Першая Святая Камунія ў нашай парафіі

Эўхарыстыя — гэта прыгожы дар, праз які Бог аб'яўляе тое, што адбывалася ў мінулым і адбываецца ў сучаснасці. Хрыстос, які ёсць той самы ўчора, сёння і навекі, адорвае такой любоўю, якой з'яўляецца Ён сам — ахвярнай любоўю.

У нядзелю 12 мая падчас святой Імшы а 12-ай гадзіне 58 дзетак прынялі поўны ўдзел у сакрамэнтальным жыцці Касцёла, пакаштаваўшы сапраўдны Хлеб Жыцця.
Святая Iмша распачалася на прыкасцёльнай тэрыторыi, дзе адбылося бацькоўскае благаслаўленне дзяцей. Упрыгожаныя ўсмешкамі і святочным убраннем, дзеці разам з літургічнай службай працэсійна ўвайшлі ў касцёл, каб праз удзел у літургіі праславіць Бога за дар Эўхарыстыі.


Беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч казаў: "Вечна тваім застаецца толькі тое, што ты аддаў". Сэнс гэтых словаў добра можна зразумець па тым высілкам і часе, якія аддадзены на падрыхтоўку да гэтай урачыстасці і дзецьмі, і бацькамі на працягу двух гадоў. Разам з катэхезамі, вельмі важным момантам падрыхтоўкі былі асабістыя Імшы, дзе частка бацькоў упершыню дакранулася да таямніцы Сакрамэнту, а хтосьці паглыбіў уласную веру, аднавіў сваё сяброўства з Эўхарыстычным Хрыстом.

Цікава, як адна падзея можа "пераварушыць" усё ў сэрцы, "падняць" у галаве шмат успамінаў гэтага дня з уласнага жыцця, дзе з аднаго боку прыгадваюцца прыгожыя моманты, людзі, а з другога — у глыбіні сэрца ёсць пэўнае шкадаванне, што праз свае дзіцячыя хваляванні, малы досвед мела недастатковую свядомасць і разуменне каштоўнасці гэтай падзеі. І, можа, сённяшні дзень не з'яўляецца выключэннем, але, як прыгожа зазначыў бр. Уладзіслаў: "Хтосьці ўжо перажывае непаўторнасць гэтага дня альбо сёння стане сведкам цуду, які здарыцца на сэрцы. А хтосьці да гэтага прыйдзе пазней - і гэта нармальна. Галоўнае, што дзеці ёсць тут і цяпер, што зерне ўжо закладзена ў іх сэрца. А вучыцца шанаваць дары Бога — справа кожнага чалавека на працягу ўсяго жыцця".

Дзве тысячы гадоў таму Езус звярнуўся са словамі, якія маюць дачыненне і да нас сёння, і да тых, хто будзе жыць пасля: "Авечкі Мае слухаюць голасу Майго, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною. І Я даю ім вечнае жыццё навекі, і яны не загінуць ніколі, і ніхто не вырве іх з рук Маіх" (Ян 10, 27-30).

Чаму Езус параўноўвае нас з жывёлінай? Чаму менавіта з авечкай?
У сучаснай культуры, назваўшы кагосьці ў такі спосаб, можна абразіць іншую асобу. Але ў Ізраэлі авечка — сімвал дабрабыту. Гэта самая каштоўная жывёліна і менавіта таму яе прыносілі ў ахвяру Богу. Называючы нас сваімі авечкамі, Езус хоча сказаць: "Вы Маё багацце, Я вас люблю, за вас жыццё Сваё аддам". Ад нас Ён просіць толькі аднаго — вучыцца распазнаваць Яго голас, слухаць, што Ён кажа.
Цікава, што чалавеку сапраўды ёсць што пераняць ад такой маленькай істоты. Вось некалькі фактаў.
- У гэтага віду велізарная колькасць фобій, трыгераў, якія даводзяць жывёлу да нервовага стану, але авечка не баіцца аддаць сваё жыццё.
- Свайго пастыра яна з лёгкасцю апазнае нават на вялікай адлегласці. Яму дастаткова толькі паклікаць яе.
- Авечка любіць святло і ідзе за ім. Гэта выяўляецца і ў прыёме ежы. Напрыклад, яна не будзе скубці траву ў месцы, дзе яе накрыў цень, нават калі тая выглядае смачна.
Сучасны свет мае да чалавека шмат прапаноў, "гаворыць" праз розныя сродкі масавай інфармацыі, сярод якіх ёсць шмат прывабнага, але непатрэбнага, фальшывага. Калі мы хочам быць сапраўднымі Божымі авечкамі, то не будзем прымаць тое, чаго не ведаем. Гэта запрашэнне да распазнавання таго, што ёсць для нас грахом, а што - Божым выбарам, дабром. Гэта запрашэнне да навучання заўважаць жывы погляд Хрыста, а з Яго дапамогай бачыць сябе, захоўваць натуральную прыгажосць.
Езус, як добры Пастыр, прыйшоў у гэты свет, каб выканаць дзве справы — абараніць нас ад зла і накарміць. І Ён заўсёды для нас гэта робіць.
Літургія слова завяршылася малітвай вернікаў і прынашэннем дароў.

Напярэдадні дзеці, бацькі, святары сталі сведкамі таго, як праз сакрамэнт першай споведзі, праз першае свядомае вызнанне веры і аднаўленне абяцанняў хросту грахі, якія ляжалі на сэрцы, былі змыты. І вось той доўгачаканы момант, калі дзеці упершыню праз сакрамэнт Эўхарыстыі дакрануліся да Божай любові, калі Хрыстос упершыню насыціў іх Сабой! Неверагодна і кранальна бачыць, як хтосьці з усёй руплівасцю, з хваляваннем укленчвае перад Хрыстом, утоеным у маленькай гостыі, з гучным "Амэн" прымае Яго да сябе. Няхай гэтае маленькае слова "Амэн", якое змяшчае ў сабе вызнанне веры і згоду ісці за Добрым Пастырам, стане вялікім крокам насустрач Хрысту Уваскросламу.

Напрыканцы літургіі дзеці, з дапамогай сястры Кацярыны і арганісткі праз песню "Аллелюя" выказалі словы падзякі сваім бацькам, якія на працягу ўсяго жыцця суправаджаюць іх, а таксама прасілі аб далейшай падтрымцы на шляху пазнання Хрыста.



Пасля бацькі выказалі ўдзячнасць:
-сястры Кацярыне Грынчык, усім братам, якія служаць у парафіі, аказваюць дапамогу, дбаюць пра павелічэнне свядомасці бацькоў і дзяцей і ўвогуле даюць прыклад жывога ўдзелу ў жыцці Касцёла;
-хору, акампаніятарам, арганістцы за музычнае суправаджэнне ўрачыстасці, за стварэнне прасторы для малітвы і праслаўлення;
-усім, хто прама альбо ўскосна меў дачыненне да выхавання дзяцей;
-усім прысутным, якія разам маліліся за дзяцей і бацькоў, хто раздзяліў радасць гэтага свята.


Брат Уладзіслаў асаблівыя словы падзякі скіраваў да дзяцей: "Менавіта праз тое, што вы проста ёсць, вашыя бацькі, родныя і іншыя людзі могуць прыгадаць момант свайго першага прыняцця Хрыста, адчуць у сэрцы голад, прагненне да свядомага яднання з Ім, заўважыць прыгажосць Бога, які любіць і чакае", - а таксама зазначыў, што на гэтым прыгода з Хрыстом не заканчваецца, а толькі пачынаецца.
Тэкст: Марыя Туровіч
Фота: Ірына Сяліцкая
А як перажылі перыяд падрыхтоўкі і саму ўрачыстасць яе непасрэдныя ўдзельнікі?
*******
Марына Роўда, мама Паўла:

"У нядзелю 11 мая наша парафія, а разам з ёй і наша сям'я, перажылі надзвычайна ўрачыстую і радасную падзею: 58 дзетак, у тым ліку і наш сын, упершыню ў сваім жыцці прыступілі да Святой Камуніі, прыняўшы Цела Хрыста ў сваё сэрца!
Два гады дзеці рыхтаваліся да гэтай вялікай падзеі ў іх жыцці, каб свядома прыступіць да сакрамэнтаў Пакаяння і Эўхарыстыі. Пад кіраўніцтвам сястры Кацярыны яны старанна вывучалі малітвы, разважалі над Словам Божым, імкнучыся ўсім сэрцам зразумець і палюбіць Хрыста. Разам з дзецьмі рыхтаваліся і хваляваліся і мы, бацькі - гэта быў асаблівы час для ўсіх, калі дарослыя маглі сведчыць сваім прыкладам, дапамагаць і перадаваць дзецям веру ў Езуса Хрыста. Падчас падрыхтоўкі пробашч парафіі брат Уладзіслаў Мінько праводзіў спецыяльныя Імшы для сем’яў. Дзякуючы яго тлумачэнням, удзельнікі лепш зразумелі глыбіню і веліч Эўхарыстыі, асэнсавалі Святую Імшу як найвышэйшую форму падзякі і праслаўлення Бога за Яго найвялікшыя Дары: Святое Цела і Найдаражэйшую Кроў Хрыста-Збаўцы.
Апошнія дні былі напоўнены радасцю і духоўным уздымам. Нягледзячы на нетыповае для мая халаднаватае надвор'е, сэрцам было цёпла. Напярэдадні ўрачыстай Імшы адбылася першая споведзь, а потым пры святле запаленых свечак дзеці ўрачыста аднавілі абяцанні хросту, паабяцалі паглыбляць веру, працягваць вывучэнне Божага Слова, асцерагацца граху і рэгулярна ўдзельнічаць у Святых Імшах. Нядзельная Святая Імша пачалася ўзрушаючым момантам, калі мы, як і іншыя бацькі, удзялілі бласлаўленне сыну са спадзяваннем, что гэты скарб яднання з Хрыстом ён зберажэ праз усё сваё жыццё. Засталіся ў памяці цацка-ягня ў руках бр. Уладзіслава і яго словы пра гэты сімвал паслухмянасці Богу, пра найвялікшую любоў і клопат Езуса пра Сваю паству. Вельмі кранальным і чулым быў спеў да бацькоў “Аллелюя”. Аж нагарнуліся слёзы...
Гэты дзень назаўсёды застанецца ў памяці як свята веры, надзеі і сапраўднай Божай Любові. Хай Божае бласлаўленне заўсёды суправаджае нашых дзяцей на шляху да Неба!
*******
Вольга Фралова, мама Сцяпана:

Моманты Першай Споведзi i Першай Камунii майго сына Сцяпана былi вельмi хвалюючымi для мяне. Разумееш: тое, што адбываецца, - гэта фундамент для ўсяго яго зямнога i вечнага жыцця. У такiя хвiлiны бачыш усю перспектыву вечнасцi, бачыш, што насамрэч важнае. Штодзённыя справы важныя i карысныя, але часам трэба выглядваць далей i вышэй, каб убачыць галоўную мэту нашага iснаванння, убачыць, што няма нiчога важнейшага за сувязь з Богам. I лепш мець адносiны з Iм i змагацца за iх штодня. Малiлася i малюся за свайго сына i за ўсiх дзяцей, якiя прымалi разам з iм Першую Камунiю, каб яны мелi сапраўды шчырыя i трывалыя адносiны з Богам усё сваё жыццё i каб гэта было крынiцай iх шчасця.
*******
Юлія Коцік, мама Іллі:

Калі надыходзіў час Першай споведзі і Першай Святой Камуніі, наша сям'я вельмі хвалявалася, але гэта хваляванне было прыемнае: мы былі ў прадчуванні моманту, калі наша дзіця прыме Езуса Хрыста ў сваё сэрца.
Дадзеная падзея важная не толькі для яго, але і для ўсёй сям'і. Дома і з сястрой Кацярынай дзеці старанна рыхтаваліся да гэтай падзеі: вучылі малітвы, стараліся ўсім сэрцам зразумець і палюбіць Езуса Хрыста. Галоўнае, што гэта была не завучаная на памяць інфармацыя, а свядомая падрыхтоўка да Першай Святой Камуніі, з разуменнем значэння гэтага Сакрамэнта.
Прыступіўшы да споведзі і Камуніі, можна поўнасцю карыстацца Божай ласкай, якую даюць сакраманты.
Хочацца, каб гэты момант назаўседы застаўся ў памяці нашага сыночка Іллі.