Адпустовая ўрачыстасць святога айца Піо 23.09.2023
23 верасня - вельмі значная дата для нашай парафіі. У гэты дзень Каталіцкі Касцёл ушаноўвае святога айца Піо з П'етрэльчыны, імя якога носіць касцёл.
З гэтай нагоды парафіяльная тэатральная група пад кіраўніцтвам с. Кацярыны Грынчык MSF зладзіла прадстаўленне аб жыцці падрэ Піо. Акцёры вельмі эмацыйна і праўдзіва паказалі ўсе этапы жыцця святога: пакліканне, цяжкасці, усе спакусы на шляху да святасці.
Пасля спектакля парафіяне сардэчна прывіталі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які ўзначаліў парафіяльную ўрачыстасць.
Да святкавання далучыліся таксама святары і сёстры законныя з суседніх парафій і дыяцэзій. Праз Радыё Марыя далучаліся і вернікі з розных мясцовасцяў Беларусі.
У гаміліі Уладыка звярнуў увагу на тое, што сёлетняя ўрачыстасць супадае з двума круглымі датамі з жыцця гэтага святога: 105 гадоў, калі ў 1918 г. у яго з’явіліся першыя стыгматы, і 55 гадоў таму, калі ў 1968 г. ён быў пакліканы ў дом нябеснага Айца.
У сваім пастырскім слове Яго Эксцэленцыя адзначыў, што служэнне паяднання з Богам і Касцёлам, якому прысвяціў сваё жыццё святы Піо, заклікае прызнаць грэх у нашым уласным сэрцы і Касцёле, не апраўдываць памылкі мінулага і зло называць злом: “…Асуджэнне іншых і апраўдванне саміх сябе – гэта вельмі небяспечная форма хрысціянства, якая стварае хлуслівае ўражанне духоўнай чысьціні і дасканаласці. Але мы павінны прызнаць, што Зямля Абяцаная заўсёды наперадзе нас і ніколі ззаду..."
Арцыбіскуп сцвердзіў, што "адзін з пасылаў жыцця і служэння святога Піо - гэта прызнаць свой грэх і пайсці да споведзі, ачысціцца ад яго… Людзі не паміраюць духоўна ад таго, што Хрыстус заклікае іх да святасці, але ад таго, што падпарадкоўваюцца ідэалогіі нігілізму і грахоўнага жыцця. Толькі вера і пакаянне ёсць адзіным шляхам да Збаўлення. Бог даруе нам нашыя правіны, і таму мы не з'яўляемся вязнямі граху".
Абп. Тадэуш Кандрусевіч звярнуў увагу таксама на тое, што "вера заклікае ісці за Хрыстом, а не прымушае Бога бачыць рэчы па-нашаму і выкручваць Яму рукі, змушаючы чыніць тое, што нам падабаецца. Вера, якая вядзе да камфортнага жыцця, не мае нічога супольнага з Езусам і з Евангеллем. Вера – гэта крыж, а не спроба пазбегнуць яго."
Па словах арцыпастыра, прыклад жыцця святога сведчыць аб тым, што чалавек павінен пакорна несці свой крыж, а Бог заўсёды трывае побач: “…Калі гэты крыж нашага жыцця мы возьмем і панясем разам з Езусам, ён стане для нас знакам Збаўлення, бо праз крыж Езус збавіў нас…”
Асаблівую увагу Яго Эксцэленцыя звярнуў таксама на тое, што св. а. Піо быў чалавекам малітвы і сваіх духоўных дзяцей заклікаў да трывалай малітвы і штодзённага ўдзелу ў св. Імшы. Біскуп параўнаў малітву з "паветрам", якое дазваляе душы "дыхаць і жыць".
Іерарх заклікаў вернікаў, каб жыццёвае крэда св. Піо: малітва, праўда і крыж - сталі праграмай іхняга жыцця дзеля іх уласнага збаўлення і збаўлення ўсяго свету.
Пасля благаслаўлення пробашч парафіі бр. Ігар Колзун OFM Cap падзякаваў Яго Эксцэленцыі за прысутнасць і скіраванае слова, таксама падзякаваў тэатральнай групе, хору і службе алтара за актыўны ўдзел і ўпрыгожванне парафіяльнага свята.
Святы айцец Піо, маліся за нас!
Тэкст: Ігар Лапата
Фота: Эрык Савянок, Ірына Фаміна
Больш фота ў альбоме: https://www.facebook.com