Skip to main content

“Вы – радасць і надзея нашага Касцёла!”

| Падзеі »
2025 05 31 budslav deti01

Вось і падышоў да канца май – месяц, які асаблівым чынам прысвечаны Божай Маці. І ў апошні дзень гэтага месяца дзеці з розных парафій Беларусі, якія ў гэтым годзе прыступілі ўпершыню да сакрамэнтаў Пакаяння і Святой Камуніі, сустрэліся ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе, каб злучыцца з Хрыстом і праславіць Бога. Разам з пробашчам Уладзіславам Мінько і сястрой Кацярынай Грынчык першакамунійныя дзеці нашай парафіі і іх бацькі таксама прынялі ўдзел у малітоўнай сустрэчы.

2025 05 31 budslav deti13
 2025 05 31 budslav deti10

Кароткачасовы дождж падчас Святой Імшы выклікаў усмешкі на тварах пілігрымаў. Прыемна было назіраць, як дзеці і дарослыя клапаціліся адзін пра аднаго, запрашаючы пад свае парасоны. Сонейка, якое хутка абагрэла, абсушыла, дало надзею вернікам на працяг святочнага мерапрыемства.

2025 05 31 budslav deti05

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, разважаючы над словамі Евангелля аб тым, як Марыя сустрэлася са сваячкай Альжбетай, запрасіў дзетак успомніць, з якой радасцю раней сустракалі іх бабулі і дзядулі, да якіх яны гэтым летам прыедуць падчас канікул. Ён заклікаў маленькіх вернікаў убачыць гэтую радасць і дзяліцца ўсмешкай з тымі, хто побач. “Бо вы – радасць і надзея нашага Касцёла!”, – падкрэсліў напрыканцы гаміліі іерарх.

2025 05 31 budslav deti14 1
 2025 05 31 budslav deti06

Ад усяго сэрца дзякуем сужонкам Івану і Марыне Невяровічам, якія ахвяравалі свой час, каб завесці ў Будслаў нашых дзяцей і вернікаў з касцёла святога Юзафа ў Маладзечне.

2025 05 31 budslav deti19

Маці Божая “свеціць пілігрымуючаму Божаму народу, як знак пэўнай надзеі і суцяшэння”*. Праз яе заступніцтва жадаем усім дзецям свядома мець надзею і радасць уваскрослага Хрыста.

2025 05 31 budslav deti21

_______

*-ІІ Ватыканскі Сабор, LG, 68.

Тэкст: Алена Каралькова

Фота: Алена Каралькова, Марыя Арцішэўская