Skip to main content

Вось жаніх, выходзьце яму насустрач 

Мэтай прыпавесці пра неразумных і мудрых паннаў з’яўляецца абуджэнне ў нас адказнасці за тую хвіліну, у якой мы жывем, каб атрымаць жыццё вечнае. Будучыня залежыць ад таго, што мы робім з нашай свабодай тут і цяпер. Маляўнічы вобраз пра паход паннаў насустрач жаніху паказвае, як неразумныя будуць адкінутыя, і гэты прыклад можа вырваць нас з абыякавасці і ляноты.

Узнікае тут і перасцярога, каб мы, адносячы сябе да хрысціянаў і Касцёла, не разумелі гэтага як аўтаматычнага збаўлення. Не кожны, хто кажа Мне: «Пане, Пане», увойдзе ў Нябеснае Валадарства, але той, хто выконвае волю Айца Майго, які ў нябёсах (Мц 7,21). Спаўненне волі Айца - гэта сыноўская адданасць Богу і любоў іншых як сваіх братоў.

Гэта прыпавесць алегарычная: можам паставіць сябе на месца неразумных паннаў, каб маглі імкнуцца стаць больш мудрымі. Тое, што нас чакае ў будучыні, - гэта Хрыстус-Жаніх, ідзем мы на гэтую сустрэчу праз жыццё, збіраючы аліву, якой ёсць любоў.

 

бр. Юрый Краўчанка

 

  

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Мдр 6, 12–16

Хто шукае мудрасць, той знойдзе яе

Чытанне кнігі Мудрасці Саламона.

Цудоўная і неўвядальная мудрасць.
З лёгкасцю заўважыць яе той, хто любіць яе,
а хто шукае, той знойдзе яе.
Яна спяшаецца да тых, хто яе прагне,
каб першай адкрыцца ім. 
Не стоміцца той, хто дзеля яе ўстае на світанні,  
бо ўбачыць яе, як сядзіць пры ягоных дзвярах.
Думаць пра яе — гэта вяршыня разважлівасці,
і хто чувае з-за яе, хутчэй пазбавіцца клопатаў.
Бо яна сама ходзіць навокал, шукаючы годных яе,
і ласкава адкрываецца ім на шляхах іхніх,
і выходзіць насустрач усялякай іхняй задуме.                                                                                                                              

Гэта слова Божае.

 

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

1 Тэс 4, 13–14

Памерлых у Езусе Бог прывядзе з Ім

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Тэсаланікійцаў

Мы не хочам, браты, пакідаць вас у няведанні пра памерлых, каб не тужылі вы, як і іншыя, хто не мае надзеі. Бо калі мы верым, што Езус памёр і ўваскрос, то і памерлых у Езусе Бог прывядзе з Ім. 

Гэта слова Божае.

 

 ЕВАНГЕЛЛЕ

 
Мц 25, 1–13

Вось жаніх, выходзьце яму насустрач

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус расказаў сваім вучням такую прыпавесць: Валадарства Нябеснае будзе падобнае да дзесяці паннаў, якія, узяўшы свае светачы, выйшлі насустрач жаніху. Пяць з іх было неразумных, а пяць — мудрых. Неразумныя, узяўшы свае светачы, не ўзялі з сабою алею. Мудрыя ж разам са светачамі сваімі ўзялі алей у пасудзіны свае. Калі жаніх спазняўся, то задрамалі ўсе і паснулі. 

Але сярод ночы ўзняўся крык: Вось жаніх, выходзьце яму насустрач. Тады ўсталі ўсе панны гэтыя і прывялі ў парадак светачы свае. Неразумныя ж сказалі мудрым: Дайце нам вашага алею, бо нашыя светачы гаснуць. А мудрыя адказалі: Каб хапіла і вам, і нам, пайдзіце лепш да тых, хто прадае, і купіце сабе. 

Калі ж пайшлі яны купляць, прыйшоў жаніх і тыя, якія былі падрыхтаваныя, увайшлі з ім на вяселле, і зачыніліся дзверы. Пасля прыходзяць і астатнія панны ды кажуць: Пане, пане, адчыні нам. Ён жа сказаў ім у адказ: Сапраўды кажу вам: не ведаю вас. 

Таму чувайце, бо не ведаеце ні дня, ні гадзіны.

Гэта слова Пана.

  Catholic.by

 

Папярэднія каментары можна прагледзець тут: Каментары

 

  • Праглядаў: 1975