Будзем знаёмы! Інтэрв’ю з нашай парафіянкай Янінай Балянавай.
Но прекрасней человека
Ничего нет на земле!
Алексей Кольцов

Ці задумваліся вы, дарагія, калі-небудзь, прыходзячы ў касцёл, колькі розных, непадобных да нас, але разам з тым вельмі цікавых і непаўторных людзей знаходзіцца побач з намі? Думаю, што многія з вас скажуць: “Я прыходжу ў храм, да Бога, навошта мне глядзець па баках?! Чалавек – і чалавек! Што ў ім незвычайнага?” Хтосьці, магчыма, і звяртаў увагу на свайго суседа ў касцёле, на яго светлы, адухаўлёны твар, які вылучаўся сярод іншых, але саромеўся ўсміхнуцца і загаварыць, саромеўся штосьці спытаць, бо храм – не месца для размоў… І гэта, вядома ж, правільна! Але так важна памятаць і ведаць пра таго, хто побач з намі!
Колькі ж неверагодных людзей у нашай парафіі святога Казіміра?! Кожны з іх са сваёй гісторыяй, захапленнямі і поглядамі, са сваёй жыццёвай гісторыяй. Ёсць сярод іх і старажылы, якія захоўваюць шматгадовыя традыцыі, і маладыя прыхаджане, натхнёныя імкненнем да духоўнага росту. Адны рэгулярна наведваюць святыя Імшы і актыўна ўдзельнічаюць у жыцці парафіі, іншыя прыходзяць толькі зрэдку, але кожны ўносіць свой непаўторны ўклад у гэтую дзіўную мазаіку жыцця Касцёла. Тут можна сустрэць людзей самых розных прафесій і сацыяльнага становішча, але ўсіх іх аб'ядноўвае шчырая вера і імкненне знайсці адказы на найважнейшыя пытанні, магчыма, знайсці сэнс і кірунак свайго жыцця ў адзінстве з Богам. І ў гэтай разнастайнасці чалавечых лёсаў і перажыванняў адлюстроўваецца вечная сувязь зямнога і Нябеснага, якая дае нам надзею і крыніцу сілы. Гэтая стракатасць і шматграннасць вернікаў робіць нашу парафію святога Казіміра жывым арганізмам, па-сапраўднаму ўнікальным месцам, дзе кожны знаходзіць тое, у чым мае патрэбу яго душа.
Касцёл – гэта не месца, гэта ўсе мы. Усе мы з’яўляемся містычным целам Хрыста, а значыць, маем магчымасць бачыць больш Яго бязмежную любоў, якую Айцец пралівае на кожнага, і дзяліцца гэтым.
Давайце знаёміцца з нашымі цудоўнымі парафіянамі! Няхай прыклад іх жыцця і дарога, якой яны ідуць да Бога, падтрымліваюць і натхняюць нас.
“А вас Гасподзь няхай напоўніць і ўзбагацíць любоўю адзін да аднаго і да ўсіх, такою самаю, як мы маем яе да вас, каб умацаваць сэрцы вашы і зрабіць іх бездакорнымі ў святасці перад Богам і Айцом нашым у прышэсце Госпада нашага Езуса Хрыста з усімі святымі Яго. Амінь” (1-е Пасланне да Фесаланікійцаў 3:12-13).
І сёння з цудоўнай нагоды Сусветнага дня бабуль, дзядуль і пажылых людзей мы прапануем бліжэй пазнаёміцца з адной нашай сталай парафіянкай.

Яніна Аляксандраўна Балянава, напэўна, вядома ўсім у нашым касцёле. Яе светлы радасны твар заўсёды з добразычлівай усмешкай. Гэта здзіўляе, таму што гэтая худзенькая жанчына мае праблемы з нагамі. І хоць відавочна, што ёй цяжка хадзіць, Яніна Аляксандраўна са сваімі хадункамі – заўсёды на нядзельнай Імшы, і, нават, у Будславе на працэсіі. Яна быццам кажа сваёй прысутнасцю: “Я тут, з Богам, з усмешкай. А дзе ты?”
Гэты цікавы чалавек прыцягвае ўвагу не толькі нашых парафіянаў. Пра яе выйшаў артыкул у газеце Гродзенскай дыяцэзіі “Слова жыцця” (N 15 за 21 ліпеня 2024 г.).

Сп. Яніна згадзілася і нам адказаць на некалькі пытанняў.
– Вы нарадзіліся ў 1939 годзе. Цікава было б паслухаць пра Вашае дзяцінства.
– Нас малых было 4 дзяцей у бацькоў. Бацька ніколі нас не біў, а мама біла. Калі хтосьці з нас (я ці старэйшая сястра) скардзіўся, яна не разбіралася, хто першы пачаў, а адразу абедзвюх карала, бо казала, што абедзьве вінаваты. Усёй сям’ёй мы дома маліліся, хадзілі ў касцёл (у Валожыне). Адразу касцёл быў адкрыты. Мы, малыя, бегалі на працэсіі, у касцёл хадзілі, але занадта я не разбіралася, што там адбывалася. Мама мая многа малітваў не ведала, але яна заўсёды з ксяндзамі была, дапамагала, мела глыбокую і жывую веру. Калі касцёл зачынілі, пачалі рабаваць, то вернікі па начах выносілі адтуль рэчы, каб схаваць у сябе да часу. Мама ў нас захоўвала манстранцыю. Потым ў Валожыне ў касцёле зрабілі пластмасавы завод. Мама на Імшу пачала ездзіць ў Вішнева. Калі ў каго памінкі, то арганізоўвалі аўтобус, і мы ўсе ездзілі туды ў касцёл. А дома кожны вечар заўсёды маліліся: “Ойча наш”, абавязкова 10 запаведзяў. Па-польску маліліся. Дагэтуль магу пералічыць па-польску, па-беларуску – не скажу. (смяецца). Заўсёды ў мамы ў хаце маёвыя набажэнствы адпраўлялі, калі ўжо касцёла не было. Яна была неграматная, але гасцінная, добра ўмела гатаваць, асабліва тарты. Заўсёды ветлівая, яна з усімі ўмела ладзіць. На катэхезы я не хадзіла. Сястра хадзіла, але ўпотай, бо нельга ж было. Аднак так і не дайшлі мы да Першай Споведзі і Камуніі. А як пайшла замуж, то асобна жылі, і я пазабывала многае, амаль не малілася.
Выйшаўшы замуж, спадарыня Яніна нарадзіла дваіх дзяцей. Спачатку яны з мужам жылі ў Чашніках (Віцебская вобласць).
- Як ужо мне было 40 гадоў, мы пераехалі ў Маладзечна. Я прыехала да мамы, а яна ў свае 70 год бульбу капае. Я і кажу: “Мама, як гэта ты можаш яшчэ так працаваць? Я ў свае 40 галаву не магу сагнуць”, бо здароўе пачало пагаршацца. А маці кажа: “Схадзіла б ты ў касцёл”. Я рашылася і пайшла ў касцёл у Краснае, бо тады ў Маладзечне не было касцёла”.
Спадарыня Яніна гаворыць, што было няпроста даехаць, і дзеці, і праца... Муж – праваслаўны, спачатку быў не супраць, але і не “за”. Аднак жанчына разумела, што ёй “трэба ў Краснае”.
– Якім быў Ваш шлях у Касцёле?
– У Красным на той момант, як я прыйшла, ужо два гады служыў кс. Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі. Ён мяне і маіх дзяцей да споведзі давёў. Я разам з імі рыхтавалася і прыняла і сакрамэнт канфірмацыі. Гэта святар, які адыграў вялікую ролю ў маім жыцці. Ён усё добра тлумачыў. Калі я да яго прыходзіла за парадай, ён падказваў, мог часам і рэзка штосьці сказаць, але я ніколі не крыўдзілася. Трэба за святароў заўсёды маліцца.
Калі пачалі будаваць першы касцёл у Маладзечне, св. Юзафа, то мы разам з іншымі вернікамі дапамагалі, як маглі: дзяжурылі на будоўлі, маліліся ружанец, каб будоўля ішла шпарчэй. Складаныя часы былі. Святару трэба было аб’язджаць шмат парафій, займацца будоўляй, але ён знаходзіў час і сілы, каб і з намі куды-небудзь з’ездзіць. Кс. Эдмунд вазіў нас і ў Рым, і ў Вострую Браму (Вільнюс), і нават да сябе ў госціі ў Рыгу. Грошай не было, а ўсюды ездзілі. (смяецца). Дачцэ маёй у Італіі спадабалася, паехала туды жыць. І я ездзіла да яе, калі яна другое дзіця нарадзіла. Там быў цікавы выпадак. Як раз набліжалася Пасха. Трэба да споведзі схадзіць, а я не разумею італьянскую мову, і няма святара, які б ведаў хоць польскую. Ужо і Пасхальны перыяд… Дачка сабралася на возера, а я кажу: “Ай, не паеду”, а яна: “У нас тут на кожным кроку касцёл. Паехалі”. І вось па дарозе заехалі мы ў адзін касцёл, але там чарга, гадзіну чакаць трэба, тады ў другі касцёл. Там ужо менш. Засталіся на Імшу. А дачка кажа: “Ксёндз дакладна з Расіі”. Я пайшла да яго да споведзі, аказалася, што гэта наш святар Дзмітрый Пухальскі, апошні год там вучыўся. Вось такі Божы провід.
– З цягам часу прыйшлі ў Маладзечна браты капуцыны. Ці прымалі Вы ўдзел у станаўленні касцёла св. Піо?
– Калі пачалі будаваць касцёл св. Піо, то мы хадзілі туды ў палатку маліцца. Тады быў тут а. Тадэвуш Кавальскі. Быў час, калі мы па двое хадзілі па кватэрах, распавядалі пра тое, што ўжо ёсць новы касцёл, запрашалі на Імшу, раздавалі медалікі Найсвяцейшай Панны Марыі.
– Ці хадзілі ў пілігрымку Маладзечна-Будслаў?
– Хадзіла амаль ад самага пачатку, на другі год, як яе арганізавалі. Сем год хадзіла, потым са здароўем былі вялікія праблемы, каля шасці год не магла хадзіць. Толькі ездзіла на фэст на аўтобусе. А потым Бог даў такую ласку, што я зноў змагла двума нагамі ісці і яшчэ чатыры гады хадзіла ў пілігрымку, хоць і з палачкай, і храмаючы. Яшчэ і казалі, што іншых пілігрымаў я ўмацоўвала сваім прыкладам (смяецца). А сама ішла і малілася на ружанцы, каб толькі магла ісці.
– Як вы трапілі ў Легіён Марыі?
– Калі ў Маладзечне пабудавалі першы касцёл, св. Юзафа, то туды прыехалі вернікі з Мінска і арганізавалі Легіён Марыі. Спачатку я была сярод “дапаможных”, пасля пайшла ў “актыўныя”. Праз нейкі час я прымала ўдзел у заснаванні адзінкі Легіёна Марыі ў парафіі св. Казіміра. У выніку сама перайшла сюды, бо касцёл знаходзіўся бліжэй да дома. З Легіёнам мы ездзілі па ўсёй Беларусі і арганізоўвалі новыя суполкі. З мінскай групай у складзе 10 чалавек апынуліся таксама і ў Гродне. Легіён Марыі быў тады ў фарным касцёле. Мы прыехалі, каб заснаваць іншыя. Кожны легіянер “атрымаў” свой касцёл. Мне выпала парафія Божай Міласэрнасці ў Вішняўцы. Разам з паплечніцай з катэдральнай парафіі туды і адправіліся.
Касцёл у мікрараёне Вішнявец у той час яшчэ будаваўся. Нас далікатна папярэдзілі, што парафію ўжо наведвалі ўдзельнікі Легіёна Марыі з Польшчы, але – “нічога не арганізавалася”, наўрад ці цяпер атрымаецца. Але ў выніку наша прэзентацыя спадабалася парафіянам, і Легіён тут быў утвораны, як і хацеў тагачасны пробашч. Я задумалася, каму даручыць кіраўніцтва па Легіёне. І раптам дала падручнік адной жанчыне, не выбіраючы. Яна ж пасля падзялілася, што хацела рабіць нешта такое. Бог кіруе ўсім...
Пасля я разам са старэйшай з супольнасці некалькі разоў адведвала Легіён Марыі ў парафіі Божай Міласэрнасці ў Гродне. Першыя гады за мной прыязджалі, бо хадзіць мне стала складана. А потым ездзіць я перастала. Апошні раз была ў 2017 годзе на дзясятыя народзіны Легіёна Марыі. Але заўжды малюся, каб іх Легіён быў добры.
– Колькі часу ў паўсядзенным жыцці адводзіце малітве?
– Цяпер па стане здароўя вымушана многа адпачываць, гадзіны па 4-5, то і малюся. Асабліва як на дачы цяпер. Выручае мабільнік: на дачы сувязь дрэнная, а малітва добрая (смяецца). З “Радыё Марыя” люблю маліцца.
Звычайна малюся ружанец. Раней штодня малілася поўны ружанец (4 часткі), цяпер мне складана, адну частку малюся. Усе часткі толькі зрэдку ў якой-небудзь важнай інтэнцыі. Малюся гадзінкі, нешпары, Імшу слухаю па радыё. Калі ёсць патрэба, то малюся праз заступніцтва святых. Напрыклад, да Яна Хрысціцеля, калі прашу аб цвярозасці для каго-небудзь.
На Імшы бываю абавязкова ў нядзелі і святы. У буднія дні летам зрэдку бываю, бо на дачы.

– Ці моліцеся разам з унукамі?
– З імі складана маліцца, бо ім трэба ўсюды бегчы (смяецца). Калі яны прыязджаюць, то стараюся маліцца з імі перад ежай, пасля ежы, каб памяталі.
– Як Вы будуеце адносіны з людзьмі?
– Трэба да кожнага ставіцца паважна. Бог сказаў любіць нават ворагаў. Але сяброў трэба выбіраць, не з кожным дзяліцца тым, што на сэрцы. На сваю сям’ю не трэба нікому скардзіцца. Мы ўсе маем нюансы, недахопы. Але кожны чалавек цікавы: ён такі, а я такая. Не могуць усе быць аднолькавыя. Трэба толькі жадаць добрага іншаму чалавеку. Асабліва ў сям’і: любіць, любіць, любіць. Яшчэ бачу, што раней былі людзі больш лагодныя, матам не ругаліся, сябравалі больш.
– Як Вы любіце праводзіць час? Чым займаецеся?
– Раней глядзела мастацкія фільмы, а цяпер не гляджу, бо там выдумка, мне не цікава. Люблю толькі рэлігійныя. Чытаю рэлігійныя журналы, Біблію. Бывала як раней дзяцей спаць пакладу, так і чытаю Слова Божае. Працаваць занадта цяпер не атрымліваецца, бо хутка стамляюся. Хоць і хочацца штосьці рабіць. Але мне вельмі падабаецца праводзіць час на дачы з Богам у малітве. Ён бачыць кожны мой крок. І мне вельмі радасна. Я вельмі ўдзячна Яму за тое, што жыву. Я моцна ўпэўнілася, што без Бога мы нават і дыхнуць не можам.
– Што Вы можаце сказаць пра Бога?
– Бог добры і не памятае ніякай крыўды. Ён заўсёды любіць, прымае, памагае – толькі звярніся да Яго... І не забывай дзякаваць.

Узгадваючы сябе колішнюю, спадарыня Яніна здзіўляецца, як яе, такую сарамлівую, выкарыстаў для сваіх спраў Бог.
“Я цяпер толькі на Яго спадзяюся, – прызнаецца верніца. – Мне ўжо не страшна, не баюся смерці. А калісьці такая была баязліўка... Трэба верыць, верыць, не сумнявацца і нічога з Богам не баяцца”.
Дзякуем Яніне Аляксандраўне за тое, што дазволіла нам усім наблізіцца да таямніцы дзеяння Бога ў жыцці чалавека. Рады знаёмству і жадаем доўгіх год жыцця ў лучнасці з Богам.
Апрацоўка: Таццяна Шумель,
Кацярына Паўлоўская (газета “Слова жыцця”, N 15 за 21 ліпеня 2024 г.),
Кацярына Савянок.
Фота: Вікторыя Гулецкая, Эрык Савянок