Skip to main content

Урачыстасць у Хоўхлаве 11.09.2022

| Падзеі »

11 верасня ў Хоўхлаве адбылася ўрачыстасць з нагоды ўспаміну Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

Святую Імшу ўзначаліў бр. Уладзіслаў Мінько. У набажэнстве бралі ўдзел таксама браты капуцыны Ігар Колзун і Андрэй Жылевіч, міністранты і хор касцёла Св. Піо, шматлікія прыхажане і госці.
“Імя – самае прыемнае і важнае для чалавека слова, – з гэтых слоў пачаў сваё казанне бр. Уладзіслаў. – Да імя заўсёды ставіліся сур’ёзна”. Што ж азначае імя “Марыя”? Імя “Марыя” мае старажытнаяўрэйскае паходжанне, варыянты значэння – “горкая”, “ціхамірная”, “бунтарка”. Марыя з’яўляецца Маці кожнага чалавека, і як любячая Матуля прымае ўсіх з вялікай любоўю. З іменем Марыі звязаны цуды выратавання не толькі асобнага чалавека, але і цэлых народаў. Напрыклад, французскага народу ў час Стогадовай вайны (1337-1453), насельніцтва Еўропы ад асады Асманскай імперыі ў Венскай бітве (12 верасня 1683 г). Менавіта ў памяць аб перамозе над мусульманамі папа Інакенцій XI і пастанавіў адзначаць свята Святога Імя Марыі ва ўсім Касцёле. У літургічным календары рымска-каталіцкай царквы гэта 12 верасня. Імя Марыі здзяйсняе цуды!
Шмат цудаў, звязаных з абразом Маці Божай хоўхлаўскай, арыгінал якога з 1963 года захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі ў Мінску, памятаюць і старажылы Хоўхлава і навакольных вёсак. Не раз у складаных сітуацыях Марыя дапамагала і дапамагае тым, хто да Яе звяртаецца.
Святар заклікаў кожнага з прысутных даверыць свае цяжкасці, планы і мары Найсвяцейшаму Імені Марыі, бо Марыя – прыклад пакоры, любові і дабрыні для кожнага з нас.
Перад заканчэннем Імшы адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту, вернікі разам са святарамі памаліліся Літанію да Найсвяцейшай Панны Марыi.
Пасля святой Імшы адбылася Эўхарыстычная працэсія вакол храма.
Напрыканцы набажэнства прысутныя змаглі атрымаць абразік з выявай Маці Божай з хоўхлаўскага касцёла і малітвай благаслаўлення Найсвяцейшага Імя Марыі.
Закончылася святкаванне гарачай гарбатай і пачастункамі ад мясцовых прыхажан.

Тэкст: Таццяна Шумель

Фота: Мацвей Страх, Кацярына Данько, Амалія Каралькова, а. Андрэй Жылевіч