы і працэсіі.

 4.07.2025 budslav piligr0388
 4.07.2025 budslav piligr5017

Гэты дзень таксама можна завяршыць словамі з кнігі Быцця: "І быў вечар, і была раніца — дзень пяты" (Быц 1:23).

У наступны, шосты, дзень Бог стварыў чалавека па свайму вобразу і падабенству і даў яму ў дар гэты свет.  "І ўбачыў Бог усё, што зрабіў, і вось, усё вельмі добра" (Быц 1:31). Нашае паломніцтва - гэта таксама маленькае стварэнне ўласнага свету, маленькая пасха. Гэта пераход ад небыцця да існавання, калі даеш сабе час сярод імклівых спраў заўважыць, што існуеш, што маеш у падарунак гэты цудоўны, складаны, непазнаны да канца свет, сваё цела і братоў. Гэта пераход ад цемры да святла праз слуханне Божага слова і канферэнцый. Гэта пераход ад смерці граху да жыцця  праз пакаянне і прабачэнне, праз сакрамэнты. І вось, калі шлях пяці дзён за плячыма, можна зазірнуць у сябе, заўважыць, якога новага чалавека Бог будуе ўва мне, да чаго кліча. І як цудоўна, што наступны дзень, сёмы, - як раз нядзеля: самы час, каб праславіць і падзякаваць Богу за атрыманыя ласкі. 

Ад імя ўсіх удзельнікаў паломніцтва хочацца сказаць:

Хвала Табе, Пане, за брата Уладзіслава і ўсіх святароў і кансэкраваных асобаў, якія праз каштоўныя, глыбокія і кранальныя канферэнцыі і казанні, праз словы падтрымкі і ўсмешку адкрывалі перад намі Цябе ў Тваіх стварэннях, у нас саміх і ва ўзаемаадносінах з бліжнімі.

Хвала Табе, Пане, за усіх, хто рыхтаваў ежу, лячыў, спяваў, вазіў, рабіў шлях бяспечным, хто прымаў падарожных, хто ішоў побач і прабачаў нязручнасці ў дарозе.

Хвала Табе, Пане, за тое, што Ты ішоў гэты шлях разам з намі. Амэн.

 

Больш фота змешчана ў галерэі або можна скачаць з воблака.

Відэа з пілігрымкі можна паглядзець у плэйлісце на нашым ютуб канале.

 ___________

P.S. Выпадкова падслухана:

"Як спалося?"-"Цудоўна: хоць мала і холадна, але бр. Улад не будзіў". 

"Лягчэй было ісці ў пілігрымцы 30 кг таму назад".

"Капуцыны такія крутыя, што ў іх мазалі нават на сандалях".

Из микрофона: "3-й день. Преодолели экватор пилигримки”. Малыш: “Мама, а мы пересекли экватор? В каком полушарии уже идём?”

"Просыпаюсь я утром в палатке - смотрю, а у меня 2 ноги: одна правая, а вторая левая"...

 

Тэкст: Кацярына Савянок

Фота, відэа: Эрык Савянок і шматлікія пілігрымы