Капітул Францішканскага Ордэна Свецкіх 25.04.2023
У супольнасці свецкіх францішканаў, якая існуе пры нашым касцёле, 25 красавіка адбыўся выбарчы Капітул. Праводзіла Капітул Нацыянальная настаяцельніца Францішканскага Ордэна Свецкіх (ФОС) Беларусі с. Марыя Эталь.
Былі выбраны новыя члены Рады і настаяцель, якія наступныя тры гады будуць несці сваё служэнне ў мясцовай супольнасці.
Супольнасць ФОС пры нашым касцёле існуе з 2009 года, але кананічнае заснаванне супольнасці адбылося 4 сакавіка 2021 г.
Францішканскі Ордэн Свецкіх, або трэці ордэн, быў заснаваны св. Францішкам Асізскім 800 год назад, у 1221 г., у Італіі. Згодна з "Правіламі жыцця" 1221 г. да ФОС належаць "браты і сёстры, якія чыняць пакаянне, і, якія жывуць ва ўласных дамах". Што значыць фраза "якія чыняць пакаянне"? Пакаянне перадусім азначае перамену чалавека на лепшае. Калі я не задавальняюся тым, які я цяпер, а несупынна перамяняю свой спосаб мыслення пад уплывам Божага слова і таксама перамяняю сваё жыццё. Гэтая перамена знешне праяўляецца ў пладах - усё больш дасканалых чынах служэння Богу і людзям.
Паводле роду заняткаў і ўзроўню адукацыі свецкі фрацішканін можа быць амаль кім заўгодна: гандляр, прафесар, малаграматная бабуля, прэзідэнт краіны, Папа Рымскі... Да ФОС могуць належаць католікі рознага ўзросту ад 18 год, сямейныя (шлюбаваныя) або самотныя, таксама дыяцэзіяльныя святары. Ордэн прадугледжаны для тых, хто адчувае пакліканне да таго, каб ісці за Хрыстом шляхам св. Францішка Асізскага, але па прычыне абавязкаў і стану не можа ўступіць у манаскую супольнасць.
Сярод свецкіх францішканаў ёсць больш за 60 святых і благаслаўлёных (апякун нашай парафіі св. Казімір, Альжбета Венгерская, Жанна д’Арк), а таксама шматлікія вядомыя людзі (Папа Рымскі Грыгорый IX, Дантэ Аліг’еры, Петрарка, Хрыстафор Калумб, Рэфаэль, Мікеланджэла, Васка да Гама, Луі Пастэр, Ферэнц Ліст і інш.)
У нашыя дні да ФОС належаць 400 000 братоў і сясцёр ва ўсім свеце. Мясцовая парафіяльная супольнасць ФОС налічвае 13 чалавек. Фармацыйныя спатканні праводзяцца раз на месяц. Пасля св. Імшы ў сераду адбываюцца біблійныя сустрэчы з бр. Уладзіславам Мінько, на якія запрашаюцца ўсе жадаючыя. Таксама з пытаннямі можна звярнуцца да настаяцельніцы Ірэны Руткоўскай (тэл. +375295662886).
Тэкст: Кацярына Савянок