Людзі, якія сваімі талентамі праслаўляюць Бога: брат Андрэй Шэстакоў
Чaлaвeк нe ўзнiкae тaк –
Ён збывaeццa, aдбывaeццa
Як paтaй, Як дзiвaк, Як мacтaк,
Aд якoгa cвeт aдбiвaeццa.
Р. Барадулін
У свеце існуе мноства міфаў пра тое, што талент – гэта рэдкая і індывідуальная з’ява, якая праяўляецца толькі ў пэўнай сферы жыцця. Аднак, паглядзеўшы вакол, можна заўважыць, што таленавітыя людзі валодаюць рознабаковымі здольнасцямі і майстэрствам у многіх абласцях. Яны праяўляюць сябе не толькі ў адной сферы, але і пераўзыходзяць чаканні ў розных напрамках. Узнікае пытанне: “Ці можа таленавіты чалавек быць таленавіты ва ўсім?”. І мы ўпэўнена можам на яго адказаць: “Можа!” І прыкладам такога чалавека з’яўляецца наш брат Андрэй Шэстакоў.
Брат Андрэй – чалавек сціплы і таленавіты, чалавек з чулым сэрцам і шчырай душой, адкрыты, праўдзівы ў сваіх думках і словах. У адносінах брата Андрэя да ўсяго ім сказанага можна зразумець, што любоў і адданасць Богу – гэта не проста словы, а сапраўдны сэнс яго жыцця.
Менавіта з ім мы сёння і пазнаёмімся бліжэй.
- Брат Андрэй, раскажыце крыху пра сябе. Адкуль Вы родам?
- Родам я з пасёлка Каханавічы Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці.
- Чым увогуле Вы цікавіліся ў школьныя гады? Ці спалучалі свецкае жыццё з рэлігійным?
- У дзяцінстве я вельмі любіў падарожнічаць на веласіпедзе. А вось у касцёл хадзіў толькі па нядзелях. І гэта здавалася мне спачатку нечым цікавым і экзатычным, бо было незразумелым. Пазней я стаў задаваць сабе пытанні: Хто такі Бог? Ці ёсць Бог? Адказы на гэтыя пытанні я шукаў і ў касцёле: задаваў іх святарам. І ўсё з іх размоў складвалася так, што Бог ёсць! Чым больш я пачаў пазнаваць Бога, тым больш пачаў захапляцца ім і любіць.
- Кім Вы марылі стаць у дзяцінстве?
- Я марыў быць трактарыстам (усхіхаецца). Ездзіць на сінім трактары (смяецца), канечне ж, я жартую! На самай справе я не думаў пра гэта, проста заўсёды прымаў усё, як ёсць.
У дзяцінстве я прачытаў вельмі цікавую кнігу пра святога Антонія, рыцара Хрыста – “Святы Антоній Падуанскі” (Вільгельм Хюнерман – аўт.). Калі чытаў яе, здзівіўся, што можна быць героем, не беручы ў рукі меч, але адначасова здзяйсняць подзвігі. Мяне гэта вельмі натхніла, і я гэтым запаліўся. Але ішлі гады, я забыўся пра свае ўражанні, а пазней, падчас апошняга экзамена ў школе, успомніў пра гэта і задаў сабе пытанне, чым жа мне займацца далей? І нечакана для сябе пачуў у сваім сэрцы голас: “Ідзі мне служыць!”. Не задумваючыся, я згадзіўся, хаця, на той момант, я не ведаў куды ісці і што рабіць…
- Чаму і калі Вы вырашылі скласці вечнае манаскае абяцанне – аддаць сябе Богу?
- Гэта было ў часе вучобе. Менавіта тады зарадзілася жаданне пайсці служыць Богу.
Сустракаючы такі рэдкі і асаблівы выбар маладога чалавека, узнікае пытанне: што прывяло юнака да такога сур’ёзнага рашэння? Вядома, адказаў можа быць мноства: гэта і глыбокая рэлігійная падрыхтоўка, гэта і глыбокае перакананне ў сваім пакліканні, а магчыма, і расчараванне ў паўсядзённым жыцці… Але наш брат Андрэй зрабіў свой выбар свядома.
- Брат Андрэй, а чаму менавіта пакліканне да манаскага жыцця і чаму капуцыны?
- А другія не хацелі мяне браць (усміхаецца), называючы розныя прычыны. А пасля я ўспомніў, што ў нас у парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі ў Верхнядзвінску ёсць капуцыны. Прыйшоў да іх і сказаў, што хачу уступіць да іх у Ордэн, і яны не адмовілі. Я зразумеў, што гэта – знак.
Капуцыны – гэта самая маладая галіна францішканцаў. На італьянскай мове капучыа – гэта капюшон. І калі браты хадзілі па вуліцах, то людзі называлі іх капюшончыкамі. Адтуль і пайшла назва – капуцыны. Браты капуцыны – гэта каталіцкі манаскі ордэн, які актыўна займаецца місіянерствам і дабрачыннасцю па ўсім свеце. Таму зусім невыпадкова брат Андрэй – чалавек з чулым і добрым сэрцам, адкрытай душой – трапіў менавіта ў гэты Ордэн.
Галоўнай рысай капуцынскай духоўнасці з’яўляецца няспыннае, асабістае шуканне першапачатковага ідэалу, які адкрыў і рэкамендаваў сваім братам-паслядоўнікам святы Францішак. Ён заахвочваў наследаваць Езуса Хрыста, беднага і пакорнага. Таму галоўнае месца ў жыцці капуцына займае малітва. Істотнай прыкметай таксама з’яўляецца беднасць, якая выражае суровасць жыцця і добраахвотнасць пакаяння. Характарызуе капуцынаў і радаснае прабыванне сярод людзей бедных ды хворых, падзяляючы іх долю і дзелячыся з імі духоўнымі каштоўнасцямі.
- Цікава, а ці толькі гэта вылучае братоў капуцынаў ад іншых манаскіх ордэнаў?
- Доўгі капюшон і дзіравы хабіт (усміхаецца), – адказвае, жартуючы, на наша пытанне брат Андрэй. – На самай справе наш харызмат вельмі рознабаковы. Наогул, францішкане – гэта тыя людзі, якія ідуць туды, куды другія не хочуць ісці.
Зразумела, брат Андрэй выбраў няпросты шлях, на якім бываюць не толькі радасныя і бесклапотныя дні, а часам здараюцца перажыванні, турботы і расчараванні.
- З якімі цяжкасцямі і выпрабаваннямі давялося Вам сутыкнуцца?
- Часам адольвалі сумневы: ці правільную дарогу я выбраў, а можа гэта не маё? Я думаю, такое з кожным здараецца, таму што гэта – выбар на ўсё жыццё. Чалавек – на тое і чалавек, каб сумнявацца. У Бога ж на кожнага з нас ёсць пэўны план!
Але ж не вельмі проста адмовіцца ад свецкіх звычак. Андрэй вагаўся, прыглядаючыся да манаскага жыцця і “прымяраючы” яго да сябе. Аднак наканаваны Богам шлях пераважыў спакусы свету. Андрэй прайшоў неабходныя для манаскага станаўлення этапы падрыхтоўкі: два гады пастулату ў Докшыцах і Ломжы (Польша), год навіцыяту ў г. Новэ Място, чатыры гады юніарату ў Любліне. А месцам складання вечных шлюбаў выбраў родны касцёл у Верхнядзвінску, дзе ў чэрвені 2013 г. яго сардэчна прынялі пробашч айцец Тадэвуш Кавальскі і землякі.
- Брат Андрэй, з якімі населенымі пунктамі было звязана Ваша манаскае жыццё перш, чым Вы трапілі ў Маладзечна?
- Першае месца майго служэння – Смалявічы. Там я правёў сем гадоў. Пасля мяне перавялі ў Слонім, дзе я прабыў некаторы час, і адтуль прыехаў у Маладзечна, дзе нясу сваё служэнне ўжо тры гады.
Якое яно, жыццё ў Ордэне? Памылкова можна лічыць, што жыццё братоў складаецца толькі з малітвы і медытацый. Насамрэч гэта не зусім так, доказам гэтага з’яўляецца жыццё нашага брата Андрэя.
- З чаго складваецца Ваша жыццё ў кляштары? Якія ў Вас ёсць абавязкі ў супольнасці братоў капуцынаў?
- Першым і найбольш важным заданнем у нашым жыцці з’яўляецца малітва, а ўсё іншае – другаснае, але не менш важнае. Мой абавязак быць загадчыкам гаспадаркі (усміхаецца).
А мы добра ведаем, што гаспадар з брата Андрэя проста выдатны. А яшчэ наш Андрэй мае залатыя рукі, якімі ён зрабіў і робіць шмат важных і прыгожых рэчаў. Гэта і шафа для посуду, і сталы, і домік на дзіцячую пляцоўку, і яшчэ мноства рэчаў.
- Дзе Вы навучыліся так віртуозна працаваць з драўнінай?
- У мяне цяга да працы з дрэвам была з дзяцінства. Я любіў шмат майстраваць. І першым матэрыялам, з якім мне давялося працаваць, была драўніна – матэрыял даступны і просты, які заўсёды пад рукой. Так і з’явілася любоў да такой працы з дрэвам, любоў да дрэва, і да ўсяго, што з ім звязана.
Брат Андрэй ў сваёй майстэрні за станком, як за дзіджэйскім пультам, стараецца працаваць з дрэвам так дакладна, каб пазней усё гэта складвалася ў прыгожую кампазіцыю!
- Што найбольш дапамагае Вам у працы?
- Малітва.
- Як у сваёй працы Вы сведчыце пра Бога?
- Не важна, што ты робіш, галоўнае – тое, што ты гэта робіш ад сэрца, укладваеш у працу душу. Важна працаваць і аддавацца поўнасцю таму, што ты робіш. А калі вынік тваёй працы бачаць іншыя людзі – гэта і ёсць праслаўленне Бога.
У кожнага чалавека ёсць сваё хобі, ёсць яно і ў святароў, і ў манахаў. Хтосьці збірае старыя кніжкі, хтосьці займаецца нейкім відам спорту, хтосьці ходзіць на паляванне…
- А чым займаецеся ў вольны час, брат Андрэй?
- Ну, вядома, ні для каго не сакрэт, што я люблю рыбалку (усміхаецца). Але мяне не столькі цікавіць рыба, колькі прырода, знаходжанне адзін на адзін з Богам. Бачыць яго стварэнні, бачыць прыгажосць, якую не заўсёды бачна ў чатырох сценах… Ці гэта не шчасце?
- Як ставяцца браты і сябры да такога Вашага захаплення?
- З энтузіязмам (смяецца).
- Брат Андрэй, а што Вам прыносіць радасць і задавальненне ў манаскім жыцці?
- Тое, што гэта мой выбар, што я магу служыць Таму, Каго люблю і Каму прысвяціў сваё жыццё.
У Евангеллі Езус Хрыстус сказаў: “Ідзіце за Мной, і Я зраблю вас рыбакамі людзей” (Мц 4:19). І мы бачым, што простыя людзі сталі Апосталамі самога Бога. Брат Андрэй Шэстакоў, як і Апосталы, ідзе па шляху Хрыста і выкарыстоўвае свае таленты для далучэння іншых людзей да дабра, пакоры, чысціні і адданасці Богу.
Вось такі наш брат Андрэй – вельмі сціплы і працавіты, таленавіты і жартаўлівы, і вельмі добры Чалавек і Манах!
А пажаданне брату Андрэю хочацца выказаць, перафразіраваўшы малітву святога Францішка: “Найвышэйшы, праслаўлены Божа, асвяці змрок сэрца брата Андрэя і дай яму, Пане, сапраўдную веру, непахісную надзею і дасканалую любоў, разуменне і пазнанне, каб выканаў Тваё святое і праўдзівае пасланніцтва”.
Дзякуем Богу, што Вы ў нас ёсць!
Тэкст і апрацоўка: Таццяна Шумель
Інтэрв’юер: Вікторыя Гулецкая
Фота з асабістага архіва бр. Андрэя Шэстакова, бр. Андрэя Жылевіча і архіва касцёла св. Піо