Skip to main content

Вігілійная вячэра, куцця

| Падзеі »

Куцці гаршчок ужо ў калена
Стаяў на лаве, чакаў сена,
І вось цяпер гаршчок з куццёю,
Як цар даўнейшаю парою,
Ў пачэсны кут, на свой прастол,
Стаўляўся з гонарам за стол
«Новая Зямля», Якуб Колас

idealnaya rozhdestvenskaya kutya

Час няспынна вядзе нас да чаканага свята, любімага і дзецьмі, і дарослымі. Ужо праз пару дзён з першай зоркай у небе сем’і збяруцца за сталом, каб Вігілійнай вячэрай распачаць святкаванне Нараджэння нашага Збаўцы. Вядома, галоўнае месца ў гэтым святым часе займае Вігілійная Cвятая Імша – "Пастэрка", якая звычайна цэлебруецца позна ўвечары 24 снежня. Аднак важнае значэнне мае і час, які мы праводзім у сваіх дамах пры святочным стале, усё на якім сімвалічна і нагадвае нам пра Таго, Хто стаў нашым галоўным Спажыткам, Нябесным Хлебам. Каб навучыцца разумець сімвалы святочнай вячэры, каб яны маглі да нас прамаўляць, можна пачытаць артыкул пра гісторыю святкавання, парадак вячэры і яе сімвалізм.

Цяпер жа хочацца звярнуць увагу на тое, чым мы можам пачаставаць адзін аднаго ў гэты вечар. Стравы на Вігілійнай вячэры традыцыйна посныя. Згодна з Кодэксам кананічнага права Каталіцкага Касцёла (кан. 1249-1252), у гэты дзень у вернікаў няма абавязку ўстрымлівацца ад мясных страў, калі толькі ён не прыпадае на пятніцу. Але ў нашым народзе існуе прыгожая традыцыя у дзень перад Раством захоўваць сціслы пост. У наш час дастатку, калі ў магазінах усяго хапае, калі псуецца і выкідаецца лішак ежы, прытупляецца пачуццё ўдзячнасці Пану Богу і бліжняму за дар штодзённага хлеба, на ўскрайкі свядомасці трапляюць думкі пра тых, хто церпіць з недахопу ежы. Беднасць традыцыйнай Вігілійнай вячэры вяртае свядомасць таго, як няпроста здабывалі сваю простую ежу нашы бацькі, дзяды. Урэшце, гэта дапамагае ўявіць сабе, што падобна ў беднасці нарадзіўся і Збаўца. І ў выглядзе простага хлеба застаўся з намі… Такая адпаведная ўнутраная пастава дапамагае больш засяродзіцца на малітве, на Божым Слове, глыбей, сапраўды з пачуццём удзячнасці, перажыць святкаванне Эўхарыстыі. Таму гэтую традыцыю варта захаваць.

Цікава тое, што і ў каталіцкім, і ў праваслаўным асяроддзі ў нашым народзе ёсць многа агульнага, як у сімвалізме, так і ў характары страваў на Вігілійны стол.

belarusk ya tradycy svyatkavannya kalyad 6

Фота з сайта adukar.com

Вось так на мяжы 19-20 вякоў праходзіла вячэра ў сям’і Канстанціна Міцкевіча (Якуба Коласа), калі абапірацца на яго твор “Новая зямля”:

На стол растрэсваюць мурог —
На сене колісь быў Сын Бог —
І роўным пластам рассцілаюць,
Сянцо абрусам закрываюць.
За стол садзяцца ўсе ў парадку
І прад сабой кладуць аладку,

І вось вячэра зачалася!
Спыніцца мушу я на квасе:
Ён колер меў чырванаваты;
Тут быў таран, мянёк пузаты,

Аздоблен квас быў і грыбамі,
Выключна ўсё баравічкамі;

За квасам елі верашчаку
А потым блінчыкі на маку,
А там ламанцы-праснакі
З пшанічнай добрае мукі;
А макаў сок такі салодкі!
Ламанцы ў ім, ну, як калодкі —
Так добра макам праняліся,
У рот паложыш — абліжыся.
За прасначкамі йшлі кампоты,
Кісель з мядоваю сытою;
Вячэру скончылі куццёю.

Падобным чынам яна праходзіла і ў многіх сем’ях у сярэдзіне ХХ ст. Згодна з расповедамі нашых старэйшых парафіянаў, галоўнымі стравамі, якія падаваліся на стол, былі:
- страва накшталт густой кашы, зробленая з цэльнай пярловай крупы. У яе ў розных рэгіёнах або дадавалі соль, або саладзілі цукрам, мёдам, дадавалі разынкі, мак, арэх (што было ў хаце);
- страва з працёртага маку, у якую закладалі сушкі або ламанцы (печыва з мукі, вады і алею);
- поліўка з грыбоў, зробленая ў выглядзе або густога супа, або падліўкі-мачанкі (думаю, гэта тое, што і верашчака ў паэме);
- рыба смажаная і сялёдка;
- дражджавыя аладкі або посныя бліны “налешнікі”;
- кісель з крухмалу або аўсяны, густы накшталт жэле або пітны.

Таксама на стале былі хлеб, квашаная капуста, саленні, кампот, вінегрэт. У некаторых сем’ях традыцыйна падаваліся 12 страў. Найчасцей стравы гатаваліся без яек, малака, тварагу, сыру. Былі сем'і, у якіх на стале было ўсё вельмі проста і небагата: каша, мак, разынкі.

Wigilia potrawy 554

Загадкавым аказалася слова “куцця”. Найчасцей, як і пішуць ва ўсіх энцыклапедыях, ім называлі страву з пярловай крупы (не драблёнай), яе яшчэ маглі зваць “груца”. Яе або толькі адварвалі, або яшчэ маглі потым запякаць разам з прысмакамі. Замест пярловай маглі выкарыстоўваць пшанічную крупу або рыс. Але ў некаторых сем’ях традыцыйна гэтым словам называлі страву з таўчонага маку і сушак-праснакоў, або адразу две стравы – пярлоўку і таўчоны мак з сушкамі. Таўчоны мак маглі дадаваць і у кашу. Некалькі чалавек сказалі, што ў іх куццёй называлі не асобную страву, а саму вячэру, а галоўнай стравай лічылі поліўку з грыбоў. Магчыма, існавалі адрозненні па рэгіёнах.

Нельга сказаць, што ва ўсіх быў прыняты аднолькавы парадак ужывання страў. Некаторыя з кашы пачыналі, а некаторыя спажывалі яе ў самым канцы. А ў іншых сем'ях вялося пачынаць з поліўкі або любых страў.

Таксама цікава, што існавала правіла "пакаштаваць кожную страву хоць трохі", якое не ўсім малым падабалася, бо многія казалі, што не ўсе стравы любілі, напрыклад, аўсяны кісель 😊 (Дарэчы, у паэме “Новая зямля”, маці пачынала ставіць на стол стравы не ўсе адразу, і старэйшыя дзеці вучылі малодшых не есці першых страў па-многу, бо напрыканцы вячэры падавалася самае смачнае, і на яго магло не хапіць месца ў жываце.)

Рэцэпты традыцыйных блюдаў, у тым ліку ад нашых парафіянаў, можна пабачыць у галерэі карцінак у канцы артыкула. Можна паспрабаваць згатаваць і засмакаваць тое, што маглі спажываць нашыя бацькі, бабулі, дзядулі, седзячы пры стале з запаленай керасінавай лямпай, спяваючы калядкі. І ўспомніць у шчырай малітве тых, каго ўжо няма з намі. Некаторыя сучасныя гаспадыні нават спецыяльна выкарыстоўваюць для вячэры і для яе прыгатавання стары посуд, які ім перайшоў ад мамы, бабулі, каб захаваць памяць. Гэта вельмі кранальна і прыгожа.

Жадаем усім правесці час пры стале ў спакоі і згодзе, за душэўнымі размовамі і не забыцца пра эўхарыстычны пост (устрыманне ад ежы гадзіну перад Святой Імшой) і пра тую галоўную вячэру – Вячэру Пана, на якую мы ўсе запрошаны, і на якой Ён хоча частаваць нас не сімвалічнай ежай, а Сабой.

Тэкст: Кацярына Савянок

Фота: з адкрытых інтэрнэт крыніцаў

Шчыра дзякуем парафіянам і братам капуцынам за падрабязныя рэцэпты і расповед, а бр. Уладзіславу - за натхненне.