Божае Нараджэнне – свята веры i надзеi
Хай зоркі новай дзіўнае святло
Убачаць і старыя, і малыя,
Каб зразумела кожнаму было –
З’явіўся ў свет збавіцель наш – Месія.
Сяргей Давідовіч
Раство займае асаблівае месца ў жыцці практычна ўсіх людзей. Для вернікаў жа нараджэнне Хрыста з’яўляецца самым важным фактам у гісторыі чалавецтва. Таму па-сямейнаму цёпла і радасна адсвяткавалі Божае Нараджэнне прыхаджане касцёла святога Піо парафіі святога Казіміра ў нашым горадзе.
У касцёле ўжо стала добрай традыцыяй ладзіць перад Пастэркай (ад лацінскага слова pastor (пастух) – бо першымі людзьмі, якім Анёлы абвясцілі цудоўную навіну пра Нараджэнне Хрыста, былі бэтлеемскія пастушкі, што ў тую ноч пасвілі непадалёк свой статак) спектакль. Не стала выключэннем і сёлетняе Божае Нараджэнне. Тэатральная група пад кіраўніцтвам сястры Кацярыны Грынчык MSF паказала спектакль “Пясчаны замак” Сяргея Кавалёва пра тое, што адбываецца ў жыцці чалавека, калі ў ім няма Бога...
Святочная святая Імша, якую ўзначаліў брат Андрэй Жылевіч, распачалася ўрачыстай працэсіяй. У паўзмроку працэсія праз святыню накіравалася да імправізаваных ясляў, дзе распачалася супольная малітва.
Першыя ў гісторыі калядныя яслі (іх таксама называюць крэпамі або батлейкай) былі ўсталяваны 800 гадоў таму ў італьянскім мястэчку Грэча 25 снежня 1223 года. Францішак Асізскі (заступнік жывёл і заснавальнік ордэна францысканцаў) пасля вяртання са Святой Зямлі вырашыў паставіць жывую стаенку. Святы з Асізі хацеў паказаць усім, у якой нястачы Езус нарадзіўся у Бэтлееме, як Яго паклалі ў яслі паміж быком і аслом. Францішак не хацеў рабіць прыгожы твор мастацтва, але хацеў праз стаенку абудзіць здзіўленне надзвычайнай пакорай Пана, цяжкасцямі, якія Ён зведаў з любові да нас у бедным бэтлеемскім гроце…
Падчас гаміліі брат Андрэй, як і некалі святы Францішак, засяродзіў увагу на падзеях нараджэння Езуса: Ён прыходзіць у свет у жолабе, у галечы і прастаце, у холадзе і голадзе… Прыходзіць у гісторыю непрыкметна, але пачынае змяняць усё навокал…
Божае Нараджэнне – гэта знак выканання Божага абяцання аб збаўленні свету. У першую чаргу мы, як хрысціяне, бачым у гэтым моманце бязмерную любоў Бога да кожнага з нас. Менавіта ў гэтым моманце сам Бог прымае чалавечае цела, асвячаючы яго і непасрэдна пачынаецца справа нашага збаўлення. Гэтая праўда, калі яе сур’ёзна і глыбока прымаць і перажываць, можа асвяціць кожнага чалавека, зрабіць ягонае сэрца высакародным і ўчыніць так, што чалавечае жыццё, нярэдка напоўненае цяжкасцямі, выпрабаваннямі і цярпеннем, атрымлівае сэнс, становіцца шляхам, накіраваным да Бога і да другога чалавека. Усё нашае жыццё можна параўнаць з яслямі, якія мы будуем, каб Езус быў з намі штодня.
“Хрыстус – гэта фундамент надзеі ўсяго свету і кожнага з нас”, – падкрэсліў брат Андрэй.
Радаснаму перажыванню ўрачыстай Літургіі садзейнічалі цудоўныя спевы парафіяльнага хору пад кіраўніцтвам Дамінікі Гулевіч.
Пасля пробашч парафіі брат Ігар Колзун запрасіў усіх прысутных на вуліцу, каб знайсці ў небе Віфлееемскую зорку – знак нараджэння Хрыста. Гэта быў сапраўдны сюрпрыз – найпрыгажэйшы феерверк! Як быццам і сапраўды Віфлеемская зорка ўказала на нашу святыню, дзе ў ясельках ляжыць Езус. Няхай святло Бэтлеемскай зоркі няспынна асвячае наш жыццёвы шлях і дапамагае ісці сапраўднай дарогай, якая прывядзе нас да Езуса Хрыста!
«Хрыстос нарадзіўся, славім Яго!», – так прамаўлялі вернікі напрыканцы Імшы, дзяліліся аплаткай і дзякавалі адзін аднаго. Неверагодныя пачуцці і эмоцыі, калі людзі знаёмыя і незнаёмыя віншуюць цябе і радуюцца Нараджэнню Езуса!
Давайце памятаць, што Божая любоў не цураецца схіліцца над кожным грэшным чалавекам, каб яго выратаваць і даць яму новую надзею. Таму святкаванне таямніцы уцелаўлення Божага Сына дазваляе нам у чарговы раз наблізіцца да праўды пра Бога, які хоча быць блізкім да кожнага з нас у кожнай нашай сітуацыі, які хоча напоўніць святлом сваёй святой прысутнасці нашае жыццё і нашыя справы. Бог любіць кожнага з нас!..
Выходзячы са святыні, вернікі яшчэ раз падыходзілі да стаенкі, прыпыняліся... На душы было спакойна і радасна. Дадому кожны з іх вяртаўся пад святлом Віфлеемскай зоркі.
Зорка Бэтлеемска над зямлёю ззяе,
Радасную вестку людзям абвяшчае.
He спі абудзіся! Хрыстус нарадзіўся!
З неба радасць прамяніцца, будзем весяліцца.
Тэкст: Таццяна Шумель
Фота: Эрык Савянок, Ірына Фаміна