“Шчаслівы, хто ёсць пад апекай патрона, добрага Юзафа”, або Як прайшла талака Гарадку
“Даручы Госпаду свае справы — і споўняцца твае намеры”.
Пр 16:3
З радасцю і гонарам паведамляем, што наша чарговая валанцёрская акцыя “Адновім Святыню разам!” адбылася! На гэты раз 1 мая мы накіраваліся ў аграгарадок Гарадок.

“Шчаслівы, хто ёсць пад апекай патрона, добрага Юзафа”. А мы ў дзень святога Юзафа рамесніка, былі шчаслівыя, мы былі пад яго апекай!


Гарадок – гэта неверагоднае месца! Вы толькі ўявіце, колькі храмаў тут было ў ХІХ – пачатку ХХ ст.: уніяцкая царква, якая праіснавала з 1802 г. па 1839 г., 2 праваслаўныя царквы, 2 сінагогі… А вось справа з каталіцкім касцёлам складвалася не вельмі проста. Распачатая ў 1914 г. будова святыні, прыпынілася (хутчэй за ўсё з-за пачатку Першай сусветнай вайны) і распачалася толькі ў 1929 г. Колькі ж было радасці для вернікаў: не толькі мясцовых, але з суседніх парафій?! На ўрачыстае асвячэнне храма сабраліся нават праваслаўныя і іудзеі! Прысутнічаў Яго Эксцэленцыя ксёндз-мітрапаліт Рамуальд Ялбжыкоўскі са шматлікім духавенствам. Дадзеная падзея была апісана ў віленскім выданні “Słowo Wileńskie”. Які прыгожы гэта быў дзень…
Але не так доўга працягнулася шчаслівае жыццё вернікаў новай парафіі святога Яна Хрысціцеля – пачалася Вялікая Айчынная вайна, падчас якой храм быў знішчаны…
Парафія ў Гарадку адрадзілася ў пачатку 2000-х гадоў. Для правядзення святых Імшаў была пабудавана капліца, якая жыве і піша ўласную гісторыю. А цяпер такі шанец, дзякуючы ахвярнасці некаторых вернікаў нашай парафіі святога Казіміра, з’явіўся і ў Святога месца, дзе знаходзіўся першы касцёл у Гарадку! І гэта неверагодна! Гэта Божыя цуды, якія мы можам бачыць на ўласныя вочы! Але самае галоўнае – не толькі бачыць, але і пакласці сваю цаглінку ў падмурак добрай справы на хвалу Пана Бога!


Ранак быў вельмі ветраны, сонейка не выглядвала. І, калі напачатку нас сабралася крышку больш, чым 10 чалавек, мяне агарнула хваляванне… Як? Ну, чаму так? Што мы зможам зрабіць, калі нават надвор’е не радуе?.. Але ж для Бога няма нічога немагчымага! “Мае думкі – не вашыя думкі, ні вашыя шляхі – не Мае шляхі, кажа Гасподзь” (Іс 55:8).


І цуды адбыліся! Сонейка свяціла і грэла, птушачкі спявалі, ад свежага паветра галава ішла кругам. А можа не ад паветра, а ад таго, што тое месца, дзе амаль 100 гадоў назад, узносілі свае малітвы, просьбы, падзякі да Пана Бога мясцовыя вернікі, зноў ажывілася, зноў напоўнілася не толькі малітвай, але і Верай, Надзеяй, Любоўю?!

Мы ўбачылі прыступкі і абрысы касцёла, уявілі, як ён выглядаў звонку і ўнутры, узгадалі святых, скульптуры якіх былі ў касцёле, паразмаўлялі пра святароў і фундатараў…


Хоць колькасць удзельнікаў так і засталася сціплай (14 чалавек), дух адзінства і жадання тварыць дабро ахопліваў і пераважаў, і разам мы зрабілі вялікую працу. На працягу амаль 8 гадзін ачышчалі падмурак і ўнутраную частку касцёла, высякалі маладыя парасткі і сухастой, вызвалялі ад галля і смецця пахаванні... І гэтая праца, скрупулёзная і ўдумлівая, стала не проста фізічным высілкам, а сапраўдным актам павагі і ўдзячнасці да памяці продкаў.
Варта назваць нашых неверагодных людзей, якія з Божай дапамогай зрабілі немагчымыя рэчы! Амаль усе прысутныя актывісты – удзельнікі супольнасці “Назарэтанскія сем'і” (шчырыя, адданыя, адкрытыя і вельмі-вельмі цудоўныя і актыўныя людзі!), а таксама краязнавец, валанцёр і вельмі круты знавец гісторыі Гарадка – Аляксей Жахавец, ...

...прадстаўнік “Радыё Марыя”, валанцёр, які з намі аднаўляе ўжо трэцюю Святыню – Мацвей Дакімовіч i яго сябар Антось,...


...а таксама два шчырыя мясцовыя вернікі Станіслаў і Юрый!


Радасна на душы і хораша на сэрцы ад таго, што памяць пра касцёл у Гарадку і людзей, з ім звязаных, не страчана, а аднаўляецца і пашыраецца. “Пакуль мы памятаем – мы жывём!” і жывуць тыя, пра каго мы памятаем! І хутка ў гэтым месцы мы ўбачым нешта неверагоднае!

Выказваем шчырую падзяку кожнаму, хто прыняў удзел у гэтай падзеі. Ваша гатоўнасць прыйсці, прыехаць, прысвяціць свой час і намаганні агульнай справе захавання гісторыка-культурных каштоўнасцей – гэта звяно ў ланцугу пераемнасці і клопату аб нашай гісторыі. Маленькія крокі вядуць да вялікіх спраў! Няхай гэтае імкненне захоўваць і шанаваць спадчыну будзе прыкладам і натхненнем для іншых.


З вялікімі надзеямі гляджу ў будучыню: разам мы пішам сваю новую, светлую і велічную старонку ў гісторыі Святынь нашай Маладзечаншчыны! Далучайцеся, не пашкадуеце! Усё, што мы робім, робім на хвалу Пана Бога!
Тэкст і фота: Таццяна Шумель