7 чэрвеня ў Дубраве адбудуцца важныя гістарычныя падзеі

Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Дубраве мае багатую і цікавую гісторыю, якая пачынаецца яшчэ ў 1453 годзе, калі беларускія шляхцічы Глябовічы пабудавалі тут першую святыню.
15 мая 2024 г. касцёл атрымаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці і быў уключаны ў дзяржаўны Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.
А ў 2025 годзе гэты касцёл мае некалькі важных дат для святкавання і захавання памяці:
- 30 мая – 220-я гадавіна з дня смерці фундатара касцёла – Адама Хмары;
- 3 чэрвеня – 220 год з дня асвячэння касцёла;
- 20 снежня (па другіх звестках 22 снежня) – 305 год з дня нараджэння А. Хмары, апошняга мінскага ваяводы, мецэната, хрысціяніна і проста выдатнага чалавека.

Таму вельмі заахвочваем 7 чэрвеня 2025 г. наведаць наш выратаваны касцёл ў Дубраве. Нагода вельмі прыгожая і гістарычна важная!
Праграма ўрачыстасці:
- 11.30 Старонкі гісторыі касцёла і асоб з ім звязаных.
- 12.00 Святая Імша з удзелам ксяндза біскупа Юрыя Касабуцкага.
Гістарычная даведка
Упершыню ў летапісных крыніцах вёска Дубрава згадваецца ў 1453 годзе, калі беларускія шляхціцы Глябовічы пабудавалі тут касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Новы касцёл на гэтым месцы адбудаваў (быў зруйнаваны падчас вайны з Маскоўскім царствам) Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка, які ў 1576 годзе надзяліў святыню і новым фундушам.
Храм быў зноў сур’ёзна пашкоджаны падчас вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1654-1667 гг. Каля 1670 г. адбываецца рэканструкцыя храма. Стараннямі Матэвуша Марцінкевіча касцёл у 1725 годзе быў адноўлены. Але потым, пакуль дзесяцігоддзямі ішлі доўгія судовыя працэсы аб тым, хто з’яўляецца гаспадаром Дубрава паміж Марцінкевічамі, Сапегамі і Пшаздзецкімі, ніхто не ахвяраваў грошай на святыню, і яна апынулася ў занядбанні. Толькі ў 1744 годзе Матэвуш Марцінкевіч вяртаецца да спраў фундатарскіх і будуе новы драўляны касцёл.
У 1787 годзе адбыўся пажар у касцёле, і ён згарэў. 4 студзеня 1796 года пачалося будаўніцтва новага касцёла з фонду Адама Хмары. Гэта быў цагляны будынак, прысвечаны Унебаўзяццю Найсвяцейшай Панны Марыі. У цэнтры храма размяшчаўся абраз Маці Божай, які А. Хмара сам жа ахвяраваў касцёлу. Але, на жаль, фундатар не дачакаўся заканчэння будаўніцтва, у тым жа 1805 годзе Адам Хмара памёр. Яго пахавалі ў сутарэннях касцёла.
Крыху больш за 60 гадоў касцёл спраўна выконваў свае функцыі, але, пасля падаўлення паўстання 1863-1864 гг. касцёл быў закрыты, у 1868 г. быў перададзены праваслаўным, а ў 1884 г. быў перабудаваны пад царкву.
У 1919 г. будынак вярнулі католікам, і ў 1926-1929-х гг. ён зведаў яшчэ адну рэканструкцыю з мэтай надання аблічча Рымска-каталіцкага храма.

Але не радасным быў лёс святыні: у чэрвені 1948 года касцёл закрылі, а ў 1949 годзе ён быў перададзены дубраўскаму спіртзаводу пад склад і з часам ператварыўся ў руіны…
Пра былую веліч касцёла нагадваюць мураваныя сцены ды парэшткі калон, якія і сёння стаяць на ўзгорку, як напамін пра тое, што яшчэ не ўсё страчана… І гэта вельмі сімвалічна, бо 2025 г. мае дэвіз – “Надзея не расчаруе!”
Касцёл чакае навяртання,
Малітвы...,
цемры жах выгнання…
Ды помняць сходы, лаўкі, дзеі
І некалі адкрыюць
Дзверы. (Павел Каралёў)

Шчыра запрашаем усіх ахвотных раздзяліць з намі радасць гістарычнай падзеі!

Адрас: Мінская вобл., Маладзечанскі р-н, аг. Дубрава, вул. Касцёльная, 15.
Жадаючых паехаць на гэтую ўрачыстасць, просім звяртацца ў парафіяльную краму. Ад касцёла будзе арганізаваны аўтобус: ад’езд у 10-40 са стаянкі каля капліцы.
***

Памятныя мерапрыемствы з нагоды 220-годдзя спачыну апошняга менскага ваяводы Адама Хмары, фундатара палаца ў Сёмкаве і касцёлаў на Міншчыне:
▫️30.05, 18.00
Тэатралізаваная экскурсія па сядзібна-паркавым комплексе Сёмкава.
Пачатак ля комплексу будынкаў былой санаторнай школы-інтэрната (аг. Сёмкава, канец вуліцы Паркавая алея).
▫️31.05, 09.00 - 18.00
Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі г. Заслаўе (вул. Рынкавая, 1)
09.00 Памінальная імша.
10.00 - 18.00 мастацкі пленэр
18.00 - вернісаж.
▫️07.06, 11.30
Дубрава, Маладзечанскі раён (вул. Касцёльная, 15)
11.30 - гістарычны экскурс “Старонкі гісторыі касцёла і асоб з ім звязаных”.
12.00 - Святая Імша.
Тэкст: Таццяна Шумель
Фота: Таццяна Шумель, крыніцы Інтэрнэт