Урачыстасць Спаслання Духа Святога

У нядзелю 8 чэрвеня Касцёл святкаваў урачыстасць Спаслання Духа Святога, або Пяцідзясятніцы, якая па значнасці для ўсіх хрысціянаў адпавядае такім святам, як Божае Нараджэнне і Вялікдзень. Гэта дзень, калі вучні Хрыста атрымалі найбольшы дар, які толькі маглі атрымаць ад Бога, - дар Святога Духа. Гэты асаблівы дзень Касцёл лічыць Днём свайго нараджэння. Таксама асаблівай гэтая нядзеля стала для Паўла Роўды і яго бацькоў, таму што падчас св. Імшы а 12-00 хлопец быў прыняты ў міністранты.

"А кім для мяне ёсць Дух Святы? Як гэтае свята наогул датычыць майго жыцця? Па чым я магу пазнаць, што Ён у мяне ёсць, што я Яго прымаю і не перашкаджаю Яму? - задаў пытання бр. Уладзіслаў на пачатку гаміліі. - У шматлікіх месцах Пісання мы бачым асаблівы стыль адносінаў Бога з чалавекам: Ён адкрываецца перад чалавекам, штосьці аб'яўляе, правакуе сустрэчу, яднае, збірае". Напрыклад, мы бачым, як Святы Дух пераадольвае моўны падзел: "Былі ў Ерузалеме жыхары Юдэі, людзі пабожныя з усякага народу пад небам. Калі ўзняўся гэты шум, сабралася мноства людзей і захвалявалася, бо кожны з іх чуў, што яны гавораць на ягонай мове" (Дз 2:5-6).
Дзеі Апосталаў 2 раздзел — Біблія — Новы Запавет / пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла: https://bible.by/bcat/44/2/
Таксама, усіх нас, якія маем розныя таленты, Дух яднае ў адно містычнае Цела Хрыста - Касцёл: "Розныя ёсць дары, але той самы Дух. <...> Як цела адно, але мае многа членаў, якія <...> складаюць адно цела, так і Хрыстус. Бо ўсе мы ў адным Духу ахрышчаныя ў адно цела: ці то юдэі, ці то грэкі, ці то нявольнікі, ці то свабодныя, і ўсе напоўненыя адным Духам." (1Кар 12:4,12,13).

На працягу гісторыі збаўлення Бог паступова адкрываў чалавеку Сябе, Сваё Сэрца. А ў дзень Пяцідзясятніцы Ён, нарэшце, адкрыўся ва ўсіх трох Асобах - даў усяго Сябе. Спасланне Духа Святога сведчыць пра бясконцы давер Бога чалавеку. Гэты давер можна ўбачыць хаця б па тым, што адбываецца падчас споведзі: Бог, ведаючы нас, зноў і зноў прабачае, зноў і зноў давярае нашаму жаданню распачаць наноў, не змарнаваць скарб Яго міласэрнасці.

А ў нашых узаемаадносінах з людзьмі? Найчасцей, нават першая наша рэакцыя на незнаёмага чалавека - насцярожанасць, недавер. Мы баімся адкрыцца другому чалавеку. Выйсці да другога чалавека - гэта рызыка быць параненым.
Калі ўваскрослы Езус прыходзіць да вучняў, Ён паказвае ім Свае раны, якія нагадваюць пра Ягоны боль. "<...> Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас. <...> Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя <...>" (Ян 20:21-23). Гэтыя словы можна разумець як заклік Хрыста: "Не бойся. Я цябе прабачаю, прымаю, давяраю. Ты для Мяне каштоўны. Цяпер ідзі і ты прабачай, давярай і заўважай скарб у іншым чалавеку". Давер, які мы аказваем, дазваляе другому чалавеку праявіць сябе, паказаць схаваны ў ім скарб.
"У гэтым урыўку адкрываецца адна "суперсіла", якую дае Святы Дух, - заўважыў святар. - Ён не столькі хоча зрабіць з чалавека супермэна, колькі хоча даць адвагу адкрыцца перад іншым чалавекам і перад сабой, паказаць сябе такім, які гэты чалавек ёсць".

Брат Уладзіслаў падзяліўся думкай аб тым, што найбольш важнае, чаму чалавек павінен навучыцца ў жыцці - гэта "адкрыта і шчыра выражаць тое, што ён сапраўды адчувае, перажывае, чаго прагне, у чым перакананы - і мець адвагу несці за гэта наступствы". Калі мы гэтак адкрываем сваё сэрца, мы аказваемся безабароннымі. Але гэтая безабароннасць - адзінае, што мы можам даць іншаму чалавеку, гэта магчымасць для яго зрабіць крок насустрач, праявіць сябе. І нават калі мы сустракаем адмову з боку іншага чалавека, не трэба закрывацца.
Звычайна мы паказваем іншаму свой "фасад", "аватарку" - такога сябе, якім нам прыемна і бяспечна паказацца, але гэта спосаб закрыцца, схавацца. Ёсць яшчэ другі слой, які мы баімся паказваць, - гэта слой граху, сумневаў, усяго таго, што мы самі ў сабе не можам прыняць. І нам здаецца, што больш нічога няма. Але давер Бога і іншага чалавека паказвае, што ёсць і трэці слой - слой святыні Божай, каштоўнага каменя, якім кожны з нас з'яўляецца. "Дух Святы праз свой бясконцы давер няхай вучыць нас бачыць гэты слой у сабе і ў іншым чалавеку", - пажадаў святар.

Пасля гаміліі адбылося ўрачыстае прыняцце Паўла ў міністранты. Перад алтаром ён склаў сваё абяцанне сумленна выконваць абавязкі міністранта хараліста, пасля чаго атрымаў комжу. Яе белы колер - знак чыстага сэрца. "Жадаю табе ўбачыць у тваім пакліканні, што Бог табе давярае", - сказаў пробашч.

Віншуем Паўла і яго бацькоў з новым этапам у жыцці. Няхай Дух Святы адорвае патрэбнымі ласкамі.

Тэкст, фота: Кацярына Савянок