Skip to main content

Генеральны міністр Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў наведаў братэрскую супольнасць у Маладзечне

| Падзеі »
 25.12.2024general19

У свята Божага нараджэння 25 снежня супольнасць братоў капуцынаў, якія апякуюцца нашай парафіяй, наведаў з візітам Генеральны міністр Ордэна  Меншых Братоў Капуцынаў бр. Робэрто Джэнуін. Італьянец бр. Робэрто быў выбраны на пасаду Генеральнага міністра на Капітуле ў 2018 годзе і служыць братам ўсяго свету ўжо 6 гадоў. Кіраўнік ордэна прыехаў з Італіі, каб пазнаёміцца з жыццём братоў мясцовых супольнасцяў. Разам з прадстаўніком Міжнароднай Рады ордэна бр. Марэкам Мішчыньскім, бр. Робэрто Генуін удзельнічаў у святочнай Імшы, якая цэлебравалася ў нашым касцёле а 18-00 і якую ўзначаліў Кусташ Кустодыі Беларусі бр. Алег Шэнда.

 25.12.2024general22

Падчас гаміліі бр. Робэрто звярнуўся да прысутных па-італьянску. Перакладаў на беларускую мову бр. Сяргей Гусар, дыякан, які тры месяцы назад вярнуўся на радзіму з Італіі, дзе завяршаў вучобу.

 25.12.2024general08

"Божае слова гэтага святочнага дня запрашае нас адкрыць сэрцы для радасці, бо Пан Бог нарэшце прыходзіць, каб збавіць свой народ. Ці адчуваеце гэту радасць, гэтае шчасце? Ці ўсведамляеце, што да кожнага з вас, прысутных тут, на Эўхарыстыі, прыходзіць сам Бог, і вы можаце Яго слухаць, а Ён слухае вас?- заахвоціў задумацца бр. Робэрто. -  Нажаль, не ўсе маюць адвагу прыняць Бога. Шмат хто Яго баіцца.  Таму Бог выбірае прыйсці на сустрэчу з чалавекам у асобе маленькага Дзіцяці,  каб быць прынятым. Бог хоча быць з намі, бо Той, які нарадзіўся, названы Эммануэль, што азначае "Бог з намі". Давайце дазволім Яму заставацца каля нас дзень за днём,  слухаючы Яго слова, каб нашае жыццё было напоўнена глыбокай інтымнай радасцю".

 25.12.2024general26

Ад імя Генеральнага міністра бр. Алег падзякаваў вернікам парафіі за клопат пра братоў, якія жывуць у Маладзечне.
Дзякуем высокім гасцям за супольную малітву, скіраванае слова і жадаем плённага радаснага служэння і прыемных уражанняў ад падарожжа.

Тэкст: Кацярына Савянок

Фота: Эрык Савянок