Святая Імша "Пастэрка" у Вігілію Божага Нараджэння 2024
“Абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народу,
бо нарадзіўся вам у горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан”.
Лк 2:10-11.

Вось зноў чарговы раз гадзіннік гісторыі наблізіў нас да святкавання найвялікшай таямніцы ў гісторыі чалавецтва, пра якую, карыстаючыся тэкстам Святога Пісання, мы гаворым: “А Слова сталася целам і пасялілася паміж намі” (Ян 1:14). Чарговы раз мы, як калісьці нашыя продкі, прыйшлі ў святыню, каб, стаўшы на калені перад яслямі, аддаць пашану Езусу Хрысту – Божаму Сыну, які нарадзіўшыся на зямлі, стаў падобным да нас ва ўсім, акрамя граху (пар. 2 Кар. 5:21).
Ціхая ноч, святая ноч!
Бог прыйшоў да людзей.
Хор анёлаў спявае з Нябёс:
“Нарадзіўся вам Збаўца Хрыстос,
Ён збаўленне прынёс.
Ён збаўленне прынёс!”
Кожны год у ноч на 25 снежня касцёл святога Піо ў Маладзечне напаўняецца асаблівым святлом і цяплом, бо парафіяне збіраюцца, каб адсвяткаваць Святую Імшу ў Вігілію Божага Нараджэння. Гэта падзея становіцца не проста літургіяй, а сапраўдным духоўным падарожжам, у якім кожны вернік адчувае блізкасць Бога і значнасць Раства ў сваім жыцці.
Божае Нараджэнне – адно з найбольш цудоўных святаў хрысціянства, якое нагадвае нам пра пачатак нашага збаўлення, дае надзею.
Так і ў гэтым годзе ў нашым касцёле адчувалася асаблівая атмасфера чакання. Храм, упрыгожаны ялінкамі і мяккім святлом, стаў месцам, дзе час спыніўся. Парафіяне, якія прыйшлі з роднымі і блізкімі, абменьваюцца ўсмешкамі і цёплымі словамі, разумеючы, што гэты вечар – гэта час для адзінства і любові. У сэрцах пануе радасць, напоўненая чаканнем цуду – нараджэння Збавіцеля.

Вернікі спяшылі ў касцёл яшчэ задоўга да пачатку Імшы, каб трапіць на прэм’еру спектакля – п’есы-казкі “Драўляны рыцар”, які падрыхтавала наша тэатральная група пад кіраўніцтвам сястры Кацярыны Грынчык.

Спектакль стаў сапраўдным святам для прысутных. З першых хвілін усе пагрузіліся ў атмасферу чараўніцтва і чакання цудаў. Акцёры, апранутыя ў яркія і прыгожыя касцюмы, са шчырасцю і майстэрствам перадавалі эмоцыі сваіх персанажаў. Кожны жэст, кожнае слова былі працятыя глыбокім сэнсам, які прымушаў задумацца аб вечных каштоўнасцях – любові, ахвяры і надзеі. Неверагоднае майстэрства акцёраў (а ігралі яны лепш, чым многія прафесіяналы!), прыгожыя дэкарацыі, сцэнічны свет, кранальныя спевы і музычнае афармленне – усё гэта стварыла адчуванне адзінства і датычнасці. У гэты момант мы, гледачы, сталі часткай чагосьці большага, чым проста тэатральнае прадстаўленне.

Асабліва кранальным момантам стала з’яўленне Марыі з маленькім Езусам – сімвалам безумоўнай любові Бога. Фінал спектакля пакінуў глыбокае ўражанне і пасяліў у сэрцы цяпло і надзею: нават у самыя цяжкія часы ёсць месца цуду і любові, бо як сказала гераіня, якая выконвала ролю Марыі: “…нарадзіўся мой Сын. А хто хоць раз наблізіцца да Яго – не можа ўжо не любіць”. І гэта сапраўды так!

Вочы і сэрцы прысутных былі напоўненыя любоўю і чаканнем Нараджэння Хрыста…
Працягам святочнага вечара стала адмысловая Святая Імша – Пастэрка, якая традыцыйна распачалася ў паўзмроку. Пастэрка ўвекавечвае чуванне пастухоў, якія маліліся ў Бэтлееме і чакалі нараджэння Езуса.
Урачыстая працэсія міністрантаў разам са святарамі накіравалася да імправізаваных ясляў, дзе адбылася супольная малітва. Пробашч парафіі брат Уладзіслаў Мінько асвяціў фігурку маленькага Езуса і паклаў яе ў загадзя падрыхтаваныя яслі на знак таго, што Збаўца нарадзіўся ва ўбогай стайні, бо не знайшлося Яму іншага месца.
Святкаванне Нараджэння Хрыста нагадвае нам пра вялікую любоў Бога, які паслаў Свайго Сына, каб быць бліжэй да нас. Як кажа Святое Пісанне: “І анёл сказаў ім: Не бойцеся, бо вось, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе ўсім людзям: бо сёння ў горадзе Давіда нарадзіўся вам Збаўца, які ёсць Хрыстус Пан” (Лк 2:10-11).
Чытанне евангельскіх тэкстаў аб нараджэнні Езуса Хрыста прымусіла задумацца пра тое, якая гэта вялікая падзея для кожнага з нас. Успамінаючы аб простых ясельках у Бэтлееме, мы разумеем, што Бог абраў сціплае месца, каб прыйсці ў наш свет. Гэта напамін, што святасць можа быць знойдзена ў самых звычайных рэчах і што кожны з нас можа стаць носьбітам святла і любові.

Падчас гаміліі брат Уладзіслаў адзначыў, што “сёння мы святкуем адну з самых вялікіх таямніц нашай веры – Уцелаўленне Бога. Святкуем тую праўду веры, што Бог будучы вечным, прыніжаецца, уваходзіць у час і прастору і становіцца чалавекам… Гэта праўда не патрабуе нейкіх мудрых словаў, яе немагчыма растлумачыць…”

Слухаючы Евангелле да нас была звернута сёння адзіная просьба: “Ідзіце і паглядзіце! Ідзіце і паглядзіце на Дзіцятка, якое нарадзілася!”
Але, каб усё добра зразумець, трэба ведаць гістарычныя абставіны, у якія адбываліся гэтыя падзеі ў Рымскай імперыі, на землях Палесціны. І тады можна ўбачыць іронію ў словах евангеліста Лукі, а магчыма нават і іронію самога Бога.
“У тыя дні выйшаў загад ад цэзара Аўгуста зрабіць перапіс па ўсёй зямлі. Гэта быў першы перапіс падчас панавання Квірынія ў Сірыі…” (Лк 2:1-2). Ёсць канкрэтнае месца, ёсць канкрэтныя асобы. Бог не проста прыходзіць у стоянку, а прыходзіць у канкрэтны гістарычны момант. Чаму Ён яго выбраў? Чаму менавіта так ён прыйшоў? У гэтых пытаннях мы шмат можам адкрыць таго, што блізка і кожнаму з нас.
Народ сотні год маліўся, каб Бог паслаў ім сапраўднага Збаўцу... Першым з правіцеляў, хто аб’явіў сябе збаўцам, стаў адзін з самых паспяховых рымскіх імператараў – Цэзар Аўгуст. З аднаго боку ён прынёс Рымскай імперыі мір і росквіт, а з іншага - вялікія падаткі. Ці такога міру хацелі людзі, якія чакалі Збаўцы?..

І ў цяперашні час нам шмат прапануецца спосабаў збаўлення (сакрэтаў поспеху) у выглядзе рэкламы, зніжак, акцый і г.д. – таго, што прынясе нам радасць і супакой. І некаторым з іх мы верым і спадзяёмся… Часамі мы самі спрабуем быць для сябе збаўцамі: “Я ўсё ўладкую!”, “Я буду так працаваць, змагацца і ўсім у сваёй сям’і дапамагу!..” Атрымоўваецца, што чалавек жадае быць гэтым “імператарам аўгустам” у сваім жыцці.
“Але з часам прыходзіць момант, калі чалавек становіцца бязрадным, не могучым нічога зрабіць: не мае ні радасці, ні супакою, – працягнуў брат Уладзіслаў. – Часта такое бывае, калі рыхтуемся да святаў, рыхтуем стравы, прыбіраем – абавязкова пасварымся. А надзеі ж былі на тое, што ўсё будзе спакойна і прыгожа: “Датрываю без граху да ўрачыстасці!” І… сарваўся, нешта зрабіў, выругаўся, прынізіў кагосьці з родных... Выпадкаў можа быць шмат, але ў такіх сітуацыях ты адчуваеш сябе бязрадным, не ведаеш, што рабіць. Трэба радавацца, мець супакой, а яго няма”.
І сёння Бог глядзіць на кожнага з нас і бачыць тыя цяжкія моманты жыцця, дзе мы не спраўляемся, дзе нам вельмі цяжка, дзе мы расчараваныя самімі сабой, і кажа: “Хадзі сюды і вазьмі Мяне на ручкі”. Нелагічна? Вядома, мы ж спадзяёмся, што Бог прыйдзе і ўсё “разруліць”, усіх вінаватых пакарае, а тут: “Вазьмі на ручкі…”

Бог запрашае кожнага з нас затрымацца, зразумець: “Хопіць быць збаўцам самога сябе, хопіць спадзявацца на іншых “імператараў аўгустаў”, што яны табе дапамогуць. Ідзі і вазьмі Мяне на ручкі! Ідзі і паглядзі, як Я табе ўсміхаюся. Больш нічога табе не трэба. Я прыйшоў для цябе!”
Гэта простая рэч, але вельмі цяжкая для выканання, бо мы не прывыклі атрымліваць падарункі. Каб штосьці атрымаць, трэба працаваць, за штосьці змагацца, чымсьці адудзячыць, а Бог нам усміхаецца, глядзіць на нашу бязраднасць і кажа: “Я з табой! Я табе давяраю!”
“Сутнасць гэтага свята, каб праз прызнанне нашай слабасці, праз нашу споведзь, Святую Камунію, якую многія з нас прымуць, праз тое, што падзелімся аплаткам пасля Імшы, абдымем кагосьці, каб Бог нарадзіўся ў нашым сэрцы, каб мы зразумелі, што ўжо ёсць ЛЮБОЎ, якая пранікае ў нашую бязраднасць, якая перамяняе нашае сэрца. Яна дае сэнс гэтаму жыццю… Каб яе прыняць трэба прыйсці, прынізіцца і проста… паглядзець. Трэба перастаць быць моцным! Я вельмі запрашаю, дарагія браты і сёстры, дазволіць Езусу сёння і ў бліжэйшыя дні перыяду Божага Нараджэння паглядзець на сябе: можа зноў паспавядацца, памірыцца, – звярнуўся да прысутных пробашч. – Няхай гэта любоў Езуса збаўляе нас, няхай яна народзіць у нашым сэрцы сапраўдны супакой, з якога будзе вынікаць сапраўдная і глыбокая радасць, якую ў нас ніхто і ніколі не забярэ”.

Сапраўды, Божае Нараджэнне – гэта не толькі свята, але і час пераасэнсавання сваіх каштоўнасцяў. Нам трэба задумацца пра тое, як можам быць бліжэй да Бога і адзін да аднаго, як можам прынесці святло ў жыццё тых, хто мае патрэбу ў падтрымцы.
Напрыканцы Эўхарыстыі, згодна са старадаўняй традыцыяй продкаў, вернікі падзяліліся аплаткам і склалі адзін аднаму святочныя віншаванні. Дзяленне аплаткам – адзін з самых кранальных момантаў вечара. Калі святар асвячае хлебцы, кожны з нас ўсведамляе, што гэта не проста традыцыя, а глыбокі сімвал адзінства ў веры. Абменьвацца аплаткам – значыць дзяліцца не толькі хлебам, але і сваім сэрцам, сваімі надзеямі і марамі. У гэтыя імгненні вернікі адчулі сябе часткай чагосьці большага, чым проста супольнасць; сталі адной вялікай сям’ёй, аб’яднанай любоўю да Хрыста.
Пасля цёплых слоў, пажаданняў і абдымкаў, усе разам (і вернікі, і святары, і сёстры) накіраваліся на вуліцу шукаць на небе “Бэтлеемскую зорку” – паназіраць за святочным салютам. Як жа ўсё гэта прыгожа і кранальна?! Агні феерверкаў зіхацелі на небе, сімвалізуючы радасць і надзею. Кожны выбух святла – гэта як напамін, што Хрыстос прыйшоў у свет, каб прынесці выратаванне ўсім людзям. Мы глядзім на неба і разумеем, што Божае Нараджэнне – не толькі падзея двухтысячагадовай даўнасці; гэта жывая рэальнасць, якая працягвае змяняць нашы жыцці сёння. А святкаванне Вігіліі Божага Нараджэння – не проста традыцыя, а магчымасць для кожнага з нас зноў адкрыць свае сэрцы для любові і міласэрнасці, якія прынёс Езус Хрыстус.

У гэты вечар мы ўсе зноў сталі сведкамі цуду: цуду нараджэння Збавіцеля, які прыйшоў у свет, каб даць нам надзею і радасць. І менавіта гэтая надзея робіць наша жыццё сапраўды чароўным.
Паказалась з неба яснасць небывала,
Грамада Анёлаў песню заспявала:
Хвала Богу на вышынях,
Спакой людзям на нізінах.
Gloria, gloria, gloria in excelsis Deo!..
I мы заспявайма Сыну-Богу хвалу,
Што для нас радзіўся і цярпеў нямала;
Праслаўляйма Збаўцу Бога,
Ў Святой Тройцы Адзінога.
Gloria, gloria, gloria in excelsis Deo!
Няхай радаснае ўсведамленне, што Бог з намі, сагрэе нашыя сэрцы і напоўніць іх мірам і радасцю, надзеяй і даверам, дабрынёй і чуласцю да бліжніх. Няхай блізкасць Езуса Хрыста адчуюць асабліва тыя, чыя вера і надзея пастаўлены на выпрабаванне па розных прычынах. Няхай Нованароджаны Збаўца адорвае кожнага з нас сваім благаслаўленнем, добрым здароўем, дабрабытам і шчодрасцю ўсялякіх ласкаў.
Са святам! Хрыстос Нарадзіўся! Славім Яго!
Тэкст: Таццяна Шумель
Фота: Эрык Савянок
Відэа: Алена Каралькова, Ірына Фаміна, Эрык Савянок