ГОЛАС НЯБЁСАЎ: місія званоў у касцёле
Як памяць былога, у вежы касцёла
Званы, як і некалі, граюць вясёла.
Я голас іх помню. Адзін, ружанцовы,
Будзіў сном скаваныя нашы галовы…
У. Сыракомля
Звон – гэта нешта вельмі жывое. Праз бронзу або іншы матэрыял, з якога адліваюць званы, і рукі чалавека, якія дапамагаюць нарадзіцца гуку, наша зямля быццам звяртаецца да неба... А, можа, наадварот? Гэты гук настолькі высокі і чысты, што, магчыма, ён спецыяльна быў створаны дзесьці на вышыні, каб дакрануцца да самага чэрствага і халоднага сэрца…
Жыццё беларусаў і ў сельскай мясцовасці, і ў гарадах на працягу сотняў гадоў і да першай паловы ХХ стагоддзя праходзіла “пад акампанемент” званоў. Ён быў для іх такім жа натуральным жывым гукам, як спевы птушак, і яны добра разумелі, пра што абвяшчаюць званы: запрашаюць на набажэнства, заклікаюць раздзяліць радасць з нагоды ўрачыстасці ці свята, памаліцца за спачын душы памерлага… На новыя званы збіралі грошы ўсёй грамадой, замаўлялі ў найлепшых ліцейшчыкаў і ўрачыста віталі іх у святыні, як ганаровых гасцей. Падчас войнаў званы адпраўлялі ў эвакуацыю, каб яны не сталі здабычай захопнікаў, а часам людзі ахвяравалі жыццём, ратуючы іх ад знішчэння…
Гісторыя званоў як музычнага ўдарнага інструмента налічвае каля 4 000 гадоў. Першымі хрысціянамі яны ўспрымаліся як язычніцкія артэфакты, і толькі з пачатку V ст. званы пачалі ўжывацца для рэлігійных патрэбаў.
Ініцыятыву зрабіць званы голасам хрысціянскіх святыняў прыпісваюць св. Паўліну (353–431 гг.), які жыў у італьянскай правінцыі Кампанья, таму званы атрымалі лацінскую назву «campaña». Там жа ўпершыню было ўзведзена асобнае вышыннае збудаванне для званоў пад назваю «кампаніла».
А вось і прыгожая легенда, якая апавядае пра з’яўленне званоў.
Адпачываючы на полі, пакрытым квітнеючымі званочкамі, св. Паўлін Міласцівы (біскуп правінцыі Кампань) убачыў сон: анёлы разгойдвалі кветкі, і навокал разліваліся серабрыстыя гукі. Пасля па загадзе св. Паўліна адлілі вялікую копію гэтай кветкі, якая і стала правобразам сімвала згуртавання хрысціян вакол Храма.
Звычайна ў каталіцкіх храмах знаходзіліся хаця б два званы. Адзін падвешвалі высока ў арках дзвярэй паміж алтаром і сакрыстыяй. Калі святар заходзіў у святыню яго памочнік-алтарнік апавяшчаў пра гэта ў звон (у цяперашні час гэта робіць міністрант). Гэта быў заклік парафіянам падняцца перад пачаткам літургічнай службы. Другі звон размяшчаўся на прыступках алтара, і быў прадстаўлены ў выглядзе невялікіх ручных званочкаў. Яны выкарыстоўваліся для вылучэння асабліва ўрачыстых момантаў Імшы. У асобных храмах званы, колькасцю ад 2 да 6, размяшчалі на вежах або званіцы, і іх перазвоны запрашалі вернікаў у касцёл на пахавальны або вянчальны абрады.
Гуку званоў здаўна прыпісвалася магічная сіла, здольнасць ахоўваць людзей ад усялякіх напасцяў. Лацінскі сярэднявечны верш, у якім звон ад першай асобы, як чалавек, пералічвае свае асноўныя функцыі, добра адлюстроўвае народную веру ў яго адухоўленасць і звышнатуральную моц:
Laudo Deum verum,
plebem voco, congrego clerum,
Defunctos ploro,
pestem fugo, festa decoro.
(Я слаўлю Бога за праўду,
заклікаю людзей, збіраю духавенства,
плачу па памерлых,
адганяю хваробы, упрыгожваю свята.)
Паводле агульных касцёльных канонаў, звонам склікалі вернікаў да асноўных дзённых набажэнстваў і іншых важных цырымоній; указвалі тым, хто адсутнічаў у касцёле, на час кульмінацыйных літургічных дзеяў (падняцце Святых Дароў падчас Імшы, выкананне гімну «Te Deum laudamus», благаславенне верных Святымі Дарамі і г.д.). Гук званоў быў натуральным кампанентам штодзённага жыцця, перазвон дыктаваў рытм змены заняткаў, дапамагаў арыентавацца ў часе. Таму асаблівы экспрэсіўны сэнс набывала “маўчанне” званоў у тры апошнія дні Вялікага Тыдня.
У Сярэднявеччы і ў перыяд Новага часу звон лічыўся голасам Касцёла.
А вось ў ХХ ст. доўгія дзясяцігоддзі на нашай зямлі званы маўчалі. Маўчалі яны і ў Маладзечне. Толькі напрыканцы 1980-х гадоў, у часы перабудовы, духоўнае жыццё паволі пачало адраджацца, і на вежах беларускіх касцёлаў зноў пачалі званіць званы…
Тыя часы, калі патрыярхальную цішыню гарадоў парушалі толькі гукі званоў, прайшлі. Цяпер іншыя гукі пануюць у горадзе. Аднак у нашым Маладзечне 13 лістапада на вежу касцёла святога Піо ў парафіі святога Казіміра ўстанавілі званы! Мерныя ўдары званоў – як напамін пра нешта, што не звязана з паўсядзённай мітуснёй – змогуць чуць маладзечанцы і госці горада.
Званы прыбылі ў наш касцёл у жніўні 2023 г. з нямецкага горада Кіль. Вырабленыя яны ў 1977 г. на звоналіцейным заводзе ў Карлсруэ. Да таго, як званы з’явіліся ў нашай парафіі, яны знаходзіліся ў каталіцкай парафіі Святой Сям’і ў паўночным Кілі.
Можа хто не ведае, але ў касцёльных званоў бываюць свае ўласныя імёны. Некаторыя званы прысвечаны імені святога або анёла, іншыя – маюць імёны, звязаныя з культам продкаў або зямных уладаў. Назвы званоў часта мелі сімвалічны або метафарычны сэнс, адлюстроўваючы духоўныя каштоўнасці грамадства.
А яшчэ на званах часам змяшчалі і змяшчаюць цытаты са Святога Пісання і сімвалічную трыяду: “Vivos voco. Mortuos plango. Fulgura frango” (“Жывых склікаю. Па памерлых плачу. Полымя ўтаймоўваю”) – гэта цытата пацвярджае, што ў ранейшыя часы звон запрашаў на Імшу, абвяшчаў аб смерці і папярэджваў пра пажар або іншыя стыхійныя бедствы.
Важна адзначыць, што імёны званоў бываюць упрыгожаны і мастацкімі малюнкамі, рэльефамі або эпіграфамі, якія апавядаюць пра яго гісторыю ці важныя падзеі. Званы могуць утрымліваюць важную інфармацыю: дзе, калі і кім адліты звон. Часта на ім змешчаны і імёны ахвярадаўцаў: як вядомыя асобы, так і простыя прыхаджане, якія замаўлялі звон у падзяку Богу за цудоўнае вылячэнне ад хваробы або ў дзень вяселля, нараджэння дзяцей ці як завяшчанне на спачын душы.
Так і кожны з нашых званоў мае не толькі свой музычны “голас”, але і імя. На вонкавай іх частцы нанесеныя цытаты з Евангелля (на нямецкай мове) і барэльефныя выявы – сімвалы хрысціянства.
1. Тон d: вага 269 кг; надпіс на звоне – “Я – дарога, і праўда, і жыццё”. (Ян 14:6 – пазначэнне аўт.). Змешчана манаграма Хрыста.
2. Тон f: вага 150 кг; надпіс на звоне – “Велічае душа мая Пана”. (Лк 1:46). Змешчаны сімвал Магніфікат.
3. Тон q: вага 107 кг; надпіс на звоне – “Вось Баранак Божы, які бярэ на сябе грахі свету”. (Ян 1:29) Змешчана выява ягняці.
4. Тон a: вага 75 кг; надпіс на звоне – “Я хачу зрабіць цябе лаўцом людзей”. (Мц 4:19). Змешчана выява карабля.
А зараз узгадаем, якое значэнне мае кожны з хрысціянскіх сімвалаў, змешчаных на званах.
Chi-Rho (манаграма Хрыста). Знак называецца “Хіро” або “Хрызма” і з’яўляецца найстарэйшай вядомай манаграмай для Хрыста. Некаторыя называюць гэты сімвал “Christogram” і звязваюць яго з рымскім імператарам Канстанцінам. Згодна з легендай, рымскаму імператару-язычніку Флавію Валерыю Аўрэлію Канстанціну аднойчы… “...у сне з’явіўся Хрыстос, які загадаў накрэсліць на шчытах і сцягах свайго войска грэчаскія літары ХР, а на наступны дзень Канстанцін ўбачыў у небе Крыж і пачуў голас, які казаў: “Гэтым пераможаш!”.
Часцей за ўсё сімвал складаецца з наплаўкі з двух літар і часта акружаны кругам.
Магніфікат. Магніфікат – гэта гімн, узяты з Бібліі. Калі анёл Габрыэль наведаў Дзеву Марыю на Звеставанне, ён сказаў ёй, што яе сваячка Альжбета таксама чакае нараджэння дзіцяткі. Марыя адправілася да яе (Адведзіны). Магніфікат (Лука 1:46-55) – гэта адказ Панны Марыі на прывітанне Альжбеты, гімн праслаўлення Бога і падзякі Яму за тое, што Ён выбраў яе, каб нарадзіць Яго Сына. Ён выкарыстоўваецца ў вячэрняй малітве Літургіі гадзінаў, штодзённай малітве Каталіцкага Касцёла.
Ягня. Ягня – старазапаветны правобраз ахвяры Хрыста (ахвяра Авеля, ахвяра Абрагама, Велікодная ахвяра). Ягня прыносілі ў ахвяру, яго спажывалі юдэі на Вялікдзень. Ягня – сімвал Хрыста, які ахвяруецца за нас. Пра яго прарок Ісая кажа: “Нібы ягня, якога вядуць на закол, нібы нямая авечка перад стрыгучымі, не адкрываў вуснаў Сваіх” (Іс 53:7). Таму Ян Хрысціцель называе Хрыста Ягнём: “Вось Ягня Божае, якое бярэ на сябе грахі свету” (Ян 1:29).
Карабель. У хрысціянстве сімвалічным значэннем карабля з’яўляецца Царква (тэрмін “царква” ўжываецца і ў католікаў, і ў праваслаўных. У дадзеным выпадку царква – гэта не храм, а згуртаванне веруючых. – аўт.). Карабель – гэта тое судна, якое прыводзіць чалавека па бушуючых хвалях жыццёвага мора да ісціны, да выратавання, да Нябеснага Валадарства. Толькі праз Царкву, толькі будучы адным з пасажыраў гэтага карабля чалавек можа прыплысці да патрэбнага яму берага. Карабель (або човен) нярэдка ўключае вобраз крыжа, дзе крыж з’яўляецца ветразем.
Сімволіка званоў у каталіцкай царкве таксама выказвае хрысціянскае вучэнне пра вечнасць і неўміручасць душы. Гук звона ўспрымаецца як мост паміж зямным і нябесным светам, сувязь з вышэйшымі сіламі і Богам. Ён нагадвае пра часовы характар зямнога жыцця і пра непазбежнасць смерці, а таксама пра магчымасць вечнага жыцця. Звон выклікае ў чалавеку пачуццё глыбокай павагі, нагадваючы яму аб наяўнасці цудоўнага, містычнага ў свеце і ў рэлігійнай практыцы.
Званы захоўваюць сваю значнасць і ў нашы дні, спрыяючы стварэнню асаблівай атмасферы ў храме і абуджэнню духоўных пачуццяў у вернікаў.
Хочацца падзякаваць Богу і ўсім добрым людзям, нашым святарам і прыхаджанам, якія прычыніліся да справы з’яўлення званоў у нашым касцёле!
…У кожнага звона, як і ў чалавека, – свой лёс, сваё гучанне. Яны заклікаюць чалавека адарваць позірк ад зямных справаў і ўзняць яго ўгору, да Бога.
Маісей заклікаў народ да служэння Богу срэбнымі трубамі, а ў сучасных касцёлах і цэрквах гэтую ролю выконваюць званы. Дык няхай жа званы, змешчаныя на вежы нашага касцёла святога Піо, не толькі прыносяць радасць вернікам і ўпрыгожваюць рэлігійныя цырымоніі, але і злучаюць людзей у агульнай малітве і духоўнасці.
Пусть каждый страждущий найдёт себе усладу,
Пускай облегчит трудной жизни вес.
Пусть в жизни каждого всё будет так, как надо,
Пусть колокол звучит, как глас с небес. (У. Кракін)
Званіце, званы, званіце! Званіце і абуджайце сумленні людзей, каб ваш моцны голас гучаў на ўсю ваколіцу і вёў людзей да Бога і па дарозе з Богам!
Тэкст: Таццяна Шумель
Фота: бр. Андрэй Жылевіч OFMCap