У суботу 17 мая адбыўся XXII Турнір міністрантаў

У суботу 17 мая каманда міністрантаў нашай парафіі ў складзе 8 чалавек рознага ўзросту (ад 10 да 16 гадоў) пад апекай бр. Уладзіслава Мінько адправілася ў г. Жодзіна, у парафію Маці Божай Фацімскай, каб прыняць удзел у турніры, які чарговы, ужо 22, раз арганізоўвалі айцы марыяне. Памерацца сіламі сабраліся 7 каманд з розных гарадоў: Жодзіна, Маладзечна, Орша, Барысаў, Баранавічы, Менск-Сухарава і Менск-Хрысціянскі сацыяльны цэнтр.
Хлопцы выяўлялі мацнейшых ў настольным футболе, дартс і эстафеце. Адначасова, нягледзячы на сырое надвор'е, праводзіліся таварыскія футбольныя матчы.
У спаборніцтвах наша каманда паказала сябе вельмі добра. Хлопцы ўзялі першае месца ў эстафеце, а ў агульным заліку яны саступілі толькі камандзе Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра з Менска, заняўшы другое месца.


Пасля фізічных высілкаў і смачнага абеда наступіў час святой Імшы - пасілку духоўнага. Перажыванне еднасці ў Хрысце - цудоўная магчымасць у духу братэрства прыняць узаемна і радасць перамогі, і сум няўдачы.

Віншуем хлопцаў Валянціна Губко, Сцяпана Туровіча, Кастуся Губко, Арцёма Гурштыновіча, Антона Савянка, Цімафея Станкевіча, Марка Каралькова, Данііла Чуру з высокім вынікам у спаборніцтвах! Няхай Пан Бог праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі шчодра бласлаўляе і памнажае як фізічную моц, так і духоўныя сілы.
Шчыра дзякуем арганізатарам такіх спаборніцтваў і братам капуцынам, якія шмат часу ўдзяляюць адпаведнай падрыхтоўцы нашых дзяцей.
Тэкст: Кацярына Савянок
Фота: Ульяна Дабравольская