Skip to main content

“Крынічка Божай любові”: Святая Імша ля каплічкі-крынічкі ў Лешне.

| Падзеі »
28.06.2025Leshna01

Скажыце, ну, ці ж гэта не цуды, пачынаць свой адпачынак з наведвання цудадзейнага месца, якое да таго ж аднесенага да 7 цудаў Маладзечаншчыны?! Вядома, ЦУДЫ!
Наведваючы нашы Святыні (ужывую ці віртуальна) у мяне заўсёды паўстаюць карціны гісторыі, Святыня ажывае і напаўняецца падзеямі, людзьмі… і марамі.

Так было і ў гэты раз. Сёння, 28 чэрвеня, упершыню ва Успамін Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі атрымалася наведаць крынічку ў Лешне.

28.06.2025Leshna02

Як і стагоддзі назад вернікі з розных бакоў ішлі, каб памаліцца пры Святой крыніцы: хто на машыне, хто на веласіпедзе, хто пешшу палявымі дарожкамі. Ішлі, каб не толькі набраць гаючай вадзічкі, а, найперш, праславіць Сэрцы Езуса і Марыі. Бо менавіта ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса (адзначалася ўчора) з’яўляўся некалі цудоўны абраз Маці Божай у крынічцы, нагадваючы людзям аб асаблівым ушанаванні Святога Сэрца Яе Сына.

28.06.2025Leshna03
 28.06.2025Leshna04

І хоць людзей сабралася не вельмі шмат, не так, як было ў ранейшыя часы, але гэта была, як зазначылі бр. Андрэй Жылевіч і бр. Сяргей Гусар, адзіная сям’я вернікаў. І ў гэтыя імгненні, мы, як святы Францішак, адчувалі ўсю прыгажосць прыроды: і спевы птушак, і ўсмешку сонейка, і павевы ветру, які ў гэты дзень вырашыў выпрабаваць вернікаў… І прысутнасць Святой Сям’і…

 28.06.2025Leshna05

Адна з галоўных думак у прамове брата Сяргея была адведзена ролі вады ў Бібліі і ў жыцці чалавека:

“…Будзь праслаўлены, Пане,
Нашай сястрыцай вадой,
Вельмі карыснай,
Пакорнай, каштоўнай і чыстай…” (з гімна святога Францішка Асізскага).

І сапраўды, першыя радкі, з якіх пачынаецца кніга Быцця наступныя: “На пачатку стварыў Бог неба і зямлю. А зямля была нябачная і пустая і цемра над безданню, і Дух Божы лунаў над вадою…” (Быц 1:1,2).

Чалавек не можа вытрымаць доўга без вады. Святая сцюдзёная вада і да сённяшняга часу з’яўляецца самай смачнай на свеце, а тое, што яна лепш за ўсе сучасныя разрэкламаваныя напоі праганяе смагу, гэта добра ведаюць тыя, хто прыходзіць да крынічкі ў Лешне. Дастаткова ўсяго некалькі цудадзейных глыткоў – і тваё цела пакідае млявасць, яно набывае новыя сілы…

 28.06.2025Leshna06

“Крынічка Божай любові” – менавіта так брат Андрэй назваў крынічку ў Лешне. Вельмі прыгожыя і кранальныя словы! Увасабленнем гэтай найвялікшай Божай любові з’яўляецца Сэрца Езуса. Няхай такіх крынічак будзе як мага больш у нашым жыцці!

 28.06.2025Leshna07

“Журчыць крынічка, гоман птушак –
Ты прыпыніся, сядзь, паслухай.
Падумай, як жыццё бяжыць...
Струменьчык жа звініць, звініць.
Забудзь пра горыч, пра растанні,
Ўсміхніся Сонцу на світанні.
Вада крынічная бурліць,
Як быццам кажа: “Трэба жыць”!..” (Анатоль Умінскі)

 28.06.2025Leshna08

Дарэчы сёння адбыўся яшчэ адзін цуд - ля святой крынічкі ўпершыню ў яе гісторыі адбылася прыміцыйная Імша, якую цэлебраваў наш дарагі брат Сяргей Гусар! З яго рук мы ўсе атрымалі благаслаўленне! Эмоцыі неверагодныя!

Тэкст і фота: Таццяна Шумель