Людзі, якія нясуць аптымізм і дабрыню: бр. Андрэй Жылевіч
Няхай вашыя думкі будуць такімі, як у Хрысце Езусе.
Ён, будучы ў постаці Бога,
не скарыстаў з таго, каб быць нароўні з Богам,
але выракся самога сябе, прыняўшы постаць слугі,
прыпадобніўшыся да людзей.
І з выгляду стаўшы як чалавек,
прынізіў сябе, будучы паслухмяным ажно да смерці,
смерці крыжовай.
Таму Бог узвысіў Яго
і даў Яму імя па-над усялякае імя,
каб на імя Езуса схілілася кожнае калена
стварэнняў нябесных, зямных і падземных,
і каб кожны язык вызнаваў,
што Панам ёсць Езус Хрыстус
дзеля хвалы Бога Айца.
Філіпянаў 2:6-11
У нашым свеце, дзе кожны дзень сутыкаемся з рознымі праблемамі і выклікамі, як ўнутранымі, так і знешнімі, існуюць людзі, якія здольныя змяніць наша асяроддзе і пакінуць след сваімі справамі і ўчынкамі. Яны – сапраўдныя носьбіты дабра, дорай надзеі, натхнення і падтрымкі людзям, якія іх акружаюць.
І менавіта такім неверагодным чалавекам з’яўляецца брат Андрэй Жылевіч, святар нашай парафіі святога Казіміра. Адной з надзвычайных рысаў брата Андрэя з’яўляецца яго здольнасць уносіць значныя змены, нават у маленькія справы. Андрэй Жылевіч – гэта святар, які ўсведамляе, што нават самая маленькая дабрыня можа мець вялікі эфект. Святар, які бачыць у другіх толькі станоўчае і адкрывае таленты на роўным месцы. Святар, побач з якім адчуваеш спакой… Шмат розных слоў пра бр. Андрэя можна пачуць ад парафіян не толькі з Маладзечна, але і з іншых куточкаў нашай Радзімы. Калі вам цікава бліжэй пазнаёміцца з нашым братам Андрэем, то запрашаем!
Любовь, надежда, вера, доброта –
Четыре слова, что свершают чудеса,
Четыре истины, что делают сильней
И к Храму Божьему откроют путь скорей. (О. Фокина.)
Любоў, надзея, вера, дабрыня – менавіта гэтыя чатыры якасьці праходзяць чырвонай ніткай праз усё жыццё брата Андрэя Жылевіча. І закладзены яны былі з самага ранняга дзяцінства, але іх наўмысна ніхто не прывіваў. Проста Андрэй рос у самай сапраўднай хрысціянскай сям’і, дзе бацькі – Часлаў Баляслававіч і Ганна Мар’янаўна – выхоўвалі сваіх сыноў не павучаннем, а ўласным прыкладам.
Дзяцінства брата Андрэя прайшло ў вёсцы Камянчане Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці. Ён рос як усе вясковыя дзеці: быў час і на гульні, і на дапамогу бацькам. А працы ў вёсцы, як усе ведаюць, хапае заўсёды, асабліва, калі пачынаюцца палявыя работы: пасадка і ўборка бульбы, праполка і паліванне агароду, нарыхтоўка сена, догляд за жывёлай, выпас кароў… Можна пералічваць бясконца. Але ж у дзяцістве часу хапае на ўсё! Таму любіў наш Андрэй і з сябрамі пагуляць у футбол, і здзейсніць розныя “вандроўкі” па навакольных цікавых месцах, кар’ерах…
Аднак асаблівае месца ў сям’і Жылевічаў было адведзена касцёлу. Касцёла ў роднай вёсцы не было, таму кожны дзень сям’я ехала за сем кіламетраў у найбліжэйшы касцёл, які знаходзіўся ў вёсцы Ліпнішкі.
Вось як брат Андрэй распавядае пра гэта.
- Маім рэлігійным выхаваннем, з аднаго боку, займаліся ўсе, а з другога, у добрым значэнні, – ніхто, таму што мы з братам (у мяне ёсць малодшы брат, які мае сям’ю і трох дзяцей) раслі проста ў хрысціянскай атмасферы. Гэта значыць, што была малітва, гэта значыць, што было рэлігійнае каталіцкае жыццё. Гэта была нядзельная святая Імша, і не было нават думкі пра тое, што мы маглі калісьці не пайсці на Святую Імшу ў нядзелю, нават, калі былі хворыя. Калі ўжо тэмпература 38° С, то ўжо, вядома, ніхто не браў на Святую Імшу, бо ў нас у Ліпнішках каменны касцёл, там вельмі холадна было ў зімовы час.
Паездка ў касцёл была абавязковай: бацькі лічылі, што ніякіх адгаворак быць не можа. Брат Андрэй успамінае, што нават калі мульцікі цікавыя ішлі па тэлевізары, то тата прыходзіў выдзёргваў з разеткі шнур тэлевізара, нягледзячы на тое, што быў плач і просьбы пачакаць яшчэ хвілінку… Але ўсе збіраліся і ехалі ў касцёл. Не было такога дня на тыдні, каб сям’я не была ў касцёле. Вядома, што такое рэлігійнае выхаванне ў сям’і – гэта не толькі моцны падмурак, але сапраўдны скарб.
- Мяне не вучылі маліцца, – працягвае брат Андрэй, – таму што проста маліліся. І мы, дзеці, разам з бацькамі маліліся. Да цяперашняга часу памятаю вобраз свайго таты, які цяжка працаваў: быў у калгасе вадзіцелем спачатку грузавой машыны, пасля аўтобуса, ну і яшчэ ж гаспадарка хатняя. Вечарам прыходзіў з працы, станавіўся на калені пасля ўсіх сваіх абавязкаў і каля майго дзіцячага ложка проста гаварыў пацеры. Ён гаварыў голасна, так, каб я гэта чуў. Не памятаю, колькі мне было тады гадоў, можа 1,5 – 2, але вось такі вобраз майго таты ў мяне застаўся, бо ўжо пяць гадоў як яго на гэтым свеце ўжо няма…
Вельмі цікава расказвае брат Андрэй і пра сваё навучанне ў школе.
- Выдатнікам я не быў, я быў сярэднячком. Але былі розныя моманты цікавыя. Вось і цяпер у касцёле можна заўважыць, што спераду сядаюць выдатнікі, а ззаду – троечнікі і двоечнікі (смяецца, – аўт.). У маім жыцці быў такі прыклад, калі я па нейкіх прычынах сядаў на апошнюю парту і адразу пачынаў кепска вучыцца. Толькі мяне перасаджвалі на першую-другую парту, адразу ўзровень маіх ведаў узрастаў. І гэта было такім цікавым эксперыментам. Былі моманты, калі мне не хацелася вучыцца, не хацелася працаваць над сабой, але ж чарговы бацькоўскі сход вырашаў многія пытанні па маёй навуцы ў школе (зноў смяецца). І сярэднюю школу я закончыў з 70% выдатных адзнак, астатнія – чацвёркі, троек не было нават. Таму, мае даражэнькія, усё вырашаецца на бацькоўскіх сходах!
З вялікай цеплынёй і любоўю ўспамінае брат Андрэй і сваіх школьных настаўнікаў, якія па яго словах былі сапраўды цудоўнымі і добрымі людзьмі, клапаціліся пра ўсіх дзяцей без выключэння – і гэта сапраўды дапамагала.
- Які прадмет быў любімым, а які Вы наведвалі з неахвотай?
- Любімы прадмет (задумваецца)? Мне падабалася беларуская мова і літаратура. Я больш гуманітарый, чым матэматык ці фізік. Гэтыя прадметы мне не падабаліся, бо, як здавалася, былі складанымі. Але ж выхад, каб пераадолець цяжкасці, можна знайсці заўсёды! У мяне быў сябра Валера, з каторым мы сядзелі за адной партай. Яму падабаліся дакладныя навукі, і ён мне заўсёды дамамагаў. Калі трэба было нешта дапамагчы Валеру ў граматыцы па рускай ці беларускай мовах, то тут ужо я прыходзіў на дапамогу! У нас было такое супрацоўніцтва.
- Ціхім і сціплым вучнем быў наш Андрэй. Адкуль жа з’явілася жаданне стаць святаром?
- У мяне гэта было так, што я, хіба, ва ўзросце 14, можа, 15 год трапіў на рэкалекцыі, якія праводзілі капуцыны (усміхаецца), гэта ўжо можа быць адказам на наступнае пытанне. (Брат Андрэй прадбачыць наша наступнае пытанне!) На гэтых рэкалекцыях браты, якія прыязджалі з Польшчы, праводзілі рознага роду практыкаванні для моладзі. Я памятаю, там быў падзел на тэматычныя групы. Я чамусьці выбраў групу, у якой вялася размова пра святарства, пакліканне і манаскае жыццё. Сустрэча адбывалася ў сакрыстыі, а таму не было асабліва месца, каб дзе сесці. Затое стаяла там прыгожае вялікае крэсле, у якім сядзелі раней у касцёле фундатары, а пасля ў гэтым крэсле святар спавядаў сатарэлых людзей, якія ўжо дрэнна чулі. І я нейкім чынам аказаўся ў гэтым крэсле.
Адна дзяўчынка задала святару пытанне, хто, на яго погляд, можа стаць святаром ці манахам. Ён паглядзеў па вачах усіх прысутных, затрымаўся на мне і кажа: “Вось ён – ніколі не будзе!” (смяецца). Я моцна не думаў пра гэта, але ў той момант для мяне гэта было, як кажуць у народзе – “абухом па галаве”: мне было вельмі крыўдна, і я доўга не мог зразумець, чаму ён так выказаўся. Ці таму, што я быў спакойны, а можа таму, што нікуды не лез, быў такім непрыкметным, сціплым хлопцам... Але пазней, праз некаторы час ужо, хіба, калі стаў студэнтам, зразумеў, што менавіта такім чынам Бог даў мне такую аплявушыну, каб я задумаўся, што хачу рабіць у жыцці. І пасля таго я пачаў задумвацца.
Хтосьці можа сказаць, што гэта проста было такое жаданне даказаць некаму, што, ну, як гэта я не магу? Але, думаю, што ў гэтым усім была прысутна Божая рука. І вось такім чынам пасля заканчэння школы я трапіў да капуцынаў.
- Як да Вашага выбару аднесліся бацькі?
- Я ўжо думаў, як ім пра гэта сказаць, я хадзіў дастаткова часта ў касцёл, з капуцынамі быў знаёмы. Памятаю мы разгружалі воз з сенам – тата, мама, брат. І я, цягнучы чарговую “порцыю” сена, кажу сваім бацькам, што хачу стаць святаром. На што тата мой сказаў так: “Ну, сынок, самае важнае – помні, – гэта каб ты быў шчаслівы, гэта твой выбар”. Вось так спакойна яны прынялі гэтае маё рашэнне.
17-гадовы Андрэй Жылевіч паехаў у польскі горад Ломжа праходзіць першы год сваёй манаскай фармацыі.
- Першы год называецца пастулатам. Гэта такі год перад ускладаннем манаскага адзення – хабіта, – успамінае брат Андрэй. – Ты жывеш у манастыры з іншымі братамі, вывучаеш асновы літургіі, праходзіш школу малітваў. Усё гэта на польскай мове. Мова для мяне не была перашкодай, на той момант я польскую ведаў.
Наступны год – навіцыят. (Ён у брата Андрэя праходзіў у горадзе Нове-Място пад Варшавай.) Гэта быў няпросты год, год выключэння з грамадскага жыцця: практычна без лістоў і званкоў дадому. Такі парадак прадугледжвала фармацыя манахаў. Трэба было максімальна аддаліцца ад сям’і, дома, сяброў, каб адчуць, што прысвячаеш сябе Богу. Для мяне гэта было выпрабаваннем. Зараз, напэўна, гэта зрабіць яшчэ цяжэй, бо ў сучасных людзей нашмат больш залежнасцей... На працягу гэтага года мы вучылі гісторыю капуцынаў, гісторыю касцёла, лацінскую мову, правілы, патрэбныя для жыцця ў кляштары. Самае галоўнае – трэба было навучыцца жыць у супольнасці.
На другі год манах ужо мог насіць хабіт. Гэта спецыяльнае адзенне карычневага колеру з востраканцовым капюшонам. Менавіта з-за капюшонаў манахаў калісьці і сталі называць капуцынамі.
А пазней было шэсць гадоў навучання ў семінарыі капуцынаў у Любліне. Гэта таксама такі прыгожы час, калі можна было і вучыцца, і пазнаваць новых людзей. Памятаю, як мы заўсёды чакалі свята Божага Нараджэння і Пасхі для таго, каб вярнуцца ў Беларусь, каб убачыцца са сваімі людзьмі. Мы рыхтаваліся, падрыхтоўвалі літургію і каментары – усё тое, што неабходна было, каб добра перажыць святы самаму і дапамагчы вернікам у гэтым перажыванні. Прыгожы быў час!
Не проста быць святаром, гэта адказнасць перад вернікамі і Касцёлам, гэта бесперапынная праца над сабой і духоўным ростам. Гэта таксама адзінства з Богам і служэнне Яму, прымаючы споведзі, ведучы набажэнствы і прыносячы дабраславенне ўсім, хто мае патрэбу ў ім. Быць святаром азначае быць голасам Божым у нашым свеце і быць настаўнікам у духоўных пытаннях. Гэта жыццё, прысвечанае служэнню іншым і дапамогі ім на шляху да Бога.
- Аддаць жыццё служэнню Богу для манаха значыць адмовіцца ад сям’і і бацькоўства. Як гэта – прыняць такое рашэнне?
- Зразумела, гэта не проста. Не проста, таму што гэта заўсёды супярэчыць першаму пакліканню згодна з натуральным правам чалавека. Тое, што ў маім жыцці адбываецца – гэта ўсё, дзякуючы Божай ласцы, таму я ведаю, што сваімі сіламі я б не змог быць тым, кім я ёсць. І сапраўды, святарскае, манаскае пакліканне патрабуе ад нас вялікага вырачэння таго, што ўсім даступна: і гэтага цудоўнага пачуцця бацькоўства, і сямейнага шчасця, і сужэнскага шчасця – і гэта заўсёды не проста. Але тое, што адбываецца ў маім сэрцы, у маім жыцці – мяне радуе: у мяне ёсць вялікая сям’я людзей старэйшых, малодшых, каторых я ведаю і каторыя знаходзяцца ў абсалютна розных кутках нашай Бацькаўшчыны і па-за яе межамі. Гэта людзі, якія патрабуюць мяне, майго святарства, майго прыкладу жыцця, майго сведчання – і ўсё гэта мне замяняе тое, што я згубіў або пакінуў для чагосьці большага, – для служэння Богу і людзям.
- Напэўна, Вы часта ўспамінаеце, як складалі свае першыя, а пазней і вечныя манаскія абяцанні? Што Вы адчувалі ў той момант?
- Першыя манаскія абяцанні былі ў 1997 г. у Польшчы. Я думаю, што тады я аб гэтым моцна не задумваўся. Канечне, гэта было нешта велічнае на той момант. Але адзін момант яскрава памятаю: як уклаў свае рукі ў рукі правінцыяла (задумваецца)… Там былі мае бацькі, брат, знаёмыя. І зразумела, што гэты момант зрабіў адбітак на маім сэрцы на ўсё жыццё. І ў прынцыпе тое, што далей адбывалася, яно ўжо вялікага значэння не мела. І вечныя шлюбы, якія былі ўжо тут, у Беларусі, у Слоніме, яны былі проста працягам таго, што было першым абяцанне Богу. Манаскае жыццё – гэта не раз скласці абяцанні ці шлюбы, гэта працэс, гісторыя розных момантаў жыцця, гэта цэлая чарга падзей і людзей, якія сустракаюцца на маім шляху. На сённяшні момант гэта ўжо цэлая гісторыя жыцця ў супольнасці братоў капуцынаў, за што я вельмі ўдзячны Богу!
Манаскае жыццё брата Андрэя пачалося з моманту распачацця навіцыята ў верасні 1996 г., а 22 мая 2004 г. у нашым горадзе Маладзечна ён атрымаў святарскае пасвячэнне з рук айца біскупа Антонія Пацыфіка Дыдыча, каторы з’яўляўся духоўным настаўнікам святара на пэўных этапах яго жыцця.
- Раскажыце, калі ласка, якім быў пачатак Вашага святарскага і манаскага служэння? Ці было цяжка?
- Цяжка было заўсёды, але ж ніхто не абяцаў, што будзе лёгка (смяецца)! Мой першы досвед як святара – гэта парафія і кляштар у Докшыцах. Адтуль у той час нейкім цудоўным чынам пачыналі ўсе маладыя капуцыны. Я там прабыў амаль што 10 год. Гэта быў цудоўны час, гэта былі цудоўныя людзі, гэта былі цудоўныя перажыванні святарства першых маладых гадоў. Яны застаюцца назаўсёды, таму што гэта першы запал, каторы цябе штурхае на нейкія новыя дасягненні, ініцыятывы...
Невялічкі горад у 7 тысяч жыхароў на сённяшні дзень, невялічкая парафіяльная супольнасць, але ж з якой цеплынёй успамінае брат Андрэй час, праведзены ў Докшыцах?!
- Гэта быў прыгожы час, – працягвае брат Андрэй. – Магчыма ў іншым месцы я б не справіўся, але ўсё, што я там пражыў, вельмі дапамагло ў маім далейшым духоўным і святарскім узрастанні.
У Докшыцах наш брат Андрэй Жылевіч быў магістрам пастулантаў, пасля настаяцелем кляштара. У 2009 годзе быў абраны віцэправінцыяльным міністрам Беларускай Віцэправінцыі Меншых Братоў Капуцынаў (з 2013 г. віцэправінцыя стала называцца кустодыяй, – аўт.).
- Якія каштоўнасці і прынцыпы Вы лічыце найбольш важнымі ў жыцці і дзейнасці святара?
-Сёння людзі могуць бачыць розных святароў. Хтосьці камусьці больш падабаецца, хтосьці – менш. Ёсць зараз і магчымасць выбару куды хадзіць: у адзін касцёл ці ў другі. Адной з найважнейшых рысаў святара, на мой погляд, з’яўляецца ўменне слухаць другога чалавека. Без гэтага ўмення вельмі складана быць святаром, таму што ў першую чаргу, так як ён выходзіць да людзей ад імя Бога, ад імя Хрыста, каторы заўсёды слухае, то ён таксама пакліканы да таго, каб слухаць. Часам гэта больш каштоўна, чым нешта сказаць. Часам бываюць такія сітуацыі, дзе святар не ведае, што сказаць, дзе не ведае, як рэагаваць на людскі боль ці нейкія жыццёвыя цяжкасці, трагедыі, але калі святар умее слухаць, то гэта нашмат важней.
Магчыма, што ёсць і іншыя важныя і больш істотныя, але для мяне гэта першая важная рыса, а другая – гэта аптымізм, гэта ўменне і жаданне ўсміхацца, несці радасць, таму што ў свеце сёння шмат розных падзей, якія з’яўляюцца прычынай смутку, расчаравання: войны, неспакойны час, пандэмія і г.д. Ёсць шмат прычын для таго, каб хвалявацца. Таму святар, а ў маім выпадку гэта брат капуцын, – гэта пакліканне да радасці, і трэба ўмець гэтай радасцю дзяліцца з іншымі людзьмі, нягледзячы ні на што. І гэта маё пакліканне рэалізуецца ў грамадстве, сярод людзей, менавіта ў гэтых двух рысах, на якія я абапіраю ў сваіх адносінах з Богам.
1 кастрычніка 2015 года брат Андрэй быў прызначаны новым дырэктарам Рэлігійнай місіі “Дабрачыннае каталіцкае таварыства «Карытас»” Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
- Што Вы можаце расказаць пра час, праведзены на чале гэтай арганізацыі?
- Увогуле гэта было вельмі неспадзявана для мяне, бо я не планаваў працаваць у “Карытас” перад тым, як мяне прызначылі дырэктарам, нават не ведаў дакладна, што гэта за арганізацыя. Вядома, што пры капуцынскіх кляштарах заўсёды ёсць людзі, якія нешта просяць, таму капуцынам такая сітуацыя ў грамадстве блізкая. У канцы канцоў, мы – жабрачы ордэн і наша жыццё – у беднасці.
Памятаю, як пасля ўзгаднення з маім тагачасным настаяцелем, у Будславе мяне сустрэў арцыбіскуп мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, узяў за руку і кажа: “Будзеш дырэктарам “Карытас”? На што я адказаў, што хачу служыць Касцёлу, калі такая воля майго настаяцеля і біскуп лічыць мяне годным гэтага. Дарэчы, сваю згоду я выказаў перад абразом Маці Божай.
Брат Андрэй лічыць, што час праведзены ў “Карытас” – вельмі прыгожы. Гэта час, праведзены з людзьмі: як з патрабуючымі, так і са шматлікімі дзяржаўнымі, пазадзяржаўнымі арганізацыямі, якія працуюць на карысць дапамогі розным катэгорыям насельніцтва нашай краіны. Гэта таксама праца ў калектыве, якая вельмі шмат чаму навучыла брата Андрэя. Гэта вялікі досвед працы з людзьмі: прыняцця рашэнняў, размоў з партнёрамі, дабрачынцамі, замежныя паездкі, камандзіроўкі і г.д. Гэта быў вельмі насычаны час, таму што акрамя працы ў “Карытас” брат Андрэй працаваў яшчэ ў парафіі, пазней быў пробашчам у парафіі святога Францішка ў Копішчы (Мінскі раён) і розныя іншыя абавязкі, якія яшчэ паралельна ішлі…
- За гэты час я таксама вельмі ўдзячны Богу!
На ўсё ёсць воля Божая! І так сталася, што пасля 17 год з часу атрымання святарскага пасвячэнне, брат Андрэй Жылевіч зноў вяртаецца ў горад Маладзечна, у наш прыгожы касцёл святога Піо, дзе яго чакае новы этап манаскага і святарскага жыцця. Этап, насычаны новымі сустрэчамі і падзеямі, клопатамі і перажываннямі, радасцямі і выпрабаваннямі.
- Што вы адчулі, калі даведаліся пра прызначэнне ў Маладзечна? Не было хвалявання ці страху?
- Добра памятаю гэты момант, калі брат Андрэй Букштан (на той момант настаяцель Кустодыі Братоў Меншых Капуцынаў) сказаў, што я вяртаюся ў Маладзечна. Я адчуў спакой пасля той напружанай працы ў парафіі, у “Карытас”, пасля наплыву розных падзей і заняткаў, якія ў мяне былі. А яшчэ таму, што гэтае месца для мяне – не чужое. З першых гадоў свайго манаскага жыцця, калі я быў студэнтам, у 1990-я гады, я прыязджаў у Маладзечна. Тады капуцыны былі ў парафіі святога Юзафа. Я быў таксама і адным з арганізатараў першых пілігрымак у Будслаў у 1990-я – пачатку 2000-х гадоў.
Гэта таксама быў прыгожы час, калі капуцынаў людзі тут толькі пазнавалі. Пазней у 2002 г., калі пачалося будаўніцтва, і мы атрымалі тут зямлю на будову касцёла святога Піо парафіі святога Казіміра, людзі нас ужо добра ведалі: нас любілі, паважалі (смяецца) і гэта ж, канечне, – узаемна.
Я ведаў, што мне калісьці прыйдзецца працаваць у Маладзечне, і проста чакаў гэтага моманту. І гэты момант настаў. Таму гэта таксама сапраўды прыгожы досвед. Важна тое, што я магу тут рабіць, што магу рэалізаваць сваё пакліканне ў братэрскай і парафіяльнай супольнасці. Гэта мяне падтрымлівае і будуе.
Тая чалавечая ўдзячнасць, якую я тут адчуваю, для мяне вельмі шмат значыць.
- Які Ваш тыповы працоўны тыдзень, якія задачы, звязаныя са служэннем, у Вас найбольш часта ўзнікаюць?
- Пачаць трэба ад нядзелі, бо гэта першы дзень тыдня (усміхаецца). Звычайна ў нашай супольнасці трое святароў і адзін брат – не святар. У нас шэсць Святых Імшаў: чатыры ў Маладзечне і дзве на вёсках: у Хоўхлаве і ў Гарадку. Таму мы дзелім іх пароўну, калі няма ніякіх іншых абавязкаў і, калі ўсе прысутнічаем на месцы. Калі кагосьці з братоў няма, то тады па тры Святыя Імшы адпраўляем. Але вядома, што яшчэ нас чакаюць і споведзь, і пропаведзь, якую трэба падрыхтаваць, і размовы з парафіянамі (а як жа без іх!). Для большасці людзей нядзеля – гэта дзень адпачынку, для святароў –дзень працы, таму што гэта найбольш напружаны час.
Панядзелак у нас аблегчаны дзень, бо на раніцу няма святой Імшы, можна крыху даўжэй дазволіць сабе паспаць, а вечарам – Святая Імша. Мы з братамі дзелім свае абавязкі.
Усе астатнія дні тыдня дзень пачынаецца ў 6.40 з медытацыі-разважання Божага слова ў цішыні. Пазней Святая Імша, якая называецца канвэнская, усе браты ў ёй удзельнічаюць. Пасля Імшы мы сустракаемся на малітве – Ютрань, пазней – снеданне. А далей кожны ідзе выконваць свае абавязкі, а іх, паверце, вельмі шмат! Пазней малітва перад абедам, абед і пэўныя заняткі. Вечарам у 17 гадзін у нас ёсць малітва Нешпараў, гадзіна чытанняў, святарскія, манаскія малітвы. Той брат, хто вызначаны, ідзе на Святую Імшу. А яшчэ ў нас ёсць розныя абавязкі ў парафіяльных групах і супольнасцях. І так з дня на дзень і жывём (смяецца).
- У кожнага з братоў у нашым касцёле ёсць пэўныя абавязкі. А за што Вы адказваеце?
- У цяперашні час я з’яўляюся настаяцелем нашай супольнасці. Прасцей кажучы, раздзяляю абавязкі паміж братамі. Зараз у нас шмат працы, для мяне асабіста – гэта афармленне рознай дакументацыі, звязанай з увядзеннем у эксплуатацыю нашага касцёла і кляштара, гэта і працы з будаўніцтвам, і з добраўпарадкаваннем. Вось, напрыклад, зараз устаноўка званоў, падрыхтоўка і афармленне дакументацыі, звязанай з мытнымі працэсамі… Добра, што ў многіх справах нам дапамагае Дамініка Гулевіч, за каторую мы бязмежна ўдзячныя Богу.
Так здаецца, можа, што працы няшмат, але, з другога боку, каб яе паспець усю зрабіць, то трэба прыкласці шмат намаганняў і сіл. І, канечне, усё гэта не было б магчымым без нашых людзей, без нашых парафіян, каторыя ўсімі магчымымі сіламі стараюцца дапамагаць і фізічна, і маральна, і матэрыяльна. Гэта такі штуршок, каб нешта разам рабіць, мець нейкія ініцыятывы. Адзін парафіяльны “Карытас”, чаго толькі не праводзіць?! Гэта такія моманты, якія неабходна, каб у парафіі былі. У Касцёле гэта цудоўная магчымасць для таго, каб кожны мог знайсці сабе месца, каб не быць ананімным. Таму што ў вялікай парафіі вельмі проста быць ананімным: хтосьці можа прыйсці і пайсці, і невядома, ці прынесла які плод пачутае слова. А рознага роду парафіяльныя групы даюць магчымасць людзям развівацца, узрастаць у веры. І ў гэтым, мне здаецца, вялікая мудрасць Каталіцкага Касцёла.
Брат Андрэй – сапраўдны прыклад энергіі, аптымізму, веры, адданасці і дабрыні. Вакол яго пастаянна віруе нейкая дзейнасць.
- Адкуль Вы знаходзіце сілы і ідэі, каб усё гэта ажыццявіць?
- Божанька дае (смяецца). А па праўдзе, я сапраўды не ведаю. Часам бываюць цяжкія моманты, калі зусім не да смеху, калі нічога не хочацца. Але мяне падтрымоўваюць, у першую чаргу, – Божая ласка, а таксама самі людзі. У мяне, калі бачу чалавека, адразу да яго з’яўляецца праект (смяецца), у такім добрым значэнні.
Мой досвед такі, што “адзін – у полі не воін”, ты нічога не можаш зрабіць адзін. Адзін мудры святар сказаў такое, што мяне ўразіла: “Парафія – гэта сям’я і заданне святара, не важна ці ён пробашч, ці настаяцель супольнасці, ордэна, – аб’яднаць і згуртаваць усіх”.
У нашай парафіі таксама шмат парафіяльных ініцыятыў, на якія нашы вернікі адклікаюцца з вялікай радасцю. Гэта будуе адносіны, будуе ўзаемны давер, узаемную павагу, дае матывацыю для таго, каб развівацца, нешта рабіць на карысць супольнасці.
- Заданне святара, а ў нашым выпадку капуцына – быць аніматарам, – працягвае брат Андрэй. - Анімаваць, паказваць людзям магчымасці, у якіх яны могуць сябе рэалізаваць. Зусім неабавязкова рабіць тое, што табе не падабаецца, тое, што ты не хочаш, што табе не прыносіць нейкага задавальнення. Ты можаш рабіць тое, што прыносіць радасць, і ты будзеш адчуваць сябе патрэбным, бо хтосьці адчувае сябе добра ў Назарэтанскіх сем’ях, хтосьці – у Нэокатэхуменаце, хтосьці – у Хатнім касцёле, хтосьці – у колах Жывога Ружанца, хтосьці – у Францішканскім Ордэне Свецкіх, хтосьці – у “Карытас” і так далей. Ёсць з чаго выбраць, дзе я магу быць карысным, магу сябе рэалізаваць – гэта цудоўна. Чым больш груп у парафіі, тым лепш. Таму вось мая місія – адкрываць у людзях нейкія таленты (усміхаецца).
- Брат Андрэй, вы вельмі дакладна можаце вызначыць здольнасці і таленты сваіх прыхажан, распазнаць іх пакліканне. Як у Вас гэта атрымоўваецца?
- Гэта не я, гэта – ласка Духа Святога. Я не ведаю, як гэта адбываецца, але, калі з гэтага вынікае дабро, то значыць гэта Бог, гэта толькі Ягоная рука. Я магу быць прыладай, каторая накіроўвае, каторая можа выслухаць, зразумець. Не вырашыць за кагосьці, а стварыць перспектыву, даць нейкі напрамак або прапанаваць некалькі напрамкаў, у якіх чалавек можа сябе праявіць і рэалізаваць.
- Якую б традыцыю Вы прапанавалі ўвесці ў нашым касцёле?
- Я ўжо столькі ўвёў (смяецца)! Мне асабіста падабаюцца рознага роду сустрэчы з людзьмі, калі мы адчуваем сябе добра, калі мы можам паразмаўляць, паспяваць, патанчыць. Гэтыя традыцыі варта падтрымоўваць і развіваць. Гэта сапраўды цудоўна!
- Што б хацелася змяніць у жыцці нашай парафіі?
- У першую чаргу варта пачынаць з сябе, але не буду гаварыць, што б я хацеў змяніць у сабе, бо гэта сапраўды вельмі шмат (усміхаецца). Але ў жыцці нашай парафіі ёсць людзі, якіх можна назваць “святочныя католікамі” – гэта тыя, якія прыходзяць, каб пасвенціць вербу ці яйка, прыходзяць на Божае Нараджэнне, ну, можа, яшчэ на Усіх Святых, г. зн. на асноўныя святы. Я думаю, што вось гэта трэба змяняць, каб мы пераставалі быць ананімнымі, “святочнымі”, бо хрысціянства – гэта не ананімнасць.
- Як Вы лічыце, у чым праблема святарскіх і манаскіх пакліканняў сёння? Чаму так мала людзей хочуць ісці за Богам?
- Мне здаецца, што тут шэраг прычын і разглядваць іх трэба комплексна. І, канечне ж, адна з прычын, што сённяшні свет – гэта свет камунікацый, медыя, свет, каторы дае шмат магчымасцяў. А з другога боку, дае і шырокі спектр шляхоў, якія могуць ісці ў нікуды. І ў гэтым шматгалоссі прапаноў сённяшняга свету маладому чалавеку складана пачуць голас Бога і распазнаць пакліканне – гэта адно, гэта важная прычына, на мой погляд.
Другая прычына – гэта тое, што заўсёды важны прыклад і святароў, і кансэкраваных асобаў розных кангрэгацый і дыяцэзій (у нас іх чатыры). Важная аўтэнтычнасць жыцця. Каб людзі мелі магчымасць бачыць, што ты – гэта ты, а я – гэта я. Цяпер ёсць вельмі шмат розных спакусаў, і чалавек баіцца быць падманутым і ў сітуацыі з пакліканнем, і ў адкрыцці ў сваім сэрцы голасу Бога.
І сёння духавенству, кансэкраваным асобам патрэбна памятаць, што вельмі важна быць аўтэнтычнымі, важна быць простымі, даступнымі, умець слухаць і чуць. Хоць на сваім прыкладзе я і пачуў, што ніколі не стану святаром, але, напэўна, мне менавіта гэта тады было патрэбна. Бо гэта спрацавала, такім чынам Бог да мяне дакрануўся.
Ні для каго не сакрэт, што ўсе святары розныя. І калі не хапае добрага прыкладу, то ў гэтым ёсць праблема. І думаю гэта дзве найбольш істотныя рэчы, якія ўплываюць на тое, што сёння пакліканняў няшмат.
Упэўнены, што такі прыклад Чалавека, Святара, Брата, Сябра, які паказвае наш брат Андрэй, абавязкова прынясе свой плён, і ў нашай парафіі абавязкова будуць новыя пакліканні!
- У кожнага чалавека ёсць мары. Падзяліцеся, а якая Ваша запаветная мара?
- Пытанне цікавае і складанае. Мара, мара (задумваецца)… У мяне настолькі шмат мараў, што складана выказаць іх. Сёння я маю адну мару, заўтра – другую, але гэта не значыць, што я якісьці непастаянны, я – стабільны. Бог мяне такім зрабіў. Канечне ж асноўная мая мара, як чалавека, як хрысціяніна – атрымаць у спадчыну Валадарства Нябеснае. Гэта асноўная мара, якая падпарадкоўвае ўсе іншыя мары, маркі і марачкі (смяецца).
- Мы ведаем, што ў Вас ёсць хобі. Чаму менавіта такое хобі?
- Калі я паехаў з вёскі, пачаў вучыцца быць капуцынам, ніколі не думаў, што калісьці вярнуся і мне захочацца садзіць агарод ці будаваць парнік, вырошчваць там памідоры ці агуркі, ці яшчэ іншыя рэчы. Але пазней прыходзіць час, калі гэтага не хапае. У пэўным моманце мне, як і любому чалавеку, патрэбна была нейкая змена ў дзейнасці. І таму я вырашыў пабудаваць парнік, пасадзіць агарод і, ведаеце, – гэта класна! Радасна, калі можна пасадзіць, даглядаць, назіраць, паліваць, палоць і пазней есці свой памідор, каторы ты вырасціў. Ты маеш магчымасць сарваць першы памідор і паспрабаваць, які ён салодкі – гэта непаўторна! Вось тады я адпачываю, гэта тое што дае мне асалоду, рэлакс, аблалютна радыкальна змяняе мой род дзейнасці. Праца рук – гэта адна з найпрыгажэйшых магчымасцяў, якую даў нам Бог.
- Як ставяцца знаёмыя і сябры да такога Вашага захаплення?
- Усе па-рознаму: хтосьці захапляецца, хтосьці кажа, што, напэўна, мне няма чаго рабіць, мала абавязкаў, мала работы яшчэ. Але я раблю гэта, у першую чаргу, для сябе і, калі маю магчымасць падзяліцца гэтым з братамі, сябрамі, каторыя могуць карыстацца пладамі зямлі, гэта неверагодна. Я радуюся, калі магу каго пачаставаць. Мне гэта прыносіць задавальненне.
Выказванне з Паслання святога Паўла, якое змешчана ў пачатку, – любімае месца з Бібліі брата Андрэя. Менавіта яно ва ўсёй паўнаце паказвае і раскрывае яго асобу. І тата брата Андрэя – Часлаў Баляслававіч – можа быць упэўненым, што яго сын шчаслівы!
Вось такі наш брат Андрэй – вясёлы, энергічны, таленавіты, працавіты, шчыры і вельмі добры Чалавек і Святар!
Дарагі наш брат Андрэй, няхай Пан Бог адорвае Вас усімі патрэбнымі дарамі і ласкамі, а Маці Божая ахінае любоўю! Дзякуем Богу, што Вы ў нас ёсць!
Тэкст і апрацоўка: Таццяна Шумель
Інтэрв’юер: Вікторыя Гулецкая
Фота з асабістага архіва бр. Андрэя Жылевіча і архіва касцёла св. Піо